2009 20/08

Герб ПагоняАбсурды – працягваюцца … На барацьбу з уласным народам … – заўсёды дастаткова народных грошай.

У Жодзінскім рэгіёне, як бачна, распачалося “сацыялістычнае спаборніцтва” праваахоўнікаў і намэнклятуры Жодзіна і Смалявічаў па ідэалягічна-адміністрацыйным і судовым перасьледзе нозьбітаў нацыянальнай сьвядомасьці й беларускай культуры, па вынішчэньні парэшткаў нацыянальнай самасьвядомасьці ў грамадзтве.

АПОШНІМ ЯСКРАВЫМ ПРЫКЛАДАМ зьявіліся падзеі, што адбываліся ў амаль 20 тысячным горадзе Смалявічах, які вылучаецца паказальна савецкім выглядам помніку Леніну на адзінае тут цэнтральнае плошчы з будынкамі выканаўчае і прадстаўнічае ўлады, РАЎС і афіцыйнае газэты …
*
Улады Смалявічаў не нажарт распачалі барацьбу з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам, які вывесіў на прыватным доме Андрэй Кашэўскі.

Сьцяг з’явіўся яшчэ вясною й стаў назаляць вочы мясцоваму начальству, аднак гаспадароў тады было застаць цяжка, паколькі домам у Смалявічах гаспадары карыстаюцца толькі ў летні пэрыяд, а самі прапісаныя ў Жодзіне.

Урэшце 14 жніўня нарад міліцыі рашуча запатрабаваў зьняць сьцяг. Аднак сын гаспадара Андрэй Кашэўскі не пусьціў іх на падворак і папрасіў патлумачыць, чым гэты сьцяг замінае міліцыі. Тады супрацоўнікі міліцыі з Смалявіцкага РАЎСу зьмянілі тактыку. Яны патэлефанавалі на працу ў Жодзіна Андрэеваму бацьку й выклікалі яго ў Смалявічы. Спаслаўшысь на тое, што палотнішча псуе зьнешняму выгляду й архітэктурнаму абліччу горада, яны зьнялі яго й падралі на шматкі. Бацьку ж пры гэтым папярэдзілі, што калі сьцяг будзе вывешаны ізноў – гэта можа скончыцца непрыемнасьцямі па месцы ягонай працы.

Аднак на другі дзень Андрэй вывесіў на ранейшым месцы новы бел-чырвона-белы сьцяг. На гэты раз справа скончылася затрыманьнем. Андрэя даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён правёў усе выходныя.

У панядзелак, 17 жніўня, адбыўся суд, пад час якога Кашэўскі даведаўся, што яго вінавацяць у дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП, маўляў за тое, што ён моцна сварыўся з бацькам і парушаў грамадзкі спакой. Судзьдзя пастанавіў перанесьці разгляд адміністрацыйнае справы й выклікаць позваю ў суд бацьку.

Патрэбна нагадаць, што апошнім часам вывешваньне нацыянальнага беларускага сьцягу выклікае неадэкватна жорсткую рэакцыю ўладаў, прадстаўнікі якой, ня маючы аніякіх праўных падставаў, намагаюцца пакараць грамадзянаў за падобныя дзеяньні.

Гэтак, напрыклад, здарылася нядаўна ў Гомелі, дзе адміністрацыйная камісыя Савецкага раёну Гомеля аштрафавала актывістку руху “За свабоду” Зінаіду Шуміліну на 175 тысячаў рублёў, палічыўшы што спадарыня Шуміліна ня мела права вывешваць на сваім прыватным доме беларускі нацыянальны сьцяг і сьцяг Эўразьвязу.

Раней падобная “незарэгістраваная сімболіка” на прыватным доме ў Клецку таксама моцна абурыла мясцовае начальства, якое некалькі дзён упрошвала гасападара дома Сяргея Панамарова зьняць сцяг “по-хорошему”. У выпадку непадпарадкаваньня Панамарову пагражалi “артыкулам “, а ягонай жонцы – непрыемнасьцямі на працы.

А вось у Берасьці 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі заявіліся да Ірыны Лаўроўскай, якая з вакна сваёй кватэры на другім паверсе дома па вуліцы Пушкінскай, вывесіла двухмэтровы бел-чырвона-белы сьцяг.

Яны заявілі, што вуда, на якой замест тронка замацаваны сьцяг, «псуе эстэтычны выгляд вуліцы» і зафіксавалі вывешаны сьцяг на фота, канфіскавалі яго й склалі пратакол канфіскацыі. Пры гэтым сама вуда, якая выконвала ролю тронка, канфіскаваная не была. Міліцыянты паабяцалі правесьці разбіральніцтва.

Звычайна вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга праваахоўныя органы і суды расцэньваюць як хуліганства і караюць вінаватых грашовымі штрафамі. Такое часта здараецца ў Менску, Віцебску, Берасці, Гародні ды іншых гарадах.

Сцвярджэньне ж, што сьцяг псуе зьнешняму выгляду, навогул абсурднае, бо тады ўсе тыя дзяржаўныя сьцягі, што павісьлі над шматлікімі дзяржаўнымі ўстановамі па ўсёй Беларусі, таксама падпадаюць пад такую ацэнку і павінны быць зьнятыя.

Вось так, пражыгаючы народныя сродкі, марыянэткава-крамлёўская намэнклятура, якая ня можа пазбавіцца саюзна-імпэрскага прывіду ані ўва сьне, ані на яве … усімі маючыміся ў ейным арсэнале сродкамі РУПЛІВА ЗМАГАЕЦЦА супраць уласнай нацыяньнай спадчыны й нацыянальна-гістрарычных сьвятыняў беларускага народу.

І на гэтую барацьбу з уласным народам, трэба заўважыць, заўсёды хапае і “мазгоў”, і “паліва” і бюджэтных, народных грошай …

Паводле spring96.by,
Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

One thought on “Нацыянальныя сьвятыні – у няміласьці нацыянальнай “правааховы””

  1. Alaksiej says:

    Беларусь рызыкуе заняць першае месца ў сьвеце як краіна, якая адмаўляецца ад уласных гістарычна-нацыянальных здабыткаў, зьневажае памяць продкаў і сыстэмна змагаецца супраць уласных нацыянальных сымбаляў залатой эпохі ВКЛ.

    За годы праўленьня рэжыму Лукашэнкі Беларусь як радзіма ВКЛ шмат чаго страціла беззваротна. Палітыка этнацыду праяўляецца тут, у прыватнасьці, у дзікунскіх прыкладах паляваньня за праявамі гістарычна-нацыянальнай сьвядомасьці, гармадзянскага актывізму, у змаганьні з нацынальнай сымболікай … У літаральным сэнсе, трымаючы ў руках усю СМІ прастору й сродкі вытворчасьці, рэжым дыктуе свой неабальшавіскі погляд на гісторыю й навязвае грамадзтву свае ідэалягічныя стэрыятыпы.

    Нязгодныя альбо тыя, што маюць свае погляды на гэты конт тут перасьледуюцца праваахоўна-судовай сыстэмаю, якая ня мае нічога агульнага з незалежнай галіною ўлады, дзейснай у любой цывілізаванай дэмакратычнай сыстэме. Яна фактычна выконвае палітычна-ідэалягічную замову й працуе як карны мэханізм аўтарытарна-рэпрэсыўнай скіраванасьці.

    Ці можна не заўважаць падобных дзікунстваў у сярэдзіне цывілізаванай і дэмакратычнай Эўропы? Ці можна глядзець спакойна на тое, як вынішчаецца памяць, мова і пад “фанфары” бутафорскай лібэралізацыі … альбо дэмакратызацыі, бруднымі рукамі дзейснага рэжыму – фактычна рэалізуецца праімпэрская палітыка западна-русізму на НАШАЙ ЗЯМЛІ …!?

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>