Днямі ў Наваполацку супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра арганізацыі “Моладзь БНФ” Аляксея Трубкіна і яго сябра Андрэя Мікалаева.
Увечары 13 ліпеня маладыя людзі гулялі па горадзе, калі да іх падыйшлі міліцыянты і абвінавацілі іх у расклейваньні налепак. Затрыманых Трубкіна й Мікалаева даставілі ў пастарунак, дзе правялі дагляд іх асабістых рэчаў. Ніякіх налепак падчас дагляду не знайшлі.
Супрацоўнікі міліцыі адпусьцілі затрыманых з пастарунку, загадаўшы раніцай наступнага дня зьявіцца ў РУЎС.
14 ліпеня Аляксей Трубкін і Андрэй Мікалаеў наведаліся ва ўпраўленьне ўнутраных справаў. Там зь імі правялі гутарку. Ніякіх пратаколаў на маладых людзей не складалі.
Трэба адзначыць, што наваполацкая міліцыя не ўпершыню практыкуе беспадстаўныя затрыманьні ў дачыненьні да мясцовых актывістаў і, ў прыватнасьці, да Аляксея Трубкіна.
Цэтлікі: затрыманьні, моладзевыя актывісты