2009 17/08
Янка, пасьля выпіскі зь лякарні 14.08.2009

Янка, пасьля выпіскі зь лякарні 14.08.2009

Бацькі Янкі Лапіцкага з Жодзіна вырашылі не чакаць адказу зь мясцовага выканкаму (гл. матэрыял тут), які можа быць атрыманы імі ў самы апошні тэрмін (праз месяц з моманту падачы заявы), да 24.08.2009г. ці ўжо непасрэдна перад пачаткам навучальнага году. Яны хвалююцца … Хвалюецца й сам юнак, які нядаўна выпісаны зь лякарні … Першае пра што ён спытаў тату было: “А што там чутна з МАІМ навучаньнем, зь Гімназыяй?” … …

Сапраўды кажучы”, – адзначае Сьвятлана Лапіцкая, – “адпачыць спакойна летам не ўдалося. Проста – не далі. Па сапраўднаму напружвае не “сьвінячы грып”, а сьвінячыя адносіны да грамадзянаў ува ўласнай краіне, да роднай мовы, да ўласнай нацыянальнай годнасьці … – да ўсяго беларускага.”

Дык ці пачнецца навучальны год для Янкі Лапіцкага ў Жодзіне сваечасова!?
Дадзенае пытаньне, як бачна, не пакідае ў спакоі найперш самаго беларускамоўнага вучня ды ягоных бацькоў.

Як жа прасоўваюцца справы па вырашэньні дадзенае, абсалютна штучна ўтворанае мясцовымі чыноўнікамі, праблемы?

Як стала вядома, 17.08.2009г. адбылася тэлефонная размова Аляксея Лапіцкага з прадстаўніком кіраўніцтва Міністэрства Адукацыі, Аляксандрам Трафімчуком. Бацька Янкі распавёў пра сутнасьць зноў паўстаўшай у Жодзіне праблемы з працягам беларускамоўнага навучаньня Янкі ў Гімназыі №1, выказаў свае думкі і абурэньне дзеяньнямі чыноўнікаў, якія гатовыя бездумна выконваць любыя загады, нават шляхам парушэньня неад’емных правоў і свабодаў грамадзянаў і дзейснага ў краіне Канстытуцыйнага права. Ён таксама ўдакладніў актуальныя кантакты і тэлефоны адказных асобаў.

Сьвятлана Лапіцкая, 16.08.09, Жодзіна

Сьвятлана Лапіцкая, 16.08.09, Жодзіна

Даведаўшысь пра сутнасьць і абставіны “Жодзінскае справы” з вуснаў Аляксея Лапіцкага, пра апошнія захады й спробы бацькоў Янкі атрымаць матываваны адказ з Жодзінскага выканкаму, прадстаўнік кіраўніцтва Мінадукацыі, параіў зьвярнуцца ў Галоўнае Ўпраўленьне адукацыі Менааблвыканкаму. Ён выказаў меркаваньне, што на гэтым узроўні праблема можа быць вырашана й заяўнікам ужо не прыйдзецца зьвяртацца вышэй у Міністэрства адукацыі.

У гэты ж дзень, 17.08.2009г. Аляксей Лапіцкі адправіў праз факсымільную сувязь і поштаю афіцыйны ліст да кіраўніцы Галоўнага Ўпраўленьня Адукацыі па Менскай вобласьці, сп. Таісы Данілевіч. Да звароту былі далучана копія актуальнай заявы ў Жодзінскі выканкам і даведка аб нядаўняй апошняй шпіталізацыі Янкі …

Аляксей Лапіцкі паведаміў, што ён у афіцыйным звароце “палічыў неабходным зьвярнуць увагу чыноўнікаў Мінадукацыі на дыскрымінацыйны зьмест і недапушчальнасьць, абуральнасьць падобных дзеяньняў, парушэньне Канстытуцыйных правоў і свабодаў, заканадаўства і дзейсных Праграмных дакумэнтаў Мінадукацыі, а таксама – самой лёгікі разьвіцьця практыкі беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі.

Падаецца, што “нехта такім чынам спрабуе наўмысна ўзмацніць існуючую ў лякальнай супольнасьці няўпэўненасьць бацькоў у магчымасьці дзяржавы прадставіць ім рэальныя й дзейсныя канстытуцыйныя гарантыі чакаемай імі стабільнасьці, прыярытэтнасьці й эфэктыўнасьці для навучаньня іхных дзяцей у беларускамоўных групках і клясах*”, – у прыватнасьці, адзначае праваабаронца ў сваім сумесным з Сьвятланай Лапіцкай звароце.

“Бацькі й дзеці даўно чакаюць ад дзяржавы, ейнага кіраўніцтва сапраўднай павагі да іхных чаканьняў і інтарэсаў, рэальных практычных захадаў па забесьпячэньні гарантыяў стабільнасьці, прыярытэтнасьці й падтрымкі для роднай мовы ў адукацыйнае сфэры – на ўсіх узроўнях выхаваўча-адукацыйнага працэсу – ад пачатку і да канца …”, – адзначаюць заяўнікі.

– Замест гэтага тут назіраецца нібы поўны сабатаж і сапраўднае шкодніцтва … Адказных жа за падобную практыку дыскрэдытацыі роднай мовы ў абставінах ганебнага “аднабаковага двухмоўя” і пасьлядоўнай моўнай дыскрымінацыі прадстаўнікоў асноўнага этнасу ў сыстэме адукацыі Беларусі, як заўсёды – не назіраецца.

Ці надоўга …?!

Нагадаем, што Жодзінскім выканкамам прынята Рашэньне аб чарговай (2-гой ужо за апошнія 4 гады) ліквідацыі беларускамоўнага навучаньня Янкі Лапіцкага ў Жодзінскай Гімназыі №1 і прымусовым пераводзе яго на расейскамоўнае навучаньне (!) зпрычыны неабходнасьці рацыянальнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў (!).
Мінулы раз у 2004 годзе, бацькі разам з сынам вымушаны былі страйкаваць падобнае рашэньне й навучалі сына самастойна ў хатніх умовах … Пасьля ўзнаўленьня беларускамоўнага навучаньня ў Гімназыі №1 у Жодзіне ў спакойных умовах Янка правучыўся толькі 3 гады.

З нагоды чарговае спробы ўладаў спыніць беларускамоўнае навучаньне Янкі Лапіцкага ў Жодзіне ягоныя бацькі выказваюць свой рашучы пратэст.

У сваіх заваротах яны нагадваюць мясцоваму кіраўніцтву пра абавязковасьць выкананьня Канстытуцыі й міжнародных стандартаў права, выказваюць спадзяваньне, што кіраўніцтва выканкаму здолее асэнсаваць ўласныя памылкі й адменіць дыскрымінацыйнае рашэньне …

P/S:
* – Дадзеная матывацыя й пажаданьні бацькоў былі вывучаныя й прадстаўленыя ў Жодзінскі ГАА у 2002 годзе і Галоўнае ўпраўленьне адукацыі і Мінадукацыі Рэспублікі Беларусь на Рэспубліканскім круглым стале 2003 года – у якасьці вынікаў кантралюемага з ГАА анкетаваньня каля 2 тыс. бацькоў, вучняў, выхавацелек-настаўнікаў у 2002 годзе ў Жодзіне.

Копія звароту бацькоў Янкі Лапіцкага да сп. Татісы Данілевіч, кіраўніцы Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму.

Алесь Вольны,

Беларускі Праўны Партал,

www. prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>