2009 07/08

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавеку, вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі характарызуе сытуацыю з правабаронцамі ў Беларусі за апошнія гады.

– Спадар Алесь, з моманту ліквідацыі праваабарончага цэнтру “Вясна” ў 2003 годзе прайшло шэсьць год. Ці зьмянілася кардынальна за гэты час у Беларусі  стаўленьне да праваабаронцаў з боку афіцыйных уладаў? (далей – правапіс першакрыніцы)

– Сітуацыя ніякім чынам не зьмянілася. Увесь гэты час беларускія ўлады ставіліся да праваабаронцаў як да нейкай варожай групоўкі ў дачыненьні да сябе і фактычныя прыклады гэта яскрава падцвярджаюць. Мы за гэты перыяд не ўбачылі аніводнай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыі, хаця спробаў падачы дакументаў было дастаткова. Толькі праваабарончы цэнтр “Вясна” тройчы спрабаваў атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю. У той жа час не спыняецца грубы прэсінг з боку дзяржавы на асобных праваабаронцаў, неаднаразова разгортваліся кампаніі па іх дыскрэдытацыі, па прыцягненьні іх да фінансавай адказнасьці, — падаткавая інспекцыя ды і іншыя кантрольныя органы вывучалі фінансавыя біяграфіі праваабаронцаў.  Супраць праваабаронцаў, якія спрабуюць маніторыць тыя ці іншыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, таксама вельмі актыўна выкарыстоўваецца прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці. А апошні год прынёс яшчэ й выпадкі крымінальнага пераследу. Маю на ўвазе тыя крымінальныя справы, што былі ўзбуджаныя супраць Яны Паляковай з Салігорску і супраць Леаніда Сьвеціка з Віцебску.

Такім чынам, жыцьцё беларускіх праваабаронцаў застаецца па-ранейшаму даволі неспакойным, а дзяржава, на жаль, у большасьці выпадкаў успрымае аб’ектыўную крытыку, з якой выступаюць праваабаронцы, нервова і часта рэагуе неадэкватным чынам.

Між тым хачу нагадаць, што ў 1998 годзе на агульным паседжаньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый была прынятая Дэкларацыя аб праваабаронцах і Рэспубліка Беларусь таксама брала ўдзел у абмеркаваньні і прыняцьці гэтага дакумента, адзін з пунктаў якога дэкларуе, што кожны чалавек ці індывідуальна, ці разам з іншымі, мае права крытыкаваць дзеяньні ўладаў, калі палічыць, што парушаюцца правы чалавека.

- У сувязі з тым, што ў апошні час Беларусь выразна імкнецца ў бок еўрапейскай супольнасьці, а ў верасьні будуць агучаны  пэўныя высновы Еўразвязу,  ці можна ў гэтых стасунках прагназаваць нейкае паляпшэньне стаўленьня з боку дзяржавы да праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у Беларусі?

- Гэтае імкненьне да еўрапейскай супольнасьці, насамрэч, вельмі спецыфічнае. Яго нельга расцэньваць як шчырае жаданьне да паўнамасштабнага супрацоўніцтва, якое  выразна праяўляецца ў многіх краінах з падобным пераходным ладам. Магу прыгадаць Сербію, Боснію і Герцагавіну, Харватыю, найперш гэтыя балканскія краіны, якія сапраўды шчыльна працуюць з Еўразвязам,  маючы на ўвазе ў перспектыве ўступленьне ў Еўразьвяз. Самы апошні прыклад такога супрацоўніцтва: у дачыненьні да Сербіі і Македоніі было прынятае рашэньне аб  адмене візаў і цяпер грамадзяне гэтых краін бесперашкодна могуць наведваць краіны Еўразьвязу. Беларускія ж улады ніколі не ставілі для сябе мэту далучыцца да Еўрапейскага Зьвязу ў поўным аб’ёме, аднак у той жа час яны хацелі б атрымаць нейкія эканамічныя дывідэнты ад такога вось суседства, развіваючы менавіта эканамічнае супрацоўніцтва. Тут усё ўпіраецца, як мне падаецца, у непераадольны бар’ер, якім ёсьць нежаданьне уладаў адпаведным чынам рэагаваць на крытыку той грамадска-палітычнай сітуацыі, тых татальных парушэньняў правоў чалавека, якія абапіраючыся на псеўдазаконную заканадаўчую сістэму, створаныя за апошнія 10-15 гадоў беларускім рэжымам.

Праваабаронцы гавораць пра гэтую сітуацыю адкрыта і жадаюць давесьці да грамадзян Беларусі тую думку, што нармальнае эканамічна узаемавыгаднае супрацоўніцтва Беларусі з Еўразвязам  можа мець месца толькі пры паляпшэньні сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратычнымі рэформамі і выбарчым працэсам. Інакш не будзе еўрапейская супольнасьць супрацоўнічаць з краінай, улады якой масава фальсіфікуюць выбары, і дзякуючы гэтым фальсіфікацыям трымаюцца незаконна. Не будзе Еўразьвяз цалкам давяраць ураду, які закрывае вочы, альбо бярэ ўдзел у рэпрэсіях супраць палітычных апанентаў. Тое ж самае тычыцца і рэгістрацыі няўрадавых арганізацый. Тут бачна, што пазіцыя ўладаў застаецца  практычна нязменнай і шэраг няўрадавых арганізацый, палітычный партый, проста не маюць магчымасьці спраўдзіць свае канстытуцыйныя правы, атрымаць рэгістрацыю і працаваць у законным рэчышчы.

- Ці ёсць у Вас спадзяваньні на апошнюю інстанцыю – Вярхоўны Суд, які 10 жніўня пачне разгляд скаргі на чарговую адмову ў рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна” Мінюстам?

Мінюст адмаўляе грамадскаму праваабарончаму аб’яднаньню “Наша Вясна” ў трэці раз на працягу апошніх двух год, а сітуацыя на сёньня складваецца такім чынам, што інтарэсы Мінюста ў Вярхоўным Судзе даручана прадстаўляць Аляксандру Харытону, які вызначыўся закрыцьцём не аднаго дзесятка няўрадавых арганізацый. Апроч таго, днямі не была выдадзеная беларуская віза Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека спадарыні Сухайр Белхассэн і гэта пакідае нейкі трывожны сьлед. І сапраўды, ёсьць адчуваньне, што правабаронцы ізноў могуць застацца без рэгістрацыі.  З іншага боку, мы заявілі, што спыняем вось гэтую безсэнсоўную гульню з уладамі і гэта будзе нашая апошняя спроба зарэгістравацца. Далей мы будзем працаваць проста без рэгістрацыі і такім чынам улады няхай самі думаюць, які ім вырашаць гэтую праблему.

Нагадаю яшчэ, што пытаньне рэгістрацыі “Нашай Вясны”, – менавіта такім чынам  зьмянілася ранейшая назва  праваабарончага цэнтра “Вясна” згодна з  патрабаваньнямі беларускага заканадаўства, –  падымалася на ўзроўні Еўрапейскага Зьвязу. Нядаўна, напрыклад, рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы нагадала, што нерэгістрацыя “Нашай Вясны” з’яўляецца адным з пунктаў, які неабходна вырашыць для паляпшэньня адносінаў паміж Беларуссю і еўрапейскай супольнасьцю. І вельмі важна, калі гэтае пытаньне ставіцца як адно з рамачных, таму цяпер улады павінны нейкім чынам адэкватна адрэагаваць. У выпадку далейшага ігнараваньня дзяржавай законных правоў праваабаронцаў на рэгістрацыю – маўчаць мы не намерваемся і будзем надалей гучна гаварыць пра праблемы са свабодай асацыяцый у Беларусі на ўсіх магчымых узроўнях.

Крыніца: www.spring96.org

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>