2009 22/08

21.08.2009 гомельскія актывісты апазыцыі Андрэй Толчын, Аляксандар Процька й Ігар Рэйзьлін накіравалі скаргі ў Камітэт па Правах Чалавека ААН . Яны пішуць пра абмежаваньне з боку Беларусі іхных правоў на правядзеньне мірных сходаў і свабоду распаўсюду інфармацыі.
Усе актывісты аспрэчваюць рашэньні судоў, якія абмежавалі іх права на распаўсюд інфармацыі, зьвязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына ў красавіку гэтага году арыштавалі на 5 сутак. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі масавага мэрапрыемства ў Нароўлі. Апэляцыі да абласнога й Вярхоўнага суду на незаконнасьць пакараньня выніку ня мелі. Таму ён вырашыў зьвярнуцца ў камітэт ААН:

“Мяне прымусіла гэта зрабіць сама дзяржава. У нас немагчыма грамадзяніну абараніць свае правы. У Нароўлі я раздаваў улёткі з інфармацыяй пра тое, што на чарнобыльскія ўгодкі да помніка прыедуць ускладаць кветкі лідэры АДС. Ва ўлётках не было ніякіх заклікаў — нічога такога. Мяне схапіла міліцыя за гэтым заняткам. Я не адмаўляў, што раздаю ўлёткі, пераконваў, што маю на гэта законнае права. Судзьдзя Ваўрыновіч за пяць хвілін вырашыў, што я вінаваты, і пакараў мяне 5 суткамі арышту”.

У Брагіне перад гадавінай чарнобыльскай катастрофы міліцыянты й людзі ў цывільным затрымалі за раздачу такіх жа ўлётак Аляксандра Процьку. Яго адвезьлі ў суд, які й аштрафаваў актывіста на 105 тысячаў рублёў. Спадар Процька таксама ня змог аспрэчыць у беларускіх судах сваё пакараньне.
Напярэдадні чарнобыльскай даты ў Гомелі міліцыянты схапілі Ігара Рэйзьліна. У яго дома зрабілі ператрус, выявілі ўлёткі пра ўскладаньне кветак да чарнобыльскай каплічкі й склалі пратакол пра парушэньне парадку арганізацыі масавага мэрапрыемства. Актывіст не пасьпеў нават раздаць ніводнай улёткі. Але судзьдзя Чыгуначнага суду Яраслаў Парэмскі пакараў спадара Рэйзьліна 700-тысячным штрафам:

“Я лічу, што гэта незаконна. У мяне паводле Канстытуцыі ёсьць права распаўсюджваць інфармацыю, якая не наносіць людзям маральнай шкоды, не заклікае да гвалту. Для гэтага не патрэбна ніякага дазволу. А штраф, якім мяне пакаралі, зьяўляецца незаконным”.

На Гомельшчыне звароты ў Камітэт па Правах Чалавека ААН набываюць масавы характар. Гаворыць юрыст, сябра АГП Леанід Судаленка, які дапамагае пакараным абараняць свае правы ва ўплывовай міжнароднай структуры:

“За апошнія тры гады з Гомельскага рэгіёну пададзена звыш пяцідзесяці прыватных скаргаў — найперш на забарону мірных сходаў і распаўсюд інфармацыі. На жаль, наша краіна не забясьпечвае правы грамадзянаў, якія замацаваныя ў Канстытуцыі й міжнародных дамовах. Суды караюць актывістаў штрафамі й арыштамі. Такая сытуацыя й вымушае людзей апэляваць да міжнароднай супольнасьці, каб абараніць свае правы”.

Паводле, “Радыё Свабода”,

Алесь ЛЕТА,

prava-by.info

One thought on “Дэмактывісты Гомеля зьвярнуліся ў КПЧ ААН”

  1. Alaksiej says:

    ШТО МАЦНЕЙШАЕ – КРОПЛЯ ВАДЫ альбо КАМЕНЬ …!?

    ШТО Ж ПРЫМУШАЕ грамадзянаў Беларусі, афіцыйная прапаганда ў якой абвяшчае сябе ледзь не першай у сьвеце па правільнасьці разуменьня й практычнага выкарыстаньня агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права, канстытуцыйных правоў і свабодаў, прынцыпаў рынку й дэмакратыі … (усяго, што вызначае ступень цывілізаванасьці й прасунутасьці краіны ў кірунку стварэньня НАЙЛЕПШЫХ УМОВАЎ для жыцьця, творчай і прадпрымальнай самарэалізацыі, камфорту й дабрабыту) – рабіць гэткія “непрыгожыя” крокі й выстаўляць дзяржаву ў непрыглядным выглядзе на суд аўтарытэтных міжнародных інстытуцыяў …

    Гомельскія актывісты грамадзянскай супольнасьці адказалі на гэта пытаньне максымальна канкрэтна й зразумела …

    ЛЮБАЯ ПАВАЖАЮЧАЯ СЯБЕ ДЗЯРЖАВА, КІРУЮЧАЯ ЭЛІТА …, што РЭАЛЬНА фарміруе ЎЛАДУ Ў ЁЙ … – павінна паважаць свае дамоўленасьці й рэальна зьдзяйсьняць гарантыі ў рэалізацыі ПРАВОЎ І СВАБОДАЎ на ўласнай нацыяналоьнай тэрыторыі.

    Кожна з нас, грамадзянаў, які адначасна зьяўляецца й высокім аднаасобным СУБ’ЕКТАМ МІЖНАРОДНАГА ПРАВА ў галіне правоў і свабодаў мусіць мець ГАРАНТЫІ МІЖНАРОДНЫХ ІНСТЫТУЦЫЯЎ ПРАВА па кантролі выкананьня дадзеных ВЫСОКІХ ДАМОЎНЫХ АБАВЯЗКАЎ краіны.

    АБСУРД толькі ў тым, што дзейсны ў Беларусі “унармавана-дэмакратычны” ці “звышправільна адмініструемы” аўтарытарна-камандны рэжым – ФАКТЫЧНА не жадае прызнаваць ПАЎНАМОЦТВАЎ КПЧ ААН, бо лічыць ягоныя ВЫСНОВЫ НЕАБАВЯЗКОВЫМІ …

    Таму ўся працэдура, разцягнутая й забюракратызаваная, ейныя канчатковыя вынікі … не прыносяць ПАКУЛЬ БАЧНЫХ ВЫНІКАЎ …

    Як кажуць – НЯМА ПЛЁНУ!

    Аднак, кожны ведае, што мацнейшае – кропля вады, альбо камень …!

    Вось толькі ЧАС і КОЛЬКАСЬЦЬ ВАДЫ, РАЎНАМЕРНА па ім разьмеркаваная … ды СКАНЦЭНТРАВАНА накіраваная ў АДНУ КРОПКУ – НАДЗВЫЧАЙ ВАЖКІЯ ПЕРАДУМОВЫ ў гэтым, здавалася адпачатку, няроўным змаганьні …

    Гэтыя чыньнікі й вызначаюць ТУЮ МОЦ, якая РАЗБУРАЕ МУРЫ й РАЗРЫВАЕ ўшчэнт КАЙДАНЫ НЯВОЛІ …

    ЖЫВАЯ СВАБОДА, што ільецца з НАШЫХ СЭРЦАЎ з БЯЗКОНЦАЕ КРЫНІЦЫ ВЕРЫ, НАДЗЕІ й ЛЮБОВІ …, тысячаразова ўзмоцненая САЛІДАРНЫМ ПАМКНЕНЬНЕМ … – САПРАЎДЫ ПЕРАМАГАЕ!

    СВАБОДА, ЖЫВАЯ ЯК ТАЯ ВАДА, што НЕ БАІЦЦА ЛЮБЫХ ПЕРАШКОДАЎ! ЯНА – РАЗБУРАЕ АСТРОГІ!

    МУРЫ нянавісьці, падману й здрады … абрынуцца і ў Беларусі!
    ПРАСЬВЯТЛЁННАЕ СЭРЦАМ ГРАМАДЗТВА – ЗДОЛЬНАЕ НА ЛЮБЫЯ ЦУДЫ!

    ПРОСТА – БУДЗЬМА!!!
    БУДЗЬМА РАЗАМ!
    І – ПЕРАМОЖАМ!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>