У Камітэт па Правах Чалавеку Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (далей КПЧ ААН) пададзена заява з Жодзіна пацярпелага ад адміністратыўнага перасьледу А.А. Камароўскага.
Пасьля нематываванай забароны ўладамі замоўленага на 23.03.2008г. мітынгу ў Жодзіне і фактычнай адмены арганізатарамі пачаткова плянуемага імі масавага мерапрыемства, апошнія разам з аднадумцамі мірна сустрэліся на адзначаным месцы (на канцэртным пляцы ля ўваходу ў Гарадзкі парк у Жодзіне) і невялікай групаю аднадумцаў прайшлі да абэліску памяці “Героі жывуць вечна”, дзе з ускладаньнем кветак і была імправізавана праведзена сьвяточна-ўрачыстая паніхіда памяці замагарам-героям, што загінулі ў баях за свабоду Беларусі.
Пасьля ўскладаньня кветак …, міліцыянты атрымалі загад і затрымалі арганізатараў неадбыўшагася мітынгу.
У выніку судовых прысудаў (судзьдзя Трацюк, Жодзінскі суд) А.А. Камроўскі, вэтэран вайны ў Афганістане, чалавек дастаткова сталага ўзросту, актывіст вэтэранскай арганізацыі інвалідаў вайны ў Афганістане … правёў у дзікунскі зьняважлівых умовах камэры часовага ўтрыманьня Жодзінскага ГАЎС (стары будынак) сем сутак арышту.
Па сапраўднаму зьбянтэжыла, што за падобную мірную грамадзянскую працэдуру, якая незабаронена дзейсным заканадаўствам і не прадугледжвае аніякіх папярэдніх запытаў у выканкаме, грамадзяне (жыхары Жодзіна) атрымалі такое пакараньне, якое па цяжкасьці ў міжнароднай практыцы прыраўніваецца да мераў крымінальнага ўзьдзеяньня.
Відавочна, што прасіць дазволу прыйсьці да могілкі альбо да абэліску памяці з кветкамі ў руках і рытуалам грамадзянскае паніхіды …(шанаваньня памяці памерлых ці ваяроў-герояў, абаронцаў Айчыны …) – ні ў выканкаму, ні ў каго іншага …проста не патрабуецца. Таму дадзеная пастаноўка пытаньня – сама па сабе вартая занясеньня ў спэцыяльную ЧОРНУЮ КНІГУ “рэкорадаў” (і ўжо відавочна не “Гінэсу”!), якая стане ПОМНІКАМ паліцэйскага бязьмежжа дый захалусна-правінцыйнай (а не Эўрапейскай) “законнасьці” у сучаснае БЕЛАРУСІ.
Гэткага, паказальнага зьдзеку з правоў чалавека – у сучасным цывілізаваным сьвеце – проста не йснуе. А можа практыкавацца, верагодна, адзінае што – толькі ў РЭЖЫМНЫХ ЗОНАХ …
Разам адбывалі пакараньне сузаяўляльнікі масавага мерапрыемства: Павал Красоўскі (МФ), Юрась Жылка й Юрась Сілкін (АГП).
У скарзе А.А. Камароўскага, якую дапамагалі аформіць і адправіць праваабаронцы з Жодзіна, зьвяртаецца ўвага Камітэту па правах чалавека ААН на поўнае ігнараваньне Рэспублікай Беларусь, ейнымі ўладамі й суб’ектамі права, дамоўных абавязальніцтваў, якія краіна мусіць безумоўна выконваць у галіне Правоў Чалавека, згодна зь дзейснымі агульнапрызнанымі прынцыпамі й нормамі міжнароднага права, дакладна й ясна адлюстраванымі ў Канстытуцыі РБ.
Алесь Вольны,
Licviny-INFА,
Жодзіна.
2 thoughts on “У КПЧ ААН пададзена заява з Жодзіна …”