2009 02/10
Васіль Грышчанка, Жодзінскі выканкам

Васіль Грышчанка, Жодзінскі выканкам

01.10.2009 года бацькі Янкі Лапіцкага ў Жодзіне атрымалі адказ з Жодзінскага выканкаму на свой апошні зварот. Дакумэнт зноў падпісаў адзінаасобна старшыня выканкаму Васіль Грышчанка.

Як адзначыў Аляксей Лапіцкі, ня гледзячы на тое, што ў лісьце спадара Грышчанкі адзначана, што ён зроблены ў адказ на зварот заяўнікоў, аніякіх канкрэтных адказаў на пастаўленыя намі пытаньні там не прысутнічае.

Адказ, як кажуць, ня ўразіў арыгінальнасьцю ды ўяўляе звычайную і чарговую ўжо адпіску. Фактычна, дыялёгу проста не атрымліваецца. Ня можа быць дыялёгу, калі адзін з суб’ектаў, упэўнены ўва ўласным пераважным становішчы, ігнаруе пытаньні й довады адваротнага боку.

І сапраўды, паказальным ёсьць факт двух абсалютна ідэнтычных адказаў зь Мінадукацыі на звароты двух розных заяўнікоў. Так на звароты бацькоў Янкі Лапіцкага й праваабарончай арганізацыі БГК, як аказалася, у розны час зь Міністэрства прыйшлі абсалютна (літара ў літару) ідэнтычныя адказы за подпісам намесьніка Міністра Мінадукацыі Беларусі сп. Фарыны.

Сутнасьць апошніх адказаў службоўцаў па факце забароны беларускамоўнаму вучню ў Жодзіне працягваць навучаньне па-беларуску на тэрыторыі Гімназыі №1 зводзіцца да спасылак на службова-галіновыя інструкцыі Мінадукацыі ці, напрыклад, статутныя дакумэнты школы.

Выглядала нават так, што з спасылкаю на палажэньні статуту Гімназыі №1 і Закона “Аб мовах”, службоўцы Жодзінскага выканкаму зрабілі выснову й спрабавалі сьцьвярджаць аб нелегітымным статусе беларускай мовы навучаньня на тэрыторыі Гімназыі №1, якая маўляў мае асноўнай моваю навучаньня расейскую!?

Прадстаўнікі выканаўчае ўлады ў Жодзіне быццам бы не заўважаюць ані парушэньня палажэньняў Асноўнага закону пры гэтым, ані дыскрымінацыйнага абмежаваньня правоў грамадзянаў, пазбаўленых права на адукацыю на роднай мове ў роднай краіне, ані іншых законаў ды галіновых інструкцыяў, якія забараняюць без згоды бацькоў, насуперак іхных жаданьняў, перакананьняў дый грамадзянскай пазыцыі, без іхнае адпаведнае заявы, фактычна прымусова залічваць іхнага беларускамоўнага сына ў расейскамоўную клясу.

Пры гэтым, службоўцы нібы ня бачуць і самой праблемы. Яны адказваюць дыскрымінуемым грамадзянам, што ўсё насамрэч добра й пад кантролем. Што, навогул, выглядае як наўпросты цынічны й безадказным зьдзек, прыніжаючы й абражаючы нацыянальную й чалавечую годнасьць.

Функцыянэры адукацыйнае сфэры, заплюшчыўшы вочы на ўласныя абавязкі й правы грамадзянаў, фактычна па загадзе выстаўляюць беларускамоўнага падлетка за межы адукацыйнае ўстановы, а на прозьбы спыніць гвалт – спрабуюць убаюкаць пацярпелых “казкамі” пра “добрыя ды ўсемагутныя” інтрукцыі.

Улічваючы падобнае становішча, у якім беларускамоўная адукацыя гімназычнага роўню фактычна цалкам ліквідуецца, а апошні й адзіны ў рэгіёне беларукамоўны гімназыст, Янка Лапіцкі, пазбаўляецца права на атрыманьне паўнавартасных адукацыйных паслугаў, гарантаваных дзяржаваю, ягоныя бацькі, Аляксей Лапіцкі й Сьвятлана Лапіцкая, робяць апошнія намаганьні дамагчыся спыненьня дыскрымінацыі й вырашэньня праблемы службоўцамі адпаведных установаў у Жодзіне й Менскую. Нядаўна яны зьвярнуліся непасрэдна да Міністра адукацыі сп. Радзькова, а сёньня накіравалі свой зварот да “кантралюючага сытуацыю” сп. Грышчанкі ў Жодзінскі выканкам.

Чым у бліжэйшы час здольныя ўразіць адказы гэтых паважаных службоўцаў высокага рангу? Што зьменіцца ў сытуацыі? І ў які бок? Гадаць не прыходзіцца.

Толькі вось вельмі насьцярожвае імкненьне адзначаных службоўцаў утварыць фактычна рэвалюцыйны пераварот у праўных, моўных ды нацыянальна-каштоўнасных падыходах. Дадзены мэнтальны кульбіт ці кардынальная нацыянальна-моўная рэвізыя ў дзяржаўных маштабах выглядае зусім не безшкодным свавольствам. Асабліва калі ўлічыць, што за падобнай “ідэалягічнай устанокаю” стаіць поўны Канстытуцыйна-праўны нігілізм, адпаведная антыканстытуцыйная практыка, канкрэтныя, дыскрымінуемыя па нацыянальнай і моўнай прыкмеце грамадзяне, паўнавартасныя суб’екты ў тым ліку й міжнароднага права ў галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Сёньня яны зьяўляюцца непасрэднымі пацярпелымі й сьведкамі таго, што ўладамі фактычна ігнуруецца прыярытэт права (Канстытуцыйнага й Міжнароднага, у галіне правоў чалавека), а таксама натуральны беларускі нацыянальны прыярытэт у Беларусі. Усё гэта вядзе да поўнага дыскрымінацыйнага бязьмежжа, наўмыснага й мэтавага уціску па нацыянальнай і моўнай прыналежнасьці, а таму – скіраванае яшчэ, і найперш за ўсё, супраць палітычных апанэнтаў дзейснага ў Беларусі прарасейскага рэжыму. Бо нацыянальныя й моўныя каштоўнасьці беларускага народу, дзяржаўнага сувэрэнітэту й незалежнасьці … ёсьць натуральным падмуркам культурнага стану й ладу жыцьця, спосабу мысьленьня й перакананьняў актыўных прадстаўнікоў і прыхільнікаў апазыцыі ў Беларусі.

Такім чынам, абсалютна не ўзьнікае сумневу ў тым, што дзеяньні высокіх службоўцаў выканаўчае ўлады па сытуацыі ў Жодзіне ёсьць ідэалягічна матываванымі, дыскрымінацыйна зьневажальнымі й антыканстытуцыйнымі.

Пры гэтым усім, усё ж, вельмі хацелась бы, каб у будудчых адказах адказных высокіх “беларускіх службоўцаў” па сытуацыі ў “беларускім горадзе Жодзіне” ўрэшце зьявілася б заклапочанасьць той праблемаю, якую яны мусяць вырашаць, зыходзячы з уласных высокіх паўнамоцтваў і функцыянальных абавязкаў.

Заяўнікі чакаюць канструктыўных адказаў і прапановаў па вырашэньні створанай Жодзінскімі ўладамі дыскрымінацыйнай сытуацыі, у шмат чым паказальнай, але дзікунскай і ганебнай для цывілізаванай краіны.

1) Адказ выканкаму ад 25.09.2009 (дасланы 01.10.2009)

Адказ выканкаму ад 25.09.2009 (дасланы 01.10.2009)

2) Адказы зь Мінадукацыі на звароты бацькоў і БГК

3) Зварот ад 01.10.2009 да старшыні Жодзінскага выканкаму, Васіля Грышчанкі

Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>