2009 28/08

Мясцовыя ўлады высьвятляюць сытуацыю, але спрабуюць рабіць гэта з пазыцыяў псыхалягічнага ўціску й сілы.
26 жніўня з 16-10 у кабінэце намесьніка кіраўніка Жодзінскага адзьдзелу адукацыі, Віталя Шульжыка, адбылася ягоная амаль паўгадзінная размова з Аляксеем Лапіцкім, бацькам жодзінскага беларускамоўнага вучня, Янкі Лапіцкага, які з ініцыятывы Жодзінскага выканаму за апошнія 4 гады ўжо двойчы прымусова пазбаўляецца Канстытуцыйнага права на атрыманьне адукацыі на роднай мове ў Жодзінскай Гімназыі №1.

Прадметам размовы зьявілася чарговае высьвятленьне кіраўніцтвам Жодзінскага ГАА пазыцыі бацькоў Янкі наконт апошняга Рашэньня выканкаму за №928, якое, у прыватнасьці, з прычыны неабходнасьці эканоміі бюджэтных сродкаў прадугледжвае закрыцьцё беларускамоўнае гімназычнае клясы, у якой навучаўся беларускамоўны юнак. Пасьля пададзенае 21 жніўня 2009 года чарговае заявы ад бацькоў і з улікам набліжэньня пачатку навучальнага году, выканкам вырашыў у чарговы раз “празандаваць глебу” і паспрабаваць “выціснуць” з пацярпелага боку саступкі для безперашкоднай рэалізацыі ўласнага дыскрымінацыйнага рашэньня …

Аднак, дадзеныя памкненьні яўна не супадалі з настроем бацькоў. Пасьля ясна выкладзенай у сваіх заявах і фактычна ўзгодненай напярэдадні з дырэкцыяй Гімназыі №1 пазыцыі, яны чакалі ад новай размовы з кіраўніцтвам ГАА дастаткова канкрэтных і канструктыўных прапановаў на вырашэньне створанай мясцовым кіраўніцтвам праблемы.

Акрамя таго, зь першых хвілінаў сустрэчы чыноўнік ГАА паспрабаваў праводзіць размову пад пратакол у прысутнасьці сакратаркі й патлумачыў гэта неабходнасьцю падпісаньня напрыканцы размовы пэўных папераў, фіксуючых згоду бацькоў на той ці іншы варыянт працягу адукацыі пасьля прымусовага разфармаваньня выканкамам беларускамоўнае гімназычнае клясы.

“Больш за тое”, – як сьведчыць удзельнік размовы Аляксей Лапіцкі, – “ чыноўнік адразу паспрабаваў згуляць ролю “сэрдабольнага рупліўца”, які клапаціцца пра лёс падлетка, пазбаўляемага нармальнай адукацыі “з-за няправільнай пазыцыі бацькоў” (!!?) Аказваецца, Жодзінскі Адзьдзел Адукацыі разам з Выканкамам і ён асабіста, як адказная асоба … увесь час вырашаюць “праблемы зь беларускамоўным навучаньнем” Янкі …, клапацяцца пра тое, каб ён атрымаў “належную адукацыю”, а …”

Як высьветлілася, на падобную спробу весьці размову з пазыцыі фактычна адміністрацыйна-псыхалягічна ўціску й цынічнага прыніжэньня нацыянальнай годнасьці беларускамоўнай сям’і, чыноўнік атрымаў канкрэтны й жорсткі адказ Аляксея Лапіцкага.

Па-першае, апошні адмовіўся весьці любую размову пад пратакол, што зусім не практыкуецца ў дзяржаных установах, акрамя адпаведных ворганаў альбо па іхнай замове.
Па-другое, ён адразу, на пачатку размовы, паставіў усе кропкі над “і” адносна таго, ці варта было “рупліўцам з выканкаму” і асабіста сп. Шульжыку, які дзейнічаў па замове неназываемага ім “высокага чыноўніка …”, з восені 2008 года пачынаць гэтак актыўна “клапаціцца пра беларускамоўнага вучня” у той час, калі аніякіх праблемаў з беларускамоўным навучаньнем Янкі ў Гімназыі №1 горада Жодзіна не назіралася (!).

Акрамя таго, як сьцяврджае Аляксей Лапіцкі, ён быў вымушаны нагадаць сп. Віталю Шульжыку пра той ганебны дыскрымінацыйны стан, у які пастаўленыя сёньня беларускамоўны вучань і ягоныя бацькі неправамернымі дзеяньнямі “рупліўцаў з выканкаму”, якія парушаюць агульнапрызнаныя Канстытуцыйныя й Міжнародныя нормы права ў галіне правоў чалавека … (Канстытуцыю Беларусі і Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах), абавязковыя й гарантуемыя Канстытуцыйна дзяржаваю й кожным ейным суб’ектам права.

У ходзе размовы, сп. Шульжык, які сьцвярджае, што дзейнічае па загадзе, у чарговы раз, адмовіўся назваць замоўцу дадзенай неправамернай актыўнасьць у адносінах да нармальна функцыянуючай беларускамоўнай гімназычнай клясы ў Жодзіне.

Ён атрымаў адказы на ўласныя агучаныя ўчасе размовы прапановы адносна варыянтаў працягу навучаньня беларускамоўнага вучня, якія зводзіліся да:
1) пераводу яго ў любую “на выбар” расейскамоўную клясу Жодзінскай Гімназыі №1;
2) індывідуальнага (самастойнага) навучаньня падлетка з наступнай здачай спэцзалікаў;
3) беларускамоўнага навучаньня, але ў хатніх умовах, па-за межамі Гімназыі №1;
4) навучаньня ў беларускамоўнае клясе вясковае школы пасёлку Пліса, Смалявіцкага раёну.

На гэта, Аляксей Лапіцкі у чарговы раз адзначыў, што “лічыць забарону беларускамоўнага навучаньня з падобнымі прапановамі ад чыноўнікаў мясцовае ўлады напярэдадні пачатку новага навучальнага году – чарговай мэтанакіраванай акцыяй уціску й перасьледу сваёй сямьі па нацыянальнай і моўнай прыкмеце з працягам настойлівых спробаў прымусова закрыць беларускамоўнае навучаньне, зрабіць усю беларускамоўную сямью закладніцай бязконцай, няспыннай дыскрымінацыйнай валтузьні з канчатковай мэтаю замены паўнавартаснай гімназычнай адукацыі Янкі на прымусовую расейскамоўную …

Таксама было адзначана, што ў апошняй заяве ў выканкам заяўнікамі зроблены дзьве канструктыўныя прапановы выканкаму, якія цалкам дазваляюць вырашыць праблему й працягнуць навучаньне на роднай мове без аніякіх нэгатыўных наступстваў для вучня. Для гэтага да пачатку навучальнага году бацькі чакаюць ад кіраўніцтва Жодзінскага выканкаму:
1) адмены ўласнага рашэньня №928 як неправамерна-дыскрымінацыйнаг і памылковага;
2) прыняцьця новага рашэньня, якое б дазволіла без зьменаў працягваць паўнавартаснае беларускамоўнае гімназычнае навучаньне Янкі ў памяшканьні Гімназыі №1, а таксама ўлічвала б ягоны цяперашні стан здароўя (падлетак з 2008 гогда мае патрэбу ў пэрыядычных ці тэрміновых шпіталізацыях).

Пры гэтым, было заяўлена, што бацькам усё роўна, як гэта будзе называцца і да якой формы навучаньня будзе адносіцца. Галоўнае, каб мясцовыя ўлады гарантавалі беларускамоўнаму вучню стабільнае й безперашкоднае, якаснае навучаньне па паўнавартаснай гімназычнай праграме ў існуючым для гэтага ў Гімназыі №1 горадА Жодзіна малым памяшканьні, адведзеным для беларускамоўнае клясы.

У якасьці кампраміснага кроку добрай волі (раней бацькі адмаўляліся кожны год пісаць запросы ў выканкам аб працягу навучаньня па-беларуску, бо лічуць іх дыскрымінацыйнымі …) – бацькі гатовыя пайсьці на саступкі й кожны год пісаць адпаведныя заявы ў выканкам для падаўжэньня тэрміну дадзенай формы навучаньня …

З гэтае сустрэчы, якая праходзіла ў нэрвовых абставінах, выкліканых спробаю ГАА ў чарговы раз навязаць свае варыянты як альтэрнатыву паўнавартаснай беларускамоўнай гімназычнай адукацыі – усьцешыла тое, што чыноўнік гарадзкога адзьдзелу адукацыі ўрэшце (так ён адзначыў) зразумеў пазыцыю бацькоў Янкі Лапіцкага й тое, што наяўную праблему канструктыўна і правамерна можна вырашыць у межах прапанаваных імі варыянтаў, не парушаючы права на беларускамоўную адукацыю іхнага сына.

На колькі ж зразумелым ёсьць гэта для кіраўніцтва Жодзінскага выканкаму, а таксама на колькі сур’ёзна яно разумее ўласныя абавязкі ды адказнасьць за лёс адзінага, апошняга беларускамоўнага гімназыста ў Жодзіне … – пакажа чакаемы адказ на пастаўленыя прапановы Янкіных бацькоў ці, верагодна ўжо, новае адпаведнае рашэньне выканаўчага камітэту, які зьбіраецца на сваё паседжаньне напрыканцы месяца, у самым пачатку новага 2009 навучальнага году.

Ці для ўсіх вучняў у Жодзіне гэты год будзе сапраўды навучальным …!?

Алесь ЛЕТА,
БЕЛАРУСКІ ПРАЎНЫ ПАРТАЛ,
by.prava-by.info

One thought on “Уціск на бацькоў беларускамоўнага вучня ў Жодзіне працягваецца”

  1. Alaksiej says:

    Забарона беларускамоўнага навучаньня й прымус да расейскамоўнага, сапраўды – груба й відавочна парушае Канстытуцыйныя правы й міжнародныя стандарты права, абавязковыя для любога суб’екта права ў краіне.

    Гэтая забарона, рабіць немагчымым працяг навучаньня Янкі Лапіцкага па гімназычнай беларускамоўнай праграме па месцы жыхарства, пазбаўляе беларускамоўнага юнака ды ягоных бацькоў неад’емнага права на абавязковую й бясплатную агульнасярэднюю адукацыю на роднай і, да таго ж, дзяржаўнай мове дзяржавы Беларусь …

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>