2009 19/08
Васіль Грышчанка, выканкам г.Жодзіна

Васіль Грышчанка, выканкам г.Жодзіна

Нечакана й у той жа час, як заўсёды … прымітыўна-прадказальна – не пасьпелі зьявіцца сыгналы ў вышэйшых Менскіх установах адукацыі на дзеяньні жодзінскіх чыноўнікаў, як ужо праз дзень (апэратыўная карпаратыўная сувязь працуе безадказна) у пустой да гэтага паштовае скрыні заяўнікоў, Сьвятланы й Аляксея Лапіцкіх, зьявіўся адказ з Жодзінскага выканкаму.

Цікава, што незважаючы на тое, што ён мог бы прыйсьці й яшчэ пазьней, на ім фігуруе дата складаньня аж ад 07.08.2009г. , а на капэрце – 13.08.2009г. (!?) Дзе быў ліст пакуль не зьявіўся ў паштовае скрыні 18.08.2009г. заяўнікоў – цяжка адказаць … Як цяжка адказаць і на тое, чаму на гэты раз у адказе, падпісаным старшынём Васілём Грышчанкам, няма пазнакі аб кантакнай асобе, якая непасрэдна рыхтавала аргумэнтацыю для гэтага афіцыйнага дакумэнту.

У гэтых, здавалася незаўважных на першы погляд дробязях, хаваюцца немалаважныя акалічнасьці самой справы й таго на якім праўным роўні яна вядзецца.

Суму дадае й сам зьмест, так званага, адказу на даволі канкрэтны запыт заяўнікоў, фактычна дыскрымінуемай па моўнай і нацыянальнай прыкмеце сям’і праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, Аляксея Лапіцкага й Сьвятланы Лапіцкай.

У сваім адказе, галоўны чыноўнік горада не прадстаўляе аніводнае запрошанай у яго лічбы дзеля  абгрунтаваньня матывацыяў уласнага дыскрымінацыйнага Рашэньня аб эканамічнай неэфэктыўнасьці й стратах для бюджэту горада, якія прад’яўлены ў якасьці эканамічных падставаў і неабходнасьці закрыцьця беларускамоўнай праграмы навучаньня ў Гімназыі №1 горада Жодзіна для Янкі Лапіцкага.

З адказу акрэсьлена вынікае толькі тое, што як і ў 2005 годзе, калі было ўзноўлена беларускамоўнае навучаньне Янкі ў Гімназыі №1 па беларускамоўнай праграме, якую сёньня імкнуцца ПРЫМУСОВА ЗАКРЫЦЬ – гімназыя мае Статут, які нібыта выключае арганізацыю выхаваўча-адукацыйнага працэсу па-беларуску (!?) у ёй, як “незаконную” – не прапісаную ў статуце (!?).* Пры гэтым, З НОВАЙ СІЛАЮ зноў (гэтае пытаньне ад самага пачатку выстаўляецца ў якасьці асноўнай падставы для адмовы ў беларускамоўным навучаньні) гучыць дыскрымінацыйнае патрабаваньне да бацькоў – забясьпечыць норму напаўняльнасьці беларускамоўнае клясы ад 20 чалавек і больш.

Ну, сапраўды – бег па колу й толькі! Няўжо гэтае пытаньне не ўзьнікала ў 2002 годзе, няўжо яно не было вырашана з улікам наяўнай сытуацыі  ў Жодзіне і ў адпаведнасьці з нормамі Канстытуцыйнага і Міжнароднага права?

Пры гэтым, варта заўважыць, што працытаванае ў адказе з выканкаму палажэньне арт. 5 абз.1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, дзе адзначаецца, што “асноўнымі мовамі навучаньня й выхаваньня ва ўстановах Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца беларуская й расейская …” – зусім не заўважаецца ці абмінаецца ўвагаю.

І дарэмна, бо як раз зь яго наўпрост вынікае зусім адваротнае. А менавіта, што на тэрыторыі Беларусі ўсе адукацыйныя ўстановы як суб’екты права абавязаныя на роўных умовах выкарыстоўваць абедзьве дзяржаўныя мовы ў якасьці асноўных моваў навучаньня, а не адну адзіную, быццам у супрацьвагу іншай, неасноўнай ці недзяржаўнай. І сапраўды, у адзначанай фармулёўцы адсутнічае злучнік “ці”, зь ягоным выключальным сэнсам. І гэта адпавядае прынцыпу роўнасьці абедзьвюх моваў ва ўмовах абвешчанага двухмоўя ў краіне.

Натуральна, што на гэтым праўным падмурку грунтавалася й вядомая Праграма Мінадукацыі Беларусі “Аб дадатковых мерах па распашырэньні беларускай мовы ў адукацыйных установах Беларусі”, прынятая пры Міністры адукацыі сп. Стражаве, рэалізуемая ўчасе працы Міністрам адукацыі сп. Брыгадзіна і, думаецца, зусім не страціўшая сваёй актуальнасьці сёньня, пры сп. Радзькове …

Нагадаем, што Праграма Мінадукацыі на законных падставах прадугледжвала магчымасьць утварэньня ў кожнай агульнаадукацынай установе паралельных скразных беларускамоўных навучальных плыняў. Выстаўляемыя ж ускосна патрабаваньні да саміх бацькоў забясьпечыць эфэктыўную напаўняльнасьць клясы – цалкам дыскрымінацыйнае й неправамернае патрабаваньне, да таго ж адрасаванае – зусім не па прызначэньні.

Бо гэта не грамадзянін, як нозьбіт і суб’ект права, а менавіта дзяржава згодна з Канстытуцыяй краіны абавязана гарантаваць і забясьпечыць належныя ўмовы для зьдзяйсьненьня правоў і свабодаў грамадзянаў. Абсалютна абсурдна й неправамерна ўскладаць на плечы саміх грамадзянаў клопат аб “самазабесьпячэньні” іх правамі і свабодамі, прапісанымі ў Канстытуцыі ды адпаведных Міжнародных дамовах краіны. Гэта – ёсьць пазытыўным абавязкам любой дзяржавы і ейных уладных інстытуцыяў. І гэтаму – няма аніякай разумнай альтэрнатывы.

Такім чынам, перапіска на дадзеным этапе паказала, што у сваім афіцыйным дакумэце-адказе заяўнікам, Жодзінскі выканкам адступіў ад патрабаваньняў Закону “Аб зваротах грамадзянаў”, бо не адказаў на большасьць ясна й канкрэтна зфармуляваных у звароце пытаньняў. Па сутнасьці, сп. Грышчанка В.І. не прадставіў, а значыцца фактычна прызнаў непераканаўчай з праўнага пункту гледжаньня, пачатковую эканамічную матывацыю прынятага выканкамам Рашэньня. У дакумэнце на запыт заяўнікоў не прадстаўлена аніводнай лічбы,  сумы стратаў ці дадатковых выдаткаў у сувязі з гэткім навучаньнем, не выклаў аніводнага новага зьмястоўнага праўнага ці нейкага іншага аргумэнту … у падтрымку ўласнай дыскрымінацыйнай пастановы аб ПРЫМУСОВАЙ ЛІКВІДАЦЫІ беларускамоўнай праграмы навучаньня ў Гімназыі №1 у Жодзіне.

Ды й якія праўныя падставы мела б падобная матывацыя, калі Асноўны закон краіны гарантуе кожнаму без выключэньня грамадзяніну Беларусі бясплатную агульную адукацыю на роднай дзяржаўнай мове …

Акрамя таго, у сваім адказе старшыня выканаўчае ўлады горада Жодзіна не прывёў у пацьверджаньне ўласнай пазыцыі аніводнага новага аргумэнту – усё, што прадстаўлена ў выглядзе вытрымак з заканадаўства ёсьць даўно вядомай аргумэнтацыяй,  якая прадстаўлялася заяўнікам аж да самаго моманту пачатку ў 2002 годзе гімназычнага беларускамоўнага навучаньня іхнага сына (!). І што ж тады здарылася? Што сёньня зноў прымусіла ўлады вяртацца да ізьбітых прыёмаў і матывацыяў?

Пытаньне, як кажуць – рытарычнае. Бо кожны ведае, як безаглядна й цынічнай кіруючы рэжым у Беларусі выкарыстоўвае любую магчымасьць, каб прынізіць, запалохаць і падпарадкаваць сабе актыўную грамадзянскую супольнасьць. Пры гэтым, чыноўнікі як марыянэткі альбо пачасавікі-найміты сьлепа й бездумна гатовыя выконваць неправамерныя ці цалкам злачынныя загады, прыніжаючы годнасьць свайго народу, не зважаючы на парушэньне агульнапрызнаных нормаў і стандартаў права, самой сутнасьці й духу Асноўнага і абавязковага ДЛЯ ЎСІХ закону …

*

НАГАДАЕМ, што 24.07.2009г. бацькі Янкі Лапіцкага зьвярнуліся ў Жодзінскі выканкам з адмысловым запытам адносна спыненьня беларускамоўнай праграмы навучаньня сына з прычыны неабходнасьці эканоміі бюджэтных сродкаў (такая матывіроўка была выкарыстана выканкамам адразу пры прыняцьці дадзенага дыскрымінацыйнага рашэньня).

Яны спадзяваліся атрымаць неабходную для абароны ўласных правоў інфармацыю, а таксама нагадаць мясцоваму кіраўніцтву пра абавязковасьць выкананьня Канстытуцыі й міжнародных стандартаў права, выказвалі спадзяваньне, што выканкам здолее асэнсаваць ўласную памылку й адмяніць дыскрымінацыйнае рашэньне …

Першая рэакцыя на зварот паказала, што кіраўніцтва выканкаму ня мае дастаткова важкіх праўных аргумэнтаў для адказу па сутнасьці пытаньня. Яно ў відавочным замяшальніцтве, бо ў такіх варунках мала хто хоча браць на сябе адказнасьць (якая рана ці позна наступіць) за відавочна неправамерны акт чарговай і ўжо сыстэматычнай нацыянальна-моўнай дыскрымінацыі ў Жодзіне, ініцыяваны, верагодней за ўсё, па адмысловым запыце … і зусім зь іншымі мэтамі й матывамі …

P/S

*у 2004 годзе разам з ПРЫМУСОВЫМ закрыцьцём беларускамоўнае клясы Жодзінская Беларуская Гімназыя страціла і свой беларускі статус (!?) і была перайменаваная проста ў Гімназыю №1.

Алесь Вольны,

Беларускі Праўны Партал,

prava-by.info

1) Зварот зяаўнікоў ад 24.07.2009г.

2) Адказ выканкаму

1 арк.

1 арк.

2 арк.

2 арк.

One thought on “Жодзінскі выканкам – адказ без адказаў …!?”

  1. Ales` Volny says:

    Відавочна, што Жодзінскі выканкам займаецца прымітыўным вымагальніцтвам пад “дахам” зарваўшагася рэжыму … – лопаецца мыльны пухір правільнай эканоміцы й людзі паступова адкрываюць вочы, пазбаўляюцца ружовых акуляраў – утрымаць “дутую ўладу” на “дутых выбарах” становіцца ўсё цяжэй …

    Таму й неабходныя падобныя тэрміновыя захады:
    1) па “вытрасаньні” сродкаў з “кішэняў грамадзянаў”;
    2) правакацыі й шантаж, запалохваньне й дыскрэдытацыя крэатыўнай і дзейснай часткі грамадзтва;
    3) абслугоўваньне ўсходне-азіяцкае “задніцы” свайго ўсё больш “ненажэрнага й нахабнага босу” – працяг палітыкі далейшай дыскрэдытацыі ўсяго нацыянальнага – здрада нацыянальным і дзяржаўным інтарэсам Беларусі …

    Якая можа быць ЭКАНОМІЯ ці ЭФЭКТЫЎНАСЬЦЬ выдаткаваньня сродкаў ва ўмовах двухмоўя?! Яно само па сабе больш стратнае, калі яго рэалізоўваць рэальна …

    Таму, НАВАТ ШЛЯХАМ ГРУБЕЙШАГА ПАРУШЭНЬНЯ ПРАВА … бюракратычная машына працягвае БАЛВАНІЦЬ беларускае грамадзтва (для гэтага ёсьць правільныя СМІ, арганізацыі, ідэолягі – цэлая індустрыя БУТАФОРЫІ й ПАДМАНУ!!!) і … пасьлядоўна вынішчаць сьвятыні на НАШАЙ ЗЯМЛІ!

    Але пацучыная зграя на ЗЯМЛІ НАШАЙ … – да першага сапраўднага ЗЕМЛЯТРУСУ!!! … альбо ПАТОПУ!!!

    А Ў ЭПОХУ ВАДАЛЕЯ Й БУЙНЫХ СУСЬВЕТНЫХ ТРАНСФАРМАЦЫЯЎ – ГЭТА ЗУСІМ НЕНАДЗЕЙНЫ ПАДМУРАК ДЛЯ СТАБІЛЬНАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЬЦІ …

    СЛАВА АЙЧЫНЕ!
    ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

    Будзьма!!!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>