2009 10/09

Janka Lapicki09.2009, як звычайна, рана ранкам беларускі падлетак, Янка Лапіцкі, узьняўся й пайшоў, як аказалася потым – ва ўжо не сваю … Гімназыю №1 …

Як і ўчора дзьверы ягонага навучальнага пакою былі зачыненымі. Таму, 35 хвілінаў вучань чакаў настаўнікаў у калідоры пакуль ім зноў не занялася Гімназычная адміністрацыя …

Сакратарка з дазволу дырэктара зарэгістравала чарговую заяву бацькоў, якую зноў, не адказваючы на папярэднія, запатрабаваў учора 09.09.2009 ад бацькоў дырэктар Генадзь Коршун (гл. у дадатку).

Усе чакалі, што пасьля гэтага ўрэшце заняткі па беларускамоўнай праграме ў памяшканьні Гімназыі №1 пасьля прымусовага закрыцьця навучальнага памяшканьня 09.09.2009г. адновяцца. Аднак, у дырэкцыі, як бачна, на гэта былі свае пляны …

Янку проста прывезьлі да дому й суправадзілі да дзьвярэй кватэры. Пры гэтым, дырэктар перадаў яму, што для адкрыцьця памяшканьня бацькам варта напісаць яшчэ адну заяву (!) з абгрунтаваньнем гэтага свайго патрабаваньня й дадатковым пазначэньнем таго, што ў кватэры зараз нельга займацца з прычыны захворваньня сябраў сямьі …

Калі прозьба была выкананая, Янка аднёс заяву ў Гімназыю …

Але далей адбываліся яшчэ больш дзіўныя справы … Запатрабаваную дырэктарам і зробленую тэрмінова бацькамі заяву – проста адмовілася рэгістраваць сакратарка (!). Для гэтага ёй патрэбны быў дазвол ад дырэктара (!), якога не было на працоўным месцы.

Акрамя таго, калі вучань разам з настаўніцай ангельскае мовы, ўладкаваўшысь у школьнай бібліятэцы, толькі распачалі заняткі, сацыяльны пэдагог Галіна Лепаўка знайшла іх і ад імя дырэктара Гімназыі забараніла (!?) праводзіць урок на тэрыторыі адукацыйнай установы (!?) Такім чынам, урок, які мог адбыцца як і ўчора, у бібліятэчным памяшканьні быў сарваны адміністрацыяй школы. Янка толькі пасьпеў атрымаць хатняе заданьне. Так чарговыя спадзяваньні бацькоў на працяг навучаньня сына ў межах Гімназыі №1 у Жодзіне ізноў аказаліся марнымі.

Тэрміновыя перамовы з супрацоўнікам прыёмнай Міністра Адукацыі Аляксандрам Трафімчуком, якія правёў ад самага ранку бацька Янкі, скончыліся тым, што апошні з прычыны адсутнасьці ці занятасьці вышэйшага кіараўніцтва (адпаведна – сп. А.Радзькова і сп. К.Фарыны), паабяцаў тэрмінова паразмаўляць з кіраўніком Галоўнага ўпраўленьня Мінадукацыі сп. Юрыем Гладковым. Ён патлумачыў, што Мінадукацыі паспрабуе хутчэй адрэагаваць пісьмова на пададзеныя туды заявы бацькоў, улічваючы той стан, у які яны пастаўленыя сёньня дзеяньнямі мясцовых уладаў.

Аднак, як бачна сытуацыя з Рашэньнем №928 Жодзінскага выканкаму сталася “колам у горле” як для Жодзінскай Гімназыі №1, гэтак і для вышэйшых адукацыйных установаў сыстэмы Мінадукацыі … Ад яе працягваюць пакутваць пазбаўляемыя права на беларускамоўную адукацыю гімназычнага роўню бацькі Янкі й сам вучань. Іх у літаральным сэнсе гвалтоўна ставяць перад фактам адмовы прадстаўляць гарантаваныя дзяржаваю адукацыйныя паслугі па-беларуску ў нармальных гімназычных умовах па праграме гімназычнага ўзроўню.

Ня гледзячы на складанасьці з станам здароўя сябраў сямьі Янкі Лапіцкага, а таксама небясьпекі ягонага пагаршэньня – створаныя штучна экстрэмальна срэсавыя абставіны, зьвязаныя сёньня з санкцыяванай зьверху штодзённай фізычнай забаронаю навучаньня жодзінскага падлетка ў межах Гімназыі – нарастаюць з новай сілаю.

Так, напрыканцы сёньняшняе “баталіі”, пасьля атрыманьня ўсіх запатрабаваных ад бацькоў заяваў, дырэктар Гімназыі №1 Генадзь Коршун, патэлефанаваў Аляксею Лапіцкаму й вырашыў адкрыць яму “срашную таямніцу” … Кіраўнік дзяржаўнай навучальнай уснатовы прызнаўся, што чарговую забарону прадстаўляць памяшканьне для далейшага навучаньня Янкі Лапіцкага ў памяшканьні Гімназыі, ён атрымаў у якасьці новага распараджэньня на нейкая “сэлектарнай нарадзе ў выканкаме”. У гэтай нарадзе ўдзельнічаў кіраўнік Жодзінскага выканакаму Васіль Грышчанка, кіраўніцтва адукацыйных адзьдзелаў Жодзіна й нават Менаблвыканкаму … А рэалізуемая сёньня Гімназыяй палітыка – узгоднена кіраўніцтвам на ўзроўні Яўгена Гарыда (Жодзіна) і Таісы Данілевіч (Менск). Таму, ён, Генадзь Коршун, ня будзе прадстаўляць памяшканьне для беларускамоўнага навучаньня Янкі – у любым выпадку (!?).

Пры гэтым, дырэктар Гімназыі №1 ужо ў адкрытай форме выказаў пагрозу Аляксею Лапіцкаму ў тым, што калі бацькі ня будуць прадстаўляць уласную кватэру для заняткаў іх абвінавацяць у “нерадзівасьці” і праз камісыю па справах аб непаўнагадовых, усё таго ж, Жодзінскага выканкаму – паставяць на месца … Ён з упартасьцю, якую дагэтуль дэманстраваў намесьнік начальніка Жодзінскага ГАА, сп.Шульжык, напярэдадні навучальнага году ў размове з Аляксеем Лапіцкім, зноў агучыў настойліва прапануемы выканкамам сёньня, адзіна магчымы на ягоную думку, варыянт гімназычнага навучаньня Янкі ў межах Гімназыі №1 – навучаньне беларускамоўнага гімназыста ў межах 8-ай “А” клясы – па-расейскамоўнай праграме (!?).

Больш за тое, калі непаўнагадовы падлетак, Янка Лапіцкі, прыйшоў да дому, ён распавёў бацькам, што ягоны дырэктар сп.Генадзь Коршун размаўляў зь ім перад уходам юнака да дому і выказаў “жахлівыя рэчы”!

Аказваеца, галоўны адміністратар жодзінскай адукацыйнай установы спрабаваў у адсутнасьць бацькоў псыхалягічна націснуць і запалохаць і самаго вучня тым, што “заўтра з ранку перад дзьвярыма ягонай кватэры будуць стаяць усе настаўнікі”, што “ў памяшканьне Гімназыі яго не пусьцяць, а калі бацькі адмовяцца пусьціць настаўнікаў у кватэру, на іх будзе складзены чарговы акт і пададзены паперы для пакараньня іх як нерадзівых бацькоў” … Адзіным выйсьцем з сытуацыі дырэктар Гімназыі №1 Г.Коршун назваў навучаньне ў памяшканьні Гімназыі №1 па расейскамоўнай праграме разам з 8 “А“ клясай. Пры гэтым, ён пасьпеў запэўніць падлетка, што яму будзе там “хорошо” і яму не будуць зьніжаць адзнакі, калі ён зробіць нешта па-беларуску (!?).

Такім чынам, сытуацыя максымальна праясьнілася. Замоўцы дыскрымінацыйнага Рашэньня №928 выканкаму пакуль не названыя, але ўжо праглядаюцца актыўныя й пасьлядоўныя “змагары” за вынішчэньне парэшткаў беларушчыны ў гімназычнай сыстэме адукацыі ў Жодзіне. Гэта – Васіль Грышчанка (кіраўнік мясцовага выканкаму), Яўген Гарыд і В.Шульжык (кіраўніцтва ГАА), дырэктар Гімназыі №1 Генадзь Каршун, начальніца Упраўленьня Адукацыі Менаблвыканкаму, Таіса Данілевіч …

Напісаная сёньня бацькамі Янкі й занесеная раніцою вучнем у Гімназыю заява сёньня была зарэгістраваная сакратаркаю толкі аж а 13-00 гадзіне – пасьля дазволу дырэктара.

Вось такая лёгіка…, праўная культура й нацыянальная сьвядомасьць у сёньняшняе “тутэйшае” намэнклятуры …

Для “недастатковай сацыялізацыі ў грамадзтва” (па Данілевіч …) беларускамоўнага гімназыста ў Жодзіне, аказваецца, патрабуюцца:
– радыкальныя захады з прымусовым навучаньнем яго па-расейску альбо
– поўная “эвакуацыя беларускамоўнай навучальнай пляцоўкі” з тэрыторыі дзяржаўнай установы адукацыі ў “хатня-кватэрную рэзэрвацыю”, цалкам ізаляваную ад вучнёўскага соцыюму (!?).

Пры гэтым, ані першы абсалютна зьдзеклівы, супрацьпраўны й антыканстытуцыйны варыянт, ані другі – пераўтвараючы беларускамоўнага хлапчука ў сваёй “беларускай краіне” ў закладніка часовых абставінаў, інструкцыяў, даведак ці волі “гаспадароў з вэртыкалі” у існуючай цалкам дэнацыяналізавана … сыстэме – непрыймальныя для яго і ягоных бацькоў з-за сваёй праўнай дыскрымінацыйнасьці, прымусовасьці й неабгрунтаванасьці.

Такім чынам, рэпрэсыўны характар дзеяньняў “рэжыму” ў Жодзіне супраць сямьі праваабронцаў, які праз сыстэму адукацыі тут вырашае пытаньні чарговай палітычна-ідэалягічнай “зачысткі” перад новымі выбарчымі фарсамі ў краіне, ужо зусім не выклікае сумненьня.

Чаго вартыя разьбітыя ў прах і абсалютна неправамерныя матывацыі забароны беларускамоўнае клясы ў Жодзіне, як “неабходнасьць эканоміі сродкаў” і “недастатковая сацыялізацыя ў грамадзтва” … Наконт другой – ўзгадвалася вышэй. А вось наконт першай, падаецца, усе ўжо даўно забыліся …

Бо выканкам папросту разумее ейную абсурднасьць і неправамернасьць. Ён ня можа не парушыўшы Асноўны закон назваць альбо выставіць суму стратаў ад рэалізацыі бацькамі Янкі гарантаванага ім Канстытуцыйна дзяржаваю Беларусь неад’емнага грамадзянскага права на бясплатную агульнасярэднюю адукацыю сына на дзяржаўнай беларускай мове ў Гімназыі №1 горада Жодзіна дзяржавы Рэспубліка Беларусь.

Таму, на запыты дагэтуль не прадстаўлена калькуляцыя на гэты конт. А выканкам не называе суму, якая падштурхнула мясцовыя ўлады на абсалютна прадказальныя й асэнсаваныя, наўмысна ініцыяваныя гвалтоўныя дзеяньні (дзеяньні па прымусу да расейскамоўнага навучаньня беларускамоўнага вучня ў Жодзіне), дыскрымінуючыя ягоных бацькоў ды й самаго падлетка па нацыянальнай, моўнай ды палітычнай прыкмеце.

ТАМУ, можна адзначыць, што ў беларускім грамадзтве сасьпела глеба для паўнамаштабнай, мэтавай і пасьлядоўнай … новай-старай (як, дарэчы, і ў паказальным, Жодзінскім выпадку) зачысткі іншадумства … Новая хваля – сасьпела для свайго разбуральнага дзеяньня. І для гэтага ўжо вызначаныя й зацьверджаныя на сэлектарных нарадах “жывыя мішэні”… Сасьпелі, як палітычна-ідэалягічныя, гэтак і міжнародна-інтэграцыйныя … эканамічныя перадумовы …

Пры гэтым, беларускамоўныя грамадзяне ў прэтындуючай на цэнтар Эўропы Беларусі – успрымаюцца тут як “недапрацоўка” існуючай аўтарытарнай сыстэмы …(!?) Яны замінаюць спакойнаму існаваньню “правільнай ідэалёгі” й адмоўна ўплываюць на астатніх, на адзінства ў межах “дазволенага зь верху плюралізму думак”, на прыгожую “прэзентабэльную карцінку” й ня менш захапляючую “дэмакратызатарскую рыторыку” пануючага тут рэжыму … Яны – асацыяльныя, бо правільны соцыюм ёсьць “правільна гаварашчы” і “панімаюшчы” начальства … электарат … А яны – не такія, як …

ТАМУ, “ЗА ВОКНАМІ” – ЛІНВАЦЫД …
ДЗЬВЕРЫ ЗАЧЫНЯЮЦЦА … – наступная станцыя ЭТНА …

Ад таго, якім можа быць працяг гэтага слова альбо жодзінскае “ГІСТОРЫІ”… залежыць тое, дзе апынецца нашая краіна ўжо ў самым бліжэйшым будучым!

А прыкметы гэтаму – па ўсёй краіне: справа праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, не рэгістрацыя самай вядомай у сьвеце беларускай праваабарончай араганізацыі як ГПА “Наша Вясна” … ды, паказальна ігнаруючая Асноўны закон і міжнародныя стандарты права, антыбеларуская валтузьня супраць у правінцыйна-сталічным Жодзіне.

Натуральна, што паказальнай расправаю над беларускамонай сямьёю праваабаронцаў – справа не скончыцца. Рашучасьць “салдафонаў” ад улады, пры поўным маўчаньні “гэнэралітэту” тут – шмат аб чым кажа. Дэцэнтралізацыя адказнасьці – у дзеяньні. Генэралы будуць праізносіць прыгожыя “прамовы для” …, а пад гэтыя “фанфары” на пакрытым “правільным спакоем” манапалізаваных СМІ грамадзка-палітычным полі будзе рабіцца мэтава “завостраная” й цынічна безсаромная “вырубка” … Лес рубяць … Куды ні глянь па краіне … І там … І сям …

Але “беднаму мелкалесьсю” галоўнае – самому ня трапіць “пад вырубку”… ў той час, калі на ПЛЯЦЫ НАШАЙ СВАБОДЫ прыносяць у ахвяру “ідалу” – нашую ПРАЎДУ, нашую ГОДНАСЬЦЬ, нашыя НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЬВЯТЫНІ …

І “цягнік” у нашым “мэтро” можа йсьці альбо па ўжо агучаным вышэй “ганебным і згубным маршруце” …, альбо наадварот, наперад … – да станцыяў ПЛЯЦ ПЕРАМОГІ, НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ – да “ІНСТЫТУТУ КУЛЬТУРЫ” …

А ВАМ – КУДЫ?!
ПАСЬПЯШАЙСЯ З ВЫБАРАМ!

І – не памыліцца б з кірункам, сябры-таварышы-панове …!?

1) КОПІЯ ЗАЯВЫ на вяртаньне спэцыялізавана-гімназычнага ўзроўню адукацыі па ангельскай мове;

2) КОПІЯ ЗАЯВЫ на выкананьне дамоўленасьці аб правядзеньні навучаньня ў памяшканьні Гімназыі №1

Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>