2009 12/08

Za kratami

Распачаты 10 жніўня судовы працэс не скончыўся 11 жніўня, як меркавалася раней. На другі дзень паседжаньня, дагэтуль не праяўляўшая актыўнасьці прадстаўніца пракуратуры Кастакава, папрасіла Вярхоўны суд адмовіць у задавальненьні скаргі заснавальнікаў аб’яднаньня.

«Ейнае меркаваньне аб адмове ў задавальненьні скаргі грунтуецца на тым, што чатыры чалавекі падалі нібыта недакладныя зьвесткі аб сваіх адрэсах і месцы працы, — адзначыў праваабронца Валянцін Стэфановіч. — У прыватнасці, адзін чалавек напісаў, што працуе выхавальнікам «у сэкцыі», у той час калі трэба было напісаць «у групе»…

Яшчэ адна заснавальніца напісала скарочаную назву навучальнай установы, у якой яна працуе; на думку Мін’юсту, трэба было паказваць поўную. І такія дробязі могуць стацца прычынамі адмовы ў задавальненьні скаргі».

Рашэньне Вярхоўнага суда Беларусі па скарзе заснавальнікаў грамадзкай праваабарончай арганізацыі «Наша Вясна» на адмову ў рэгістрацыі будзе абвешчанае 12 жніўня а 14-30.

Па словах Стэфановіча, пракурор заявіла, што прэтэнзіі Мінюста да назвы арганізацыі, яе статута і да таго, што заснавальнікі «Нашай Вясны» прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, не зьяўляюцца прычынамі для адмовы ў рэгістрацыі.

«Хутчэй за ўсё, пасля выступу пракурора нам адмовяць у рэгістрацыі», — выказаў меркаваньне Стэфановіч.

Мін’юст ужо тройчы адмаўляў праваабарончаму аб’яднанню ў рэгістрацыі.

Сваё меркаваньне наконт пазыцыяў бакоў выказаў нам і прысутны на працэсе праваабронца з Жодзіна, адзін з сузаснавальнікаў ГПА “Наша Вясна”, Аляксей Лапіцкі.

– Назіраньне за працэсам нарадзілі далі шмат глебы для разважаньняў. Уразіла відавочна заангажаваная й пасякнутая нейкай вайскова-паліцэйскай ці постсавецкай ідэалёгіяй, скіраванай не на спрыяньне суб’ектам права ў рэалізацыі іхнага права, а на супрацьдзеяньне ў рэалізацыі гэтага права. Падобная канфрантацыйна-забараняльная скіраванасьць у дзеяньнях Мін’юсту супярэчыць духу адпаведнага Закона, ягонай тэлеалягічнай мэце, якая палягае ў імплемэнтацыі міжнароднага й канстытуцыйнага стандарту права ў нацыянальную практыку праз спрыяньне дзяржаваю ў рэалізацыі грамадзянамі іхных неад’емных правоў і свабодаў, у нашым выпадку – у рэалізацыі права на асацыяцыю.

Дзейсны спэцыялізаваны Закон дае такую магчымасьць, бо ён прадстаўляе Мін’юсту ўсе магчымасьці для кваліфікаванага садзеяньня ў спрашчэньні працэдуры рэгістрацыі НДА. Любыя памылковыя недахопы ў сьпісах (асабліва калі яны ўтрымліваюць, як у “Нашай Вясны”, зьвесткі аб 71 сузаснавальніках), іншыя ненаўмысныя недахопы ў адведзены для праверкі дакумэнтаў час могуць быць выпраўленыя. Для гэтага законам прадугледжваецца такая магчымасьць.

Аднак, калі “праблемы”, падобныя тым, што абраныя Мін’юстам сёньня ў якасьці матыву для абгрунтаваньня нерэгістрацыі “Нашай Вясны”, ужо ў 3 раз выносяцца ў залю Вярхоўнага Суда Беларусі, а не вырашаюцца на СТАДЫІ ДАПРАЦОЎКІ ДАКУМЭНТАЎ І ВЫПРАЎЛЕНЬНЯ НЕДАХОПАЎ (для гэтага сапраўды спатрэбілась бы 5 хвілінаў) – дык можна казаць ужо не проста аб КАРДЫНАЛЬНЫМ І ГРУБЫМ адыходзе Мін’юсту ад практыкі спрыяньня й садзеньня грамадзянам у раэлізацыі іхных правоў і свабодаў, а аб сьвядомых перашкодах у рэалізацыі права на свабоду асацыяцыяў, забароне рэгістрацыі па фармальных і абсалютна не зьвязаных з катэгорыяй права прыватна-каштоўнасных ці іншых ідэалягічна абумоўленых прыкметах.

Такім чынам, маючы паўнамоцтвы й функцыі рэгістрацыі, дзяржаўны суб’ект права, інстытуцыя ўлады, МІн’юст, на практыцы займае абсалютна неправавуюй, відавочна дыскрымінацыйную пазыцыю, якая супярэчыць, як духу дзейснага спэцыялізаванага закона й сутнасьці нормаў Канстытуцыі, гэтак і міжнародным стандартам права, падпісаным Беларусьсю міжнародным абавязальніцтвам у гэтае сфэры.

Сапраўды, падобная актыўнасьць Мін’юсту груба парушае права й супярэчыць лёгіцы міжнародных абавязальніцтваў Беларусі, замацаваных адносна дзяржаўных гарантыяў для грамадзянаў у галіне права на свабоду асацыяцыяў, выкладзенага ў арт. 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Пазыцыя, якую даводзілася чуць у зале судовага паседжаньня Вярхоўнага Суда Беларусі ад прадстаўніка Мін’юсту сп. Харытона, нагадвае пазыцыю “пакрыўджанага на сузаснавальнікаў” чыноўніка, ад якога шмат што залежыць, але які нават не хавае сваіх антыпатыяў да сузаснавальнікаў і адкрыта дэманструе сваё асабістае нежаданьне рэгістраваць заяўленае грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне (!). Часам, ягоная праўная аргумэнтацыя спыняецца на ХАРАКТЭРНЫМ для сп. Харытона выказваньні, – “а мы так палічылі”, нам так захацелася …; вы – “не праваабронцы, а правапарушальнікі”, бо шмат каго з вас у Беларусі затрымлівалі й штрафавалі, напрыклад, за свабодны распаўсюд “Дэклярацыі аб правах чалавека” (!?) …

Факт ігнараваньня высноваў КПЧ ААН па нерэгістрацыі ПЦ “Вясна”, разгляд дазенага дакумэнту неабавязковым для суб’ектаў улады ў Беларусі (таго ж Мін’юсту, судовых інстытуцыяў …) ёсьць яскравым ДОКАЗАМ ТАГО, што дзейсная ў Беларусі сыстэма ўлады груба, абсалютна безпадстаўна й неправамерна абмяжоўвае асноўныя правы й свабоды грамадзянаў. Падобная сыстэма ня можа самаўдасканальвацца, бо ня мае эфэктыўнае адваротнае сувязі й незалежнае галіны судовае ўлады, якая мусіць стаяць на варце КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ПРАВА Ў КРАІНЕ. Яна знаходзіцца па-за межамі праўнага поля й кіруецца прымітыўным ідэалягічна-камандным матывам, а не духам закону і агульнапрызнанымі міжнароднымі стандартамі прва.

Усё гэта чарговы раз прымушае зрабіць зусім несуцяшальную, сумную выснову – Беларусі далёка да ідэалаў прававой дзяржавы. Рэалізацыя Канстытуцыйнага права ў Беларусі – пад пастаяннай і сыстэматычнай пагрозаю. Адказныя чыноўнікі дзяржапарату тут – паказальна-дэманстратыўныя экспанаты постсавецкай ідэалягічна-намэнклятурнай загартоўкі, якія ўскладаюць сваё разуменьне права, “прынцыпаў савецкай дэмакратыі” ці “адметнасьцяў савецкага народу” на плечы ўсяго беларускага грамадзтва.

Ці здольны нехта з прафэсыяналаў права пры сёньняшняе ўладзе сказаць сваё важкае слова, на нешта асэнсавана й станоўча паўплываць, нешта зьмяніць у гэтай “праўнай эўрапейскай пустэльні” – пакажа час! Пажадана, канешне б – бліжэйшы. Але, мала верагодна, што нехта ўрэшце тут ПРАЧНЕЦЦА …

Фотарэпартаж і фота з Вярхоўнаг Суда Беларусі, Аляксея Лапіцкага (г.Жодзіна).

sp. Haryton (Min`just)

Алесь Вольны,
ПРАЎНЫ ПАРТАЛ,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>