2009 22/07

Франак ВячоркаЗа апошні час афіцэры вайсковае часткі як мінімум шэсьць разоў паграджалі Франаку Вячорку ўзбуджэньнем той ці іншай крымінальнай справы. Прычыны для гэтага называліся розныя – нібыта знойдзены ў ягоных рэчах мабільны тэлефон, непадпарадкаваньне загаду, сымуляцыя абсалютна рэальнай хваробы, вядзеньне інтэрнэт-дзёньніку. Чарговай зачэпкаю стала беларускамоўнасьць шэрагоўца Вячоркі. (далей – правапіс першакрыніцы)

Вінцук Вячорка заяўляе, што яго сына падвяргаюць свядомаму маральна-псіхалагічнаму тэрору, ствараючы невыносную атмасферу для чалавека, які ў прынцыпе нармальна нясе службу.

Са словаў сп. Вячорка, літаральна цягам апошняга месяца рэзка пагоршылася маральна-псіхалагічная сітуацыя вакол Франака, які служыць у частцы вайскова-паветраных сілаў у Мазыры. Прычым адной з акалічнасцяў, з нагоды якіх адбываецца маральны тэрор, раптоўна стала беларуская мова.

- Вайсковы псіхолаг часткі, ён жа штатны дазнавальнік, старэйшы лейтэнант Дзяніс Казак пачаў патрабаваць ад Франака дубляваць каманды і адказваць на іх па-расейску. То бок замест “зважай” казаць выключна “смирно”. Пры гэтым і ён, і прапаршчык Піскун, і ншыя прапаршчыкі пачалі ўжываць у дачыненні да нашай мовы розныя абразлівыя азначэнні: “говори нормально”, “говори на нормальном языке”. Зразумела, гэта абраза нацыянальнай годнасці і прамое парушэнне канстытуцыйных правоў майго сына і любога беларускамоўнага чалавека. Любы пачываўся б абражаным у такой сітуацыі.

Прэтэнзіі наконт беларускамоўнасці да Франака кіраўніцтва вайсковай часткі фармулюе ў форме загадаў. Яму загадваюць адказваць па-расейску і ўжываць русізмы. Такім чынам, старэйшы лейтэнант Казак пры падтрымцы намесніка камандзіра часткі па ідэалогіі Уладзіміра Ігнаціка пагражаюць Франаку крымінальным пераследам за нібыта непадпарадкаванне і невыкананне загадаў.

Каб прынізіць годнасць беларускамоўнага салдата, скарыстоўваецца любая магчымасць. Калі раней не было ніякіх праблемаў з тым, што Франак аддаваў перавагу адзінай у рэпертуары гэтай вайсковай часткі беларускай шыхтавой песні, то цяпер афіцэры ізноў жа загадамі патрабуюць, каб хлопец спяваў песні расейскія.

В. Вячорка распавёў пра беспрэцэдэнтны выпадак, які сведчыць пра поўную адсутнасць і прававой свядомасці і агульнай культуры ў афіцэраў гэтай вайсковай часткі. 21ліпеня яны пашыхтавалі батальён з некалькіх дзесяткаў салдатаў, якія спявалі расейскую песню. А на адлегласці ў 20 метраў ад іх асобна паставілі аднаго шэрагоўца Франака Вячорку, які спяваў песню беларускую.

- Інакш як апартэідам я гэта назваць не магу. Гэта ёсць прыніжэнне, дэманстрацыя таго, што ён ёсць адзін беларускамоўны, падкрэсліванне яго непаўнавартаснасці. Такія рэчы, на маю думку, павінны проста карацца. Я дзіўлюся беларускаму міністэрству абароны, якое ў беларускім войску дапускае такое цкаванне беларускамоўных людзей і беларускай мовы, – абураецца Вінцук Вячорка.

Але гэта не адзіная сітуацыя, якая выклікае трывогу ў бацькоў Франака. Хлопец мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Да прызыву ў войска цывільныя лекары пацвердзілі дыягназ “артэрыяльная гіпертэнзія другой ступені”. У Франака вельмі высокі ціск, і гэты дыягназ у яго з 15 гадоў. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва вайсковай часткі вырашыла, што ён сімулюе хваробу.

У сувязі з гэтым ў частку наведаўся контрвыведнік КДБ у чыне падпалкоўніка, які праводзіў апытанне сярод салдатаў і сяржантаў наконт таго, ці ні сімулюе Франак павышэнне артэрыяльнага ціску. З падачы старэйшага лейтэнанта Казака ў частку прынеслі відэакамеру, на якую здымалі ператрус тумбачкі Франака. Там знайшлі нумары газеты “Народная воля” і некалькіі пакецікаў распушчальнай кавы. Гэтыя “знаходкі” былі прыпаднесеныя як забароненыя.

- Размахваючы пакецікамі кавы, афіцэры пыталіся ў прысутных, падрыхтаваных загадзя, сяржантаў, ці п’е Франак каву, каб павысіць ціск. Сяржанты пацвердзілі, што так, п’е і сімулюе, – распавёў В.Вячорка. – Гэта тыя сяржанты, якія павінны былі ісці на дэмабалізацыю і якіх папярэдзілі, што яны павінны сказаць пра Франака штосьці, каб атрымаць добрую характарыстыку на кантракт альбо, скажам, у Бабруйскі АМАП. Адразу зазначу, што сама па сабе кава не можа быць сродкам сімуляцыі ціску. Але на людзей, якія маюць спазмы сасудаў, яна добратворна дзейнічае, здымаючы галаўны боль. Менавіта таму яе і п’е Франак. Да таго ж, ні лекарам, ні вайсковым статутам каву піць не забаронена.

Вінцук Вячорка лічыць, што такімі дзеяннямі, аказваючы ціск на яго сына, кіраўніцтва вайсковай часткі выконвае канкрэтны загад.

- Я бачу ў гэтым канкрэтны загад, чыёсьці канкрэтнае распараджэнне, мэта якога – дэмаралізаваць чалавека, а, ведаючы пра яго хваробы (бо гіпертонікі схільныя да стрэсаў), яшчэ і пагоршыць стан яго здароўя, – адзначыў сп. Вячорка.

Паводле sprin96.org,

Алесь ЛЕТА

One thought on “Вайскоўцы не спыняюцца ў пошуках падставаў для крымінальнага перасьледу Франака Вячоркі”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>