Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў Асамблея НДА правяла прамежкавы маніторынг выкананьня беларускімі ўладамі прапановаў ЭЗ у сфэры свабоды асацыяцыяў. Назіраньне вялося ў пэрыяд інтэнсыфікацыі стасункаў афіцыйнага Менску з краінамі Эўрапейскага Зьвязу (25.03.2009 – 24.06.2009). (далей – правапіс першакрыніцы)
Складальнікі агляду мяркуюць, што ў параўнаньні з аналягічнымі пэрыядамі папярэдніх гадоў НДА стала дзейнічаць складаней.
Пра няшчырасьць намераў уладаў нармалізаваць сытуацыю са структурамі трэцяга сэктару сьведчаць як сыстэмныя адмовы ў рэгістрацыі вядомым арганізацыям з боку Мінюста, так і заплянаваныя парлямэнтарамі зьмены ў законах, рэгулюючых дзейнасьць НДА.
У маніторынгу пералічаныя рэпрэсіўныя практыкі ўладаў, зьвязаныя з ужываньнем арт. 193-1 КК, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Беларускі бок ігнаруе рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН, што таксама аналізуецца складальнікамі дакумэнта. У якасьці ілюстрацыі нежаданьня ўладаў выконваць свае абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека прыводзіцца прыклад са скасаваньнем рэгістрацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Азнаёміцца з поўнай вэрсіяй дакумэнта можна тут.
Паводле разсылкі belngo.org
Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info