Не забірай жыцьцё!
2009 16/07

Перасьлед па моўнай і нацыянальнай прыкмеце ў Жодзіне – працягваецца!? Назіральнікі зьвязваюць гэта з чарговай хваляю перадвыбарчай зачысткі палітычнага поля й барацьбы кіруючага рэжыму з іншадумцамі “па жодзінскім сцэнары”!

Апошнія зьвесткі з гэтага малога, але індустрыяльнага горада Беларусі, што знаходзіцца недалёка на паўднёвы ўсход ад беларускай сталіцы, прымусілі ўзгадаць пра падзеі 2004-2005 гадоў. Менавіта тады, напярэдадні выбарчае кампаніі мясцовыя ўлады сваімі рашэньнямі ад 2004 і 2005 гадоў спачатку разфармавалі адзіную на той час у горадзе гімназычную беларускамоўную клясу, а потым больш чым праз год вымушаныя былі аднавіць ейную працу.

Гэта сталася ў выніку ўпартай барацьбы бацькоў Янкі Лапіцкага за права працягу навучаньня па-беларуску й атрыманьня іхным сынам сярэдняй гімназычнай адукацыі на роднай, беларускай мове.
Да гэтага – цэлы навучальны год і амаль 2 месяцы, беларускамоўны юнак быў пазбаўлены магчымасьці працягваць адукацыю, ён быў вымушаны навучацца самастойна, дома з дапамогаю бацькоў. Пры гэтым, адзьдзел адукацыі не прапанаваў бацькам аніякай падтрымкі: ні належнай навучальнай праграмы, ні адпаведных беларускамоўныя падручнікаў – нічога (!)
А ўжо пасьля аднаўленьня гімназычнага навучаньня, хлопцу фактычна экстэрнам прыйшлося здаваць “спэцыяльныя іспыты” альбо залікі за год самастойнага навучаньня.

ВОСЬ ТАКІЯ ВЫПРАБАВАНЬНІ – ЗА ПРАВА ПРОСТА БЫЦЬ САБОЮ, БЫЦЬ БЕЛАРУСАМ, ВА ЎЛАСНАЙ РОДНАЙ КРАІНЕ – ЖЫЦЬ, ВУЧЫЦЦА …, КАРЫСТАЦЦА НЕАД’ЕМНЫМ ГРАМАДЗЯНСКІМ ПРАВАМ, ГАРАНТАВАНЫМ ДЗЯРЖАВАЮ І АСНОЎНЫМ ЗАКОНАМ КРАІНЫ!

Нягледзячы на гэта, беларускамоўны юнак і ягоныя бацькі ў Жодзіне прайшлі ўсе, зусім неабявязковыя й абсурдныя для цывілізаванага грамадзтва выпрабаваньні. Дзякуючы ўласным перакананьням і натуральнаму імкненьню да сваёй нутранай свабоды, яны вынесьлі ўвесь гэты кашмар, які выпаў на іхную долю ўчасе мэтанакіраванага й плянамернага дыскрымінацыйнага перасьледу.

Янка Лапіцкі тады, у кастрычніку 2005 года, аднавіў заняткі па індывідуальнай беларускамоўнай праграме навучаньня на ўзроўні 4-ай гімназычнае клясы, вельмі пасьпяхова экстэрнам здаў залікі за мінулы год і працягнуў заняткі ў новым, спэцыяльна адведзеным для беларускамоўнага вучня памяшканьні Гімназыі №1 у Жодзіне.
Дарэчы, дадзенае памяшканьне, як сьцьвярджае дырэктар Гімназыі №1 сёньня – чакае Янку і ў гэтым годзе. У сувязі з закрыцьцём праграмы навучаньня, выканкам плянуе выйграць некалькі мільёнаў беларускіх рублёў за кошт скарачэньня “настаўніцкіх гадзінаў” беларускамоўнага выкладаньня, то бок – прыкладна дзьве стаўкі бекларускамоўных настаўнікаў. Дырэктар запэўніў, што ў дадзеным скарачэньні ні Жодзінская Гімназыя, ні ейнае кіраўніцтва – зусім не зацікаўленыя.

Як бы там ні было, аднак адразу пасьля выбарчае кампаніі 2008 году, падчас якой Аляксей Лапіцкі як праваабаронца актыўна зьдзяйсьняў даўгатэрміновае назіраньне, а Сьвятлана Лапіцкая, з-за грубых парушэньняў выбарчае працэдуры* пры фармаваньні Акруговай выбарчай камісыі №66 у Жодзіне, вымушана была спыніць сваё вылучэньне ў якасьці кандыдата ад ПБНФ у парлямэнт Рэспублікі Беларусь – кіраўніцтва Жодзінскага адзьдзелу адукацыі “з спасылкаю на нейкі “таямнічы загад” настойліва прапанавала Аляксею Лапіцкаму адмовіцца ад далейшага гімназычнага навучаньня сына Янкі па-беларуску й пагадзіцца аддаць яго ў Жодзінскую школу-інтэрнат (!?) … Факт – проста фантастычны па ступені цынізма, нахабства альбо абсалютна бездумнай “ідыётакратыі”.
Размова з намесьнікам Жодзінскага ГАА сп. Шульжыкам адбывалася тады ў кабінэце апошняга й праводзілася нават у пратакольным фармаце … (!?)

Выказаная тады Аляксеем Лапіцкім пазыцыя была цьвёрдай і відавочна зразумелай для чыноўніка.
Праваабаронца зазначыў, што падобныя прапановы мясцовае ўлады ў Жодзіне нясуць у сабе непрыхаваную й сыстэматычную дыскрымінацыю па нацыянальнай, моўнай і палітычнай прыкмеце. Яны зьяўляюцца абсалютна неправамернымі …
А высоўваемыя матэрыяльныя абгрунтаваньні ці прэтэнзыі ў памеры 5 млн. BYR штогод** – зьяўляюцца “надуманай і абсалютна неправамернай падставаю для ліквідацыі адзінае ў Жодзіне беларускамоўнае гімназычнае праграмы навучаньня і пазбаўленьня беларускамоўных грамадзянаў гарантаванага ім дзяржаваю Беларусь неад’емнага Канстытуцыйнага права – атрымліваць бясплатную сярэднюю адукацыю ў Беларусі на роднай, дзяржаўнай, беларускай мове”.

З гэтае нагоды ў 2008г., да Янкі ў школу нават прыязжала “прадстаўнічая праверка” – зь юнаком (без прысутнасьці бацькоў) размаўлялі наконт ягоных поглядаў, цікавасьцяў і пажаданьняў … Янка распавёў пра свае інтарэсы, сказаў, што яму вучыцца цікава амаль па ўсіх прадметах … Спадабалася Янке, што размаўлялі зь ім у школе па-беларуску …

Пасьля безапэляцыйных і цьвёрдых заяваў бацькоў – валтузьня вакол закрыцьця беларускамоўнае клясы ў 2008 годзе спынілася. Але, як паказвае час – не надоўга. Напярэдадні новай “грандыёзнай палітычнай эпапеі” 2009-2010 году “нехта” зноў распачынае мэтавую “зачыстку … тэрыторыі”.

І вось ужо 06.07.2009г. ад дырэктара Гімназыі №1, Генадзя Коршуна, бацькі Янкі даведваюцца пра чарговае Рашэньне Жодзінскага выканкаму па адмене мінулых УЛАСНЫХ рашэньняў і чарговым закрыцьці беларускамоўнай гімназычнай клясы ўсё з-за тых жа эканамічных прычынаў і неабходнасьці эканоміі бюджэтных сродкаў. Такая матывацыя ўжывалася чыноўнікамі і ў 2004 годзе.

На прозьбу бацькоў азнаёміцца з дадзеным рашэньнем выканкаму Генадзь Коршун прапанаваў ім на наступны дзень падыйсьці ў школу, але пры сустрэчы 07.07.2009г. высьветлілася, што ў выканкаме кіраўніку Гімназыі  забаранілі паказваць дакумэнт бацькам і сказалі, што пакажуць паперы пасьля звароту апошніх непасрэдна ў выканкам.

Аднак, у Жодзінскім выканкаме ні супрацоўніца арганізацыйнага адзьдзелу, якая зарэгістравала афіцыйны запыт, ні кіраўнік справамі выканкаму Сяргей Конан – так і не змаглі вырашыць дадзенае “складанае” пытаньне самастойна. Яны доўга кансультаваліся паміж сабою, зь нейкім “спэцыялістам” па тэлефоне, але ў выніку адмовіліся нават паказаць узгаданы дакумэнт Аляксею Лапіцкаму для азнаямленьня.

Такім чынам, беларускамоўны юнак у Жодзіне, за свае 13 год жыцьця ўжо двойчы падвяргаўся дыскрымінацыі, пазбаўляючыся права на беларускамоўнае выхаваньне й адукацыю*** у роднае краіне. Бацькам Янкі так і не далі азнаёміцца з тэкстам прынятага ў выканкаме Рашэньня за №928 ад 23.06.2009г., якое наўпрост закранае іхныя жыцьцёва важныя правы й інтарэсы.

З усяго, што назіраецца апошнім часам у краіне пад “дымавой заслонаю” “усходнеэўрапейскіх партнэрскіх спадзяваньняў“ ва ўмовах эканамічнага крызысу ды новых “прагматычных апэтытаў братэрскае Расеі”, можна зрабіць зусім невясёлыя высновы …

На падыходзе – чарговая хваля “выхаваўча-адукацыйнага” ідэалягічна-адміністрацыйнага ўціску на праваабаронцаў, іншадумцаў і любых апанэнтаў дзейснай, так называемай, “беларускай улады”.

І адбываецца гэта напярэдадні новага працяглага выбарчага этапу ў краіне …

У Беларусі (у Жодзіне – асабліва яскрава) назіраеца працяг цынічнай і пакрокавай русыфікацыі, вынішчэньня парэшткаў беларускамоўнай прысутнасьці ў візуальна-вонкавай, інфармацыйнай ды адукацына-выхаваўчай сфэры, якая разглядаецца як важкі пляцдарм для дзейснага аўтарытарна-каманднага рэжыму, на самой справе стратэгічна скіраванага на абслугоўваньне прарасейскіх рэгіянальных інтарэсаў ды славянафільскую ідэйна-культурніцкую экспансыю ў Беларусі.

Калі ж узгадаць фактычную “забарону” правядзеньня ў 2008 годзе штогадовай “Беларускай Ялінкі” на Раство Хрыстова ў Жодзінскай Гімназыі №1 з спасылкаю на калектыўнае рашэньне актыву БРСМ (вечарына замаўлялася для юнакоў 7-8 клясаў), а таксама выказаную немагчымасьць правядзеньня навагодняй дыскатэкі па-беларуску – сапраўды, шмат што становіцца зразумелым.
Выглядае так, што рэжыму патрэбныя “стэрыльныя ўмовы” для “вырабу новага выбарчага электаральнага матэрыялу” й фармаваньня цалкам “правільна сацыялізаваных кадраў” для падтрыманьня будучай устойлівасьці пірамідальнай і ўсё больш дэнацыяналізаванай аўтарытарна-каманднай сыстэмы татальнага кантролю й кіраваньня грамадзтвам.

Тут, на мясцовым роўні, яскрава праглядаюцца ўжо зусім іншыя стратэгічныя мэты дзейнасьці ўлады – дасягненьне замест дэмакратыі стану, так называемай, “кіруемай дэмакратыі” (бутафорсакай і фармальнай па сутнасьці) і, відавочна, замест адраджэньня беларускасьці – гэткай жа “кіруемай беларускасьці” (дэнацыяналізавана-русіфікаванай сьвядомасьці) у Беларусі.
Такім чынам, працяг былога савецкага экспэрымэнту па ўтварэньні “савецкага народу” ў Беларусі сёньня скіроўваецца ў рэчышча фармаваньня асобнага віду народнасьці – гэткага штучнага ўтварэньня кшталту “пост-саветыкус-расейскамовіс” … без аніякай нацыянальнай сьвядомасьці, без гістарычнае памяці й нацыянальна-дзяржаўных пэрпэктываў у выніку.

ПАЖЫВЕМ ПАБАЧЫМ, што з гэтага ЎСЯГО атрымаецца!
А ПАКУЛЬ, БУДЗЬМА ЗМАГАЦЦА
ЗА ПРАВА НА СВАБОДНЫ ВЫБАР У ШЫРОКІМ РАЗУМЕНЬНІ ГЭТАГА СЛОВА: за выбар мовы навучаньня, спосабу мысьленьня, за свабоду думкі й перадачы інфармацыі, мірных сходаў і асацыяцыяў …, за права на рэальны выбар учасе сапраўдных дэмакратычных, справядлівых і празрыстых выбараў у Беларусі.

Тыя, каго завочна і ўсюды называюць “народам”,
НАШ БЕЛАРУСКІ НАРОД – пачынаецца з кожнага асобнага грамадзяніна, які ведае і рэальна зьдзяйсьняе сваё КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ ПРАВА. Толькі праяўляемае праз уласныя правы й свабоды грамадзтва, грамадзянская супольнасьць актыўных і свабодных індывідаў, якая рэальна кантралюе чыноўнікаў ва ўладзе праз дзейсныя, дакладна прапісаныя й празрыстыя дэмакратычныя працэдуры можна назваць цывілізаванай нацыяй, зрабіўшай выбар накарысьць дэмакратыі, стабільнага разьвіцьця й прагрэсу ва ўласнай незалежнай дзяржаве.

Там, дзе няма гэтых дакладных працэдураў дэмакратыі – там ёсьць кланава-намэнклятурная ўзурпацыя ўлады й ідэалягічная замова на падаўленьне любой грамадзянскай ініцыятывы й актыўнасьці, правоў і свабодаў у грамадзтве і асноўнага для грамадзтва права – права на свабодны выбар …

Там дзе няма дэмакратыі – там карупцыя, злоўжываньні службовым станам, уладаю. Там – перасьлед і рэпрэсыі. Там няма выбару й ня можа быць дабрабыту. Бо дабрабыт – гэта ня проста агульнае “глыбокае намэнклятурнае карыта” і тое, што вакол яго робіцца …
Дабрабыт – гэта адсутнасьць любога карыта і “атупелага намэнклятурна-бюракратычнага сьвінства вакол яго” навогул.
Дабрабыт ня можа ўзьнікнуць там, дзе няма культуры адносінаў улады і грамадзтва, дзе адсутнічаюць дзяржаўныя гарантыі выкананьня гамадзянскіх і эканамічных правоў і … там, дзе не рэалізаваная на практыцы права на выбар і перавыбар …

А ці можа быць дабрабыт там, дзе ёсьць толькі бутафорыя й падман, непавага да ўласнага народу, да нацыянальных сьвятыняў, культуры, гісторыі, мовы, дзяржаўнай незалежнасьці й дэмакратыі … !?

АСЭНСАВАНЬНЕ ГЭТАГА ДАЗВОЛІЦЬ НАМ СТАЦЬ БЛІЖЭЙ НЕ ДА ПРАЎЛАДНАГА КАРЫТА … А ДА ІСТЫНЫ – ДА САМІХ СЯБЕ Й СВАЙГО МЕСЦА Ў ГРАМАДЗТВЕ, НАВУЧЫЦЦА ПАВАЖАЦЬ СЯБЕ, АДЧУЦЬ АДКАЗНАСЬЦЬ ЗА ЎЛАСНЫХ ДЗЯЦЕЙ, ЗА ІХНУЮ БУДУЧЫНЮ, ЗА КРАІНУ!

БУДЗЬМА РАЗАМ!
БУДЗЬМА НАРОДАМ!
І МЫ – ПЕРАМОЖАМ!

12.07.2009, Алесь Вольны,
Жодзіна, Licviny-INFA.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>