2008 12/10

Аляксей ЛапіцкіАляксей Лапіцкі
Тэма артыкула ня страціла сваёй актуальнасьці, а ў сьвеце апошніх падзеяў дый пасьлявыбарчае рэзалюцыі Савету Эўропы па Беларусі мае цалкам зразумелы практычны сэнс. Тут зьвяртаецца ўвага на праблемы, якія маюць актуальную практычную значнасьць для дэмакратызацыі грамадзтва.

Вырашэньне іх магло б быць пачаткам шляху Беларусі насустрач міжнароднай супольнасьці, стварэньня новага станоўчага іміджу краіны як зразумелага й прадказальнага, дабрасумленнага партнэра ў пляне практычнай рэалізацыі падпісаных дамоваў, выкананьня безумоўных міжнародных абавязальніцтваў (Міжнародны ПАКТ …) у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў.

ТАКІМ ЧЫНАМ … БЫЦЬ альбо НЕ … БЫЦЬ – ВОСЬ у чым ПЫТАНЬНЕ!
Свабода асацыацыяў у Беларусі пад прыцэлам Дэкрэту №2 і афіцыйнай прапаганды – шмат каго з суб’ектаў грамадзкай супольнасьці ўжо немагчыма “рэанімаваць”, а некаторыя, нават, яшчэ робяць спробы адрадзіцца праз новую рэгістрацыю …

Але ці апраўданы аптымізм апошніх ва ўмовах пачатку новага “каралеўскага паляваньня” на незалежныя грамадзянскія арганізацыі і ініцыятывы?
Ці магчыма ў беларускіх умовах заснаваць НДА, праваабарончую арганізацыю альбо незалежнае СМІ і … ў межах дзейснага заканадаўства – паўнавартасна працаваць, рэалізуючы канстытуцыйныя правы на асацыацыю, свабоду думкі й абмен інфармацыі?
Ці можна разьлічваць на новую рэгістрацыю ў падобных умовах, напрыклад, няўрадавай праваабарончай арганізацыі накшталт ліквідаванага ўладамі Праваабарончага Цэнтру “Вясна”?

Для адказу на пастаўленыя вышэй, часам рытарычныя пытаньні (для тых, хто знаёмы з ідэалягічнай кухняй, праўным станам і праваўжывальнай практыкай у Беларусі) адразу здаецца й няма патрэбы ў падрабязных адказах. Сапраўды, тыя, хто ведае статыстыку па ліквідаваных і незарэгістраваных НДА з моманту ўступленьня ў дзеяньне ў 1999 годзе Дэкрэту №2, можа адказаць на ўсе пастаўленыя пытаньні.
Аднак, для тых, хто сёньня вымушаны спажываць “плады” дзяржаўнага манапалізму ў інфармацыйнай прасторы і ідэалягічнай экспансыі з боку партнамэнклятуры старой, “пастсавецкай” загартоўкі – як глыток сьвежага паветра патрэбная дадатковая і аб’ектыўная інфармацыя.

Сапраўды, для кожнага з нас характэрнае імкненьне да праўды й справядлівасьці, да істыны. Беларусы, збольшага – прагматычны й разважлівы народ. Але небясьпекаю ёсьць тое, што кожнага з нас імкнуцца “заангажаваць” у безумоўныя прыхільнікі “афіцыёзу” вельмі недабрасумленнымі спосабамі.
Літаральна на хаду, карыстаючыся нашай занятасьцю й звычкаю аўтаматычна абагульняць пачутае і захоўваць у памяці яскрава абмаляваныя незвычайныя і выразныя вобразы, нашай сьвядомасьцю мэтанакіравана маніпулюе працуючая на поўныя абароты прапагандыская машына. Яна карыстаецца нашымі натуральнымі звычкамі аб’ядноўвацца супраць “агульных небясьпекаў міру і стабільнасьці”, падтрымліваць і верыць у “гэраічных і ўсемагутных абаронцаў” (ледзь не казачных волатаў) дый “без развагаў”, адважна, любымі сродкамі (хто як можа) “усёй талакою” супрацьстаяць “злым і каварным, агульнанародным ворагам”…
Падобныя мэтады здольныя забясьпечыць сапраўдны “агульнанародны ўздым”, нават, накшталт “партызанскага супраціву” у часы фашыстоўскай акупацыі … Аднак, у мірны час, ва ўмовах дэкляраванай дэмакратыі і неабходнасьці кансалідаваць увагу грамадзтва на мірных мэтах, на росце дабрабыту і дасягненьні сапраўднай якасьць жыцьця … “мабілізоўваць” грамадзкую сьвядомасьць мэтадамі “вайсковага часу” ды яшчэ скіроўваць яе супраць часткі ўласнага народу … выглядае, як самае малае – небясьпечнай авантураю.
Падзяляць народ і краіну, падрываць ягонае адзінства і мэтанакіравана скажаць паняцьці дэмакратыі, прыстасоўваць іх для служэньня аўтарытарным мэтам .. – ёсьць наўпростым парушэньнем Асноўнага закону краіны й мэтанакіраваным падлогам тых каштоўнасьцяў, якія закладзеныя ў падмурак ейнага Канстытуцыйнага ладу.

Для тых хто, сам спрабуе разабрацца ў патоку “зацьверджанай зь верху” інфармацыі і адшукаць на пытаньне аптымальны варыянт адказу, блізкі да істыны, прыйдзецца ахвяраваць уласным каштоўным часам, каб знайсьці нешта альтэрнатыўнае, спыніцца і проста падумаць. Так – мы самі здольныя разважаць і, канешне, заўважаем, як нас штодня спрабуюць зрабіць сьляпымі прыхільнікамі вельмі сумніўнай “правільнай ідэалёгіі”.
І сапраўды, у нашых умовах можна заўважыць, як праз афіцыйныя СМІ грамадзкая думка мэтадычна апрацоўваецца супраць самаго панятку “дэмакратыя”.
Такім чынам, у падобных умовах, мы можам дайсьці да сытуацыі, калі “ўсеагульнанароднае ату” будуць крычаць “злодзеям” у выглядзе НДА ці прададзеным варожаму захаду апазыцыйным “баевікам” ці “адмарозкам” … І гэта ёсьць зусім легальная афіцыйная тэрміналёгія ў дачыненьні да апанэнтаў дзейснае ўлады, якая публічна ўжываеца на самым высокім узроўні і санкцыявана запускаецца ў масы праз манапалізаваныя афіцыйныя СМІ й тэлеканалы!
Але непавага да апанэнтаў у цывілізаванай спрэчцы – рэч проста недапушчальная. Яна спараджае адекватную рэакцыю й грамадзтва рызыкуе скаціцца ў бездань безплённай варожасьці й супрацьстаяньня … Аднак, усе мы – прыхільнікі міру, дабрабыту і спакою. І пра гэта нельга забываць ніколі. У іншым выпадку, нам абавязкова знойдуць, каго нелюбіць і супраць каго змагацца ва ўлалснай краіне …
Годзе шукаць ворагаў! Іх тут няма!

Напрыклад, 15.08.2007г. увечары БТ чарговы раз прадставіла працяг “тэлесэрыялу”, скіраванага на шырокага гледача. Тут, як заўсёды, на фоне спэцыяльна скампанаваных, розных, абсалютна безшкодных відэакадраў з удзелам замежных дыпляматаў, маладых удзельнікаў НДА ў скаўцка-маладафронтаўскім летніку, замежных карцінак з вуліцаў Варшавы ці Вільні …, гучаў напружаны й безапэляцыйны, як бы выкрываючы нейкую, ледзь не дзяржаўную змову, голас. І кім бы вы думалі палохалі наіўнага беларускага тэлегледача?!

Канешне – няўрадавымі арганізацыямі (НДА) і іхнымі актывістамі. Пры гэтым, маляваўся вобраз шпіёнска-тэрарыстычных альбо дывэрсыйных груповак …(!?), каардынуемых “варожым Захадам”. Пры гэтым, шмат разоў у нэгатыўным і, нават, акрэсьлена варожым кантэксьце гучалі словы “дэмакратыя”, “прасоўваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў”, “агенцыя Злучаных Штатаў па інфармацыйным разьвіцьці”, “замежнае фінансаваньне”, “сетка няўрадавых арганізацыяў”, “замежныя дыпляматы”, “замежныя амбасады”, “міжнародны інстытут”, “семінары па падрыхтоўцы”, “Летува” …
І гэта, нажаль, ёсьць цалкам афіцыйным пунктам гледжаньня!

Пасьля падобных споведзяў зьдіўляцца таму, што рэгіструючы ворган Міністэрства Юстыцыі Беларусі (цалкам складзены з падначаленых і залежных ад улады чыноўнікаў) не прапускае да легальнае дзейнасьці практычна ніводнага незалежнага грамадзкага аб’яднаньня, зусім не прыходзіцца.
Напрыклад, грамадзкай арганізацыі “БАРЦ”, кіраўніком якой быў заяўлены апанэнт кіруючае ўлады на апошніх Прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч, яшчэ ў 1999 годзе было адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны таго, што ў ейным статуце мэтадамі дзейнасьці былі абраныя: дапамога іншым грамадзкім арганізацыям і інфармаваньне грамадзкасьці пра статутную (чытай рэглямэнтаваную ў законным парадку) дзейнасьць гэтых арганізацыяў і фізычных асобаў … (!?)
І адразу ўзьнікаюць заканамерныя пытаньні. Што тут за небясьпека? Чаго тут трэба баяцца дзяржаве, якая прытэндуе на месца ў эўрапейскай дэмакратыі? Чаму адна магчымасьць распаўсюду праўдзівай інфармацыі пра дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў і актывістаў НДА выклікала гэткую нэрвовую і дэструктыўную рэакцыю ўладаў?!
Безумоўна, адказ на гэтае пытаньне відавочны. Бо адзіная ідэалёгія як і “манаполія на праўду” – патрабуюць “пастаянных ахвяраў”. І чым больш улада губляе пазыцыі, тым больш жорсткім і ўсеабдымным становіцца мэханізм кантролю і пашыраецца ўціск на свабоднае слова, думку і саму магчымасьць аб’ядноўвацца, каб разам прасоўваць свае погляды і ідэі …

Да таго ж, адразу ўзгадваюцца словы з адной з прэсавых канфэрэнцыяў Главы дзейснае беларускае ўлады наконт існаваньня ў Беларусі раскрытых і вядомых адпаведным службам, “узятых на ўлік” праваахоўнымі ворганамі “падрыхтаваных і гатовых у любы час выйсьці на вуліцы” у колькасьці “адной … ну паўтарых тысячаў” сапраўдных “адмарозкаў”, гатовых на любыя дэстабілізуючыя грамадзтва дзеяньні … (!?)

Калі ў падобнае верыш, дзеля захаваньня спакою ў краіне, узьнікае нават жаданьне гучна, ва ўвесь голас спытаць: “… дык чаму іх усіх, гэтых тэрарыстаў і бандытаў як сапраўдных “ворагаў народу”, адразу не арыштуюць ды не пакараюць “па справядлівым беларускім законе”… !?
Зноў ляяльнасьць!? Бязьмежная дабрыня й жалезная вытрымка кіраўніцтва краіны!? Аднім словам – выдаткі дэмакратыі і лібэралізму!?”

Але любая падобная “інфармацыйная правакацыя” ў масавых СМІ разьлічана на адпаведную й прагназуемую рэакцыю аўдыторыі. Дык можа падобнай рэакцыі і дабіваецца прадбачлівы цуда-факір-ідэоляг, замаўляючы адну тэленавэлу за другой, пастаянна сілкуючы падобнымі эмоцыямі і адпаведнымі паранаідальнымі ідэямі грамадзкую думку?
І сапраўды кажучы, імідж народнага абаронцы, волата-заступніка, айца нацыі … патрабуе пастаянных выдаткаў і сыстэматычнае працы. Асабліва – напярэдадні выбарчых кампаніяў, дзе ўлада не саступае ні кроку апанэнтам. Як на сапраўдным фронце! Супрацоўнікам БТ таксама не пазайздросьціш. Паспрабуй у падобных абставінах не выканай вышэйшы загад і “не выдай нагара” патрабуемы вынік.
Таму, задача адна – “каб ніхто нават не мог сумнявацца ў нашай з вамі перамозе”…

Пасьля падобнай “ідэалягічнай артпадрыхтоўкі” натуральным бачыцца, што сапраўды ніводны “вораг не павінен прайсьці”. Стрымліваюць, відавочна, толькі сумненьні. У каго іх не бывае?
Паспрабуй ка ліквідуй адразу ўсіх апанэнтаў улады! Як тады патлумачыш неабходнасьць выконваць “афіцыйны плян па перамогах” у выбарчых баталіях? У гэтай сытуацыі “ідэалягічны псыхоз” рызыкуе скіраваць сваё вастрыё ў глыбь грамадзтва і, нават, самой сыстэмы.
Нябачныя апанэнты для ўлады – таксама стануць сваеасаблівай “замаскіраванай мішэньню”. А ў “барацьбе за аўтарытарны партфэль”, лічыцца, што рызыка павінна быць амаль нулявою. Карацей, дэвізам ёсьць “стабільнасьць, надзейнасьць і поўная прадказальнасьць”! Аднім словам – поўная гарантыя.
Як казалі раней камуністы і сёньня кажуць “вэртыкальнікі” – кадры вырашаюць усё. І гэта – сапраўды праўда.
Але мусіць быць ратацыя і сапраўдная канкурэнцыя праграмаў, здольнасьцяў, ідэяў! Ня можа быць адзінаправільных і назаўсёды лепшых за ўсіх астатніх ні “паноў”, ні “таварышаў”, ні дэпутатаў …, ні прэзыдэнтаў.
Бо дэмакратычная сыстэма ўлады прадугледжвае адкрытасьць для дзейсных выбарчых мэханізмаў. А грамадзтва павінна мець магчымасьці кантраляваць любую галіну ўлады, праводзіць імпічмэнты, пераабіраць і адклікаць не толькі дэпутатаў, але й прэзыдэнтаў краіны … Бо, нязьменны палітык у дэмакратычным грамадзтве – рэч гэтак жа ненатуральная й абсурдная, як і “шматразовы падгузьнік” …

Але ў нас – поўны ідэалягічны дыктат “людзей у шэрым”. І атрымліваецца так, што яны, сапраўды, вырашаюць усё за нас, закрываючы вочы на грамадзянскія правы й свабоды, ствараючы вобразы “злых і прадажных дэмакратаў, НДА, праваабаронцаў, палітыкаў …”. А таксама – “добрых, цярплівых, справядлівых, … ўсемагутных” гаспадароў, “абаронцаў краіны” – нязьменных і безальтэрнатыўных кіраўнікоў дзяржавы.

Пры гэтым, трэба заўважыць, што без аніякіх праблемаў, фактычна плянава, у Беларусі зусім нядаўна ўзьнікла новая “правільная” НДА-ДА – так называемая недзяржаўна-дзяржаўная арганізацыя*. Карацей – створаная “зь верху” быццам няўрадавая арганізацыя. А насамрэч – праўрадавая ідэалягічна-партыйная структура з “паэтычнай назваю” – як у папулярнай расейскамоўнай беларускай песьні пра “Белую Русь”.

У сувязі з гэтым абсалютна зразумелым становіцца адказ на заканамернае пытаньне.
Хто альбо што прымушае ўладу, тэрмінова ствараючую чарговую праўрадавую квазіграмадзкую структуру ці адзіную на ўсю Беларусь самую “Белую” і “Рускую” ды “істынна славянскую” “правільна патрыятычную” партыю, скіроўваць “зброю” афіцыйнае прапаганды супраць свабодных ад ідэалягічнага ўплыву грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, выстаўляць іх у якасьці “сучасных страшылак”, у вобразе ледзь не шпіёнскіх ці бандыцкіх груповак, пасобнікаў “варожага захаду” і “драпежнага амэрыканскага імпэрыялізму”?
І навошта ў гэткі сьпякотны летні сэзон 2007 года нехта вырашыў “паліць па вераб’ях” з усіх дальнабойных “гарматаў”? І гэта – амаль за год да чарговых выбараў у Беларускі парлямэнт!? Што ж будзе далей?
Няўжо ў чарговы раз грамадзкасьць прымусяць паверыць у безадказную працу “чорнага”, фактычна, брутальнага ПІАРу? Няўжо замест таго, каб паверыць у “фальсыфікацыі”, падманутая такім чынам большасьць будзе зноў наіўна сетаваць на “недабор галасоў” …?!

Сапраўды кажучы, тут існуе вялікая праблема безальтэрнатыўнасьці і агрэсыўнасьці афіцыйнае прапаганды. Яна дзейнічае нават не “на мяжы фолу”, а па-за любымі правіламі. Бо дзейсная ўлада ўжо проста прызвычаілася сама сябе лічыць законам.
Таму, праблема ў тым, што як заўсёды, многія з нас працягваюць амаль аўтаматычна трапляць у пастку высокааплачваемых “спэцыялістаў нябачнага фронту”, палітолягаў і “ідэалягічных шаманаў”. А яны сапраўды безпакарана й цынічна карыстаюцца нашай занятасьцю, недахопам ведаў і інфармацыі, наіўнай даверлівасьцю і літаральна ўкладаюць у нашыя “забітыя штодзённымі праблемамі” галовы “пралічаныя за нас” свае ўласныя “сцэнары мысьленьня і дзеяньняў”.
Такім чынам, поўным ходам запускаецца й працуе махавік нэйралінгвістычнага праграмаваньня, на поўную магутнасьць “дыміць” фабрыка па вырабу “сучасных зомбі”, якіх напампоўваюць самымі яснымі й неаспрэчнымі (на першы погляд) фармулёўкамі, ідэалягемамі, скіроўваюць супраць загадзя абраных “мішэняў”.

Падобная тэхналёгія, дазваляе “разбамбіць любую стаю вераб’ёў”, дзе б яна не праляцела. Таму, пад выглядам барацьбы з “пагрозамі міру й стабільнасьці” у краіне пачынае правіць балем вышэйшая за права, закон і дэмакратыю – ідэалягічная мэтазгоднасьць і фактычна ўзурпаваўшая ўладу аўтакратыя.
Ахвярамі падобнай неабвешчанай “ідэалягічнай бойні” ёсьць усе мы, кожны з нас – бо нас прымушаюць гуляць на баку мацнейшае й агрэсыўнае сілы, якая заўсёды скіраваная супраць часткі нашага грамадзтва й ставіць за мэту захаваньне ўласнага дамінуючага становішча праз дыскрэдытацыю і падаўленьне іншадумства, падзел грамадзтва і маніпуляваньне грамадзкай думкаю …

Ці магчыма ў падобных умовах рэгістраваць сапраўды незалежныя і працаздольныя грамадзкія арганізацыі!? І ці могуць грамазяне, хаця б на стадыі стварэньня і разьвіцьця грамадзянскай ініцыятывы, дзейнічаць легальна й быць упэўненымі ў тым, што гэта не супярэчыць ні інтарэсам дзяржавы, ні актам заканадаўства?

З практычнага пункту гледжаньня гэта выглядае сёньня проста фантастычна.
Аднак, што кажа на гэты конт закон?

Аказваецца, што ў беларускім заканадаўстве (верагодна на думку многіх самым гуманным у сьвеце), а менавіта ў Дэкрэце №2 Прэзыдэнта РБ … ці ў Крымінальным кодэксе (арт. 193-1) утрымліваюцца палажэньні, якія забараняюць дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за супрацу ці садзеяньне ў дзейнасьці незарэгістраванае арганізацыі (!?).
Ну, на прыклад, уявіце сабе наіўных “сабакаводаў” ці “аматараў пушыстых котак”, якія нават ніколі й не зьбіраліся рэгістравацца …(!?)
І ці вартыя гэткага пакараньня грамадзяне, якія раптам вырашуць арганізавана абараняць уласныя інтарэсы, перакананьні альбо грамадзянскія і палітычныя правы?!
І ў чым тады палягае сутнасьць падобнага “перасьледуемага па законе” так называемага злачынства?!

Безумоўна відавочным ёсьць тое, што рэалізацыя права, у тым ліку Канстытуцыйнага, ня можа адвольна абмяжоўвацца і тым больш перасьледваца па законе! У прававым сэнсе падобны закон, які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі – нікчэмны й ня можа ўжывацца, бо ня мае аніякае юрыдычнае сілы.
Але, сёньня гэты Дэкрэт №2 у Беларусі дзейнічае на поўную моц. Узгадайма цэлы шэраг “маладафронтаўцаў”, якія падвергліся сапраўднаму адміністрацыйна-крымінальнаму перасьледу толькі за адну прыналежнасьць да ўласнай арганізацыі. Але “Малады Фронт” – гэта адна з моладзевых арганізацыяў, нацыянальна-патрыятычнага і дэмакратычнага спэктру дзеяньня, якую сьвядома адмаўляецца рэгістраваць Мінюст РБ.
Такім чынам, цалкам парушаюцца правы грамадзянаў на свабоду асацыацыяў, думкі і распаўсюд інфармацыі, супольную рэалізацыю ўласных інтарэсаў …

Так, сёньня ў Беларусі замест рэгістрацыйнага, Дэкрэтам №2 ад 1999 году, фактычна, ўведзены дазваляльны прынцып рэгістрацыі НДА.
Пры гэтым, сама працэдура аказалася сур’ёзным “ідэалягічным бар’ерам”, сваеасаблівым “адміністратыўным сітам” для мноства карысных грамадзтву няўрадавых арганізацыяў, зыніцыяваных самімі грамадзянамі для вырашэньня тых ці іншых праблемаў, абароны супольнай інтарэсаў, выказваньня розных і, часам, значна адрозных ад праўрадавых думак і пазыцыяў …
Яны цалкам натуральна і абсалютна правамерна вызначаюць для сябе адпаведныя статутныя мэты і задачы, адрозныя ад мэтаў і задачаў, датычных пануючай афіцыйнай ідэалёгіі у цяперашняе Беларусі. Але, іх – проста не рэгіструюць.

Калі ж зьвярнуцца да Канстытуцыі Беларусі, цікавым будзе заўважыць, што ейным
4-ым артыкулам ясна забараняецца адзіная і абавязковая для грамадзянаў ідэалёгія.
Аказваецца, нэгатыўны гістарычны досьвед “аднапартыйнага цэнтралізму”, характэрнага для аўтарытарных рэжымаў, быў улічаны заканадаўцам.
І сёньня ў Беларусі Канстытуцыйна забаронена аднаўляць падобную неправамерную практыку, на якой трымалася раней савецкая сыстэма падпарадкаваньня й ідэалягічнага дыктату.
Так, у част. 1 арт.4 тут вызначана, что “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь зьдзяйсьняецца на падставе шматлікасьці палітычных інстытуцыяў, ідэалёгіяў і думак. …”
У ч.2 гэтага артыкула дадаткова бачым, што “ідэалёгiя палiтычных партыяў, рэлiгiйных альбо iншых грамадзкiх аб’яднаньняў, сацыяльных групаў ня можа ўстанаўлiвацца ў якасьцi абавязковай для грамадзянаў”.

Пры гэтым, часткі 1 і 3 арт. 5 Каснтытуцыі РБ адпаведна вызначаюць, што “… грамадзкія арганізацыі, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі …” і толькі “забараняецца стварэньне і дзейнасьць … грамадзкіх арганізацыяў, якія маюць мэтаю гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу ці якія вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці”.

Цяпер зразумелым становіцца дзеля якіх мэтаў ствараецца вобраз варожых Канстытуцыйнаму ладу РБ няўрадавых арганізацыяў у Беларусі. У гэтым выпадку, іх можна як сетку “варожых” і небясьпечных для грамадзтва арганізацыяў – зьнішчаць “без суда й сьледзтва”.
Чаму без суда? А хто ў нас здольны судзіць, калі “вораг” ужо “вызначаны і зацьверджаны афіцыйна”! Засталося толькі запусьціць “адпаведны канвеер”?!
Хто здольны спыніць падобную “вытворчасьць” і трапіць у “няміласьць начальству”?
Хто ўласнымі рукамі вырашыць пазбавіць сябе заробку і сродкаў для існаваньня?
І хто будзе праводзіць сьледства ўва ўмовах безпакаранага ідэалягічнага дыктату?!

Аднак, неправамернасьць падобнай практыкі ў сёньняшняе Беларусі – відавочная.
Што ж пры гэтым адбываецца? Аказваецца, дыктат і ідэалягічныя структуры, якія яго зьдзяйсьняюць, а дакладней, якім дадзена “вышэйшая прэфэрэнцыя” дзейнічаць насуперак Канстытуцыйнаму праву – насамрэч, і ўяўляюць сапраўдную пагрозу міру і стабільнасьці ў Беларусі. Бо, менавіта яны ўяўляюць арганізаваную і, зсутнасьці, злачынную карпарацыю, якой на сёньняшні дзень дадзена поўная свабода дзеяньняў.
І гэта ёсьць галоўным апірышчам, адпраўной кропкаю, зь якой пачынаецца і на якой можа аднойчы скончыцца жыцьцёвы шлях цяперашняга аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

Дык мае вядомая праваабарончая арганізацыя “Вясна”, якая падала ў Мінюст РБ адпаведныя дакумэнты, хоць нейкі шанец быць зноў зарэгістраванай пры сёньняшнім рэжыме?

Думаецца, што на гэтае пытаньне зараз здольны адказаць ужо сапраўды кожны.
Але адказ будзе, нажаль, худчэй адмоўным, чым станоўчым. Аднак, вельмі ўжо хацелася б тут памыліцца. Бо кожны з нас патаемна хацеў бы паверыць у гэткае безумоўнае цуда, каб убачыць як улада пачала выпраўляць уласныя памылкі ды набліжацца да дэмакратычных крытэраў прыстойнасьці й дабрасумленнасьці.
Але пакуль, сапраўды, каму ў сёньняшняе ўладзе патрэбныя легалізаваныя правабарончыя арганізацыі і самі праваабронцы?
Яны ж не пройдуць міма нахабства і безадказнасьці любога чыноўніка, заступяцца за простага чалавека, будуць адстойваць ягоныя сапраўды безкаштоўныя для любой прагрэсыўнай супольнасьці грамадзянскія правы і свабоды.
“Слугі народу” мусяць дбаць пра рэалізацыю дзяржаўных гарантыяў у выкананьні Канстытуцыйнага і Міжнароднага права, а не пра падаўжэньне любымі сродкамі тэрміну захаваньня ва ўладзе і бязьмежнае мацаваньне “аўтарытарнага рыжыму”, як нейкай адзінай, самадастатковай і нязьменнай каштоўнасьці ў краіне.

Па тым, як актыўна і скурпулёзна пачалася праверка Мінюстам РБ дакумэнтацыі, сьпісаў актывістаў, удзельнікаў устаноўчага сходу “Вясны” … можна судзіць пра важкасьць пастаўленага перад уладаю пытаньня.
Так, за апошні месяц практычна кожнаму зь “вясноўцаў” патэлефанавалі й правялі, так бы мовіць, мэтавае апытаньне. Некаторым, нават, паспрабавалі прапанаваць пісьмова падцьвердзіць свой удзел ва ўстаноўчым сходзе арганізацыі. Разьлік – відавочна просты. Індывідуальная праца зь людзьмі, вывучэньне слабых месцаў і выкарыстаньне адпрацаванага сродку ўплыву, “людзкога фактару” – адзін з шляхоў знайсьці зачэпку для матывацыі рыхтуемай калегіяльна “адмовы” ў рэгістрацыі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Вясна”.

Варта зноў узгадаць апошнюю афіцыйную прапаганду на БТ, якая палохала грамадтва Беларусі няўрадавымі арганізацыямі і верагоднымі дэмакратычнымі пераменамі. Апошнія прадстаўляліся выключна ў якасьці кіруемых “варожым Захадам” “тэрарыстычных структураў” і небясьпечных для міру й стабільнасьці “каляровых рэвалюцыяў”.
Падобная вэрсыя “праўладнага тэлеканалу”, канешне, мае права на існаваньне, але пры ўмове наяўнасьці на БТ нейкай адэкватнай інфармацыйнай альтэрнатывы. Манапалізаваныя СМІ самі зьяўляюцца недабрасумленнай зброяй і здольныя не проста распаўсюджваць інфармацыю, але навязваць афіцыйныя меркаваньні.
А паважаючая сябе ўлада, як уяўляецца, не павінна так абыходзіцца з правамі ўласных грамадзянаў.
Бо толькі чалавек, толькі народ, толькі актыўнае і працаздольнае дэмакратычнае грамадзтва, якое служыць інтарэсам кожнага чалавека, зьяўляюцца асноўнымі й нязьменнымі каштоўнасьцямі любога прагрэсыўнага гаспадарства.

Таму, абсалютна недапушчальным уяўляецца падобны перасьлед па прыкмеце звычайнай грамадянскай актыўнасьці, ініцыятыўнасьці ці дзяржаўнага патрыятызму. Грамадзянская самаахвярнасьць і скіраванасьць на вырашэньне наяўных жыцьцёвых праблемаў – выключна станоўчы патэнцыял любой краіны. Бо адна ўлада ня здольная вырашаць усемагчымыя й разнастайныя праблемы. Ініцыятыўныя грамазяне, іхныя здольнасьці й творчы патэнцыял – велізарная дынамічная сіла для станоўчых пераменаў. І чаго ж тады тут баяцца?
Кожны разумее, што перамены сапраўды сасьпелі й ход прагрэсу не спыніць “прапагандыскімі заклінаньнямі”!
Пры гэтым, сапраўды, што зьяўляецца кепскім, калі аб’яднаўшысь у асацыацыю, людзі, напрыклад, самі пачнуць вырашаць уласныя жыцьцёва важкія на іхны погляд пытаньні? Хто можа ім забараніць рабіць гэта зарэгістраванымі альбо ў нейкай іншай форме? Якая такая ўлада і па якому такому праву можа усё гэта адсачыць і абвясьціць кожнага зь іх парушальнікамі ці злачынцамі, калі Канстытуцыя РБ (арт. 36) і Міжнародны Пакт (арт. 22), абавязковыя для кожнага суб’екта ў Беларусі, адназначна й ясна замацоўваюць за кожным грамадзянінам падобнае натуральнае і неад’емнае права на асацыацыю!?

Акрамя таго, у Асноўным Законе Беларусі “чорным па белым” прапісана, што кожнаму грамадзяніну Беларусі дзяржава гарантуе:
1) “права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд, дакладнай і сваечасовай інфармаціі, дзейнасьці дзяржаўных ворганаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычнай, эканамічнай, культурным і міжнародным жыцьці …”. (< > “Карыстаньне інфармацыяй можа быть абмежаванае” толькі “заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасьці, асабістага й сямейнага жыцьця грамадзянаў і поўнага зьдзяйсьненьня імі сваіх правоў”) – арт. 34;
2) “… права на свабоду аб’яднаньняў …” – арт. 36;
3) “а. … права на свабоду асацыацыяў зь іншымі …”; (Пры гэтым, “в. карыстаньне гэтым правам не падлягае аніякім абмежаваньням, акрамя тых, якія прадугледжаныя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадзтве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і нораваў насельніцтва ці аховы правоў і свабодаў іншых асобаў. …)
4) “1. … права безперашкодна прытрымлівацца сваіх думак;
2. … права на свабоднае выказваньне сваёй думкі”
… свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваваць розную інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова альбо сродкамі друку ці …іншымі спосабамі на свой выбар.”… – арт. 19 названага Міжнароднага пакта аб грамадзянгскіх і палітычных правах ад 1966г. (адпаведны артыкулу 34 Канстытуцыі РБ).

Пры гэтым, як ужо стала абсалютна зразумелым, сёньня ў Беларусі назіраеца вялікае мноства выпадкаў нерэгістрацыі, неперарэгістрацыі НДА альбо перасьледу іх за незарэгістраваную дзейнасьць.
Але, калі кіравацца “лёгікай права”, а не парушаць закон “на права і на лева”, тады любое падобнае абмежаваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў, тым больш перасьлед (у тым ліку крымінальны) за дзейнасьць асацыацыяў у незарэгістраваным фармаце ёсьць абсалютным праўным нонсэнсам!
Пра якую законнасьць мэтаў ці дапушчальнасьць у дэмакратычным грамадзтве падобных ідэалягічных абмежаваньняў можа тут ісьці размова?! І ці можна назваць абмежаваньнямі фактычна праўрадавую “палітычную замову” ідэалягічна непадкантрольных уладзе суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці?!
Падобныя меры дыскрэдытацыі і перасьледу нагадваюць ганебныя “вайсковыя дзеяньні супраць “няўзброеных” ці “ўзятых у палон” уласных грамадзянаў, супраць іхных неад’емных свабодаў, супраць грамадзкай супольнасьці цалкам, як асноўнага апірышча свабоднае думкі і ініцыятывы, сапраўднага падмурку дэмакратыі.
І тут не залішнім будзе нагадаць, што менавіта на Канстытуцыі краіны дае сваю клятву ейны Прэзыдэнт як будучы гарант правоў і свабодаў усіх грамадзянаў.

Такім чына, можна ўпэўнена канстатаваць, што дзейнасьць у Беларусі няўрадавых арганізацыяў не проста абмежаваная звыш устаноўленых правам межаў, не проста складаная ці непапулярная, яна мэтадычна і пасьлядоўна публічна дыскрэдытуецца, адкрыта прыціскаецца і перасьледуецца дзейсным рэжымам.
Акрамя таго, правакацыі і перасьлед у дачыненьні сябраў і актывістаў, лідараў НДА набіраюць усё большыя абароты. Улада баіцца пераменаў. Перамены бачуцца ёй сьмяротным самапакараньнем – таму ворагам нумар адзін у грамадзтве неабвешчана лічыцца “актыўная грамадзянская пазыцыя і ініцыятыўнасьць”. Рэжым робіць усё, каб не дапусьціць сапраўднага аб’яднаньня грамадзтва. Ён баіцца грамадзянскай салідарнасьці і ініцыятывы, адукаваных, свабодных грамадзянаў і зьдзяйсьненьня імі сапраўднага асэнсаванага выбару. Ён – баіцца пераменаў.

Але, падставовым прынцыпамі дэмакратычнага грамадзтва ёсьць свабода кожнага суб’екта (грамадзяніна, асацыацыі грамадзянаў…) мець, выказваць, распаўсюджваць свае ўласныя думкі й погляды, свае перакананьні адрозныя ад афіцыйных, аб’ядноўвацца ў асацыацыі для абароны сваіх інтарэсаў і адпаведных правоў і свабодаў.

Акрамя таго, відавочным ёсьць тое, што менавіта права грамадзянаў на асацыацыю, свабоду думкі і распаўсюд інфармацыі … ляжаць у падмурку дэмакратычных свабодаў і прапісаных артыкуламі 3, 4 і 5 Канстытуцыі РБ асноваў Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.
Таму парушэньне гэтых Канстытуцыйных прынцыпаў, як і прынцыпу адмовы ад адзінай і абавязковай для ўсіх суб’ектаў грамадзтва ідэалёгіі – ёсьць арганізаваным і сьвядомым замахам на дадзеныя асновы Канстытуцыйнага ладу ў краіне, што мусіць быць неадкладна спынена і адпаведным чынам перасьледвацца па законе.

У выніку, можна канстатаваць, што ў Беларусі сёньня ўсё робіцца з дакладнасьцю наадварот. А праўда і права тут – слабейшыя за цынічны падман і ідэалягічны дыктат.
Аднак, я абсалютна ўпэўнены, што не далёк той час, калі Закон Сумленьня і Праўды – пераможа і ў нашай краіне. “Хто быў слабым – ды ўвазвысіцца”!
І да будзе так, як на тое ёсьц воля Боская!
І да адбудзецца тое, да чаго імкнецца мой шматпакутны, Богам
абраны, адзіны, годны й непераможны Беларускі народ!
_____________________________________________________________________________
* – НДА-ДА (NGO-GO) – так называемая недзяржаўна-дзяржаўная арганізацыя. Арганізацыя, створаная з ініцыятывы ўлады, маючая дзяржфінансаваньне, дзяржсупрауоўнікаў як цалкам падкантрольная дзяржаўная структура. Акрамя таго, яна прэзентуецца на полі дзеяньня грамадзкіх арганізацыяў як паказальная й маючы найлепшыя ўмовы, рэкамэндацыі і прэфэрэнцыі ўлады, удзельнічае ў няўрадавях асацыацыях і саюзах, аказвае ўплыў пры прыняцьці калегіальных рашэньняў, імкнецца атрымліваць дадатковае фінансаваньне праз удзел у конкурсах грантаў, праводзімых рознымі замежнымі фундацыямі …

17.08.2007г,
Licviny-INFA,
Жодзіна.

4 thoughts on “БЫЦЬ альбо НЕ … БЫЦЬ – ВОСЬ у чым ПЫТАНЬНЕ!”

  1. Kostikes says:

    Странная вещь – подписался у вас на rss а кодировка неверная приходит ….

  2. lexdrive says:

    У вас хороший блог. Нехотите обменяться ссылками ? Если согласны, напишите мне на мыло плз

  3. neo says:

    Каб падпісайцца на rss разсылку by.prava-by.info трэба мець адпаведную праграму (RSS Reader) альбо запампаваць яе …

    Далей апісана настройка на прыкладзе праграмы Evanselect RSS feed reader 1.0Evanselect-RSS-feed-reader.

    Спампаваць яе можна па адрэсе: http://www.eurodownload.com/download-software/128573/Evanselect-RSS-feed-reader.html

    Інструкцыю для гэтага глядзі тут:

    Active Web Reader націснуць Download. Зпампаваць і інсталяваць праграму на ўласны кампутар.

    Пры першым запуску – выбраць Add a new feed.
    Увесці адрас rss разсылкі ў залежнасці ад неабходнасці: http://by.prava-by.info/feed (для навінаў) выбраць перыядычнасць праверкі фіда насупраць Check for updates every – мінімальна можна абраць пэрыядычнасьць 1 гадзіну – націснуць add.

    Унізе сьпісу зьлева зьявіцца дададзены фід. Пажадана яго перайменаваць, каб не было каракуляў.

    Астатнія, тыя што знаходзяцца вышэй можна выдаліць. Гэтыя дзеяньні выконваюцца пры дапамозе націсканьня правай клявішы мышы на фід. і выбіраньня патрэбнага пункту ў выпадаючым меню.

    Скарыстайцеся гэтым … – можа дапаможа.

  4. Светко says:

    Покажу подруге – статья просто супер

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>