2010 20/01

Таіса Данілевіч, Упраўленьне адукацыі Менаблвыканкаму

Таіса Данілевіч, Упраўленьне адукацыі Менаблвыканкаму

15 студзеня начальніца ўпраўленьня адукацыі Мінскага аблвыканкаму Таіса Данілевіч выклікала да сябе шасьцёх настаўнікаў, якія зьяўляліся прадстаўнікамі розных палітычных партыяў, і ў катэгарычнай форме запатрабавала ад іх альбо спыніць сяброўства ў партыі, альбо звольніцца з працы па ўласным жаданьні. На думку чыноўніцы, яны ня маюць права працаваць у школах. (делей – правапіс першакрыніцы)

Да Данілевіч, разам з кіраўнікамі райана, былі выкліканыя настаўнікі Натальля Ільініч (Талька, БНФ), Мікола Ляшчун (Лагойск, БНФ), Алесь Язьвінскі (Нясвіж, КХП-БНФ), Уладзімір Парэйка (Нясвіжскі раён, БСДП),  Сяргей Клімёнак (Вілейка, АГП), і Надзея Агафонава (Любань, АГП).

Як паведамляе “Радыё Свабода“, “двое настаўнікаў з тых шасьці, ад якіх у Менскім аблвыканкаме патрабавалі да 18 студзеня вызначыцца — быць сябрам партыі альбо звольніцца з працы, зьвярнуліся ў пракуратуру з заявай на незаконныя дзеяньні чыноўнікаў. Аналягічныя заявы падалі старшыні дзьвюх менскіх абласных партарганізацыяў — БНФ і АГП. У Міністэрстве адукацыі адмовіліся пракамэнтаваць сваю пазыцыю ў справе ціску на настаўнікаў.

Кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Міністэрства адукацыі Віктар Іўчанкаў адмовіўся праз тэлефон адказаць на пытаньне, як ставіцца Міністэрства адукацыі да таго, што некаторых настаўнікаў, якія зьяўляюцца сябрамі зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партыяў, прымушаюць падаць заяву аб выхадзе з партыі альбо звальняцца з працы.
Сакратарка ў прыёмнай загадчыцы ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму паведаміла, што Таіса Данілевіч, якая 15 студзеня пагражала настаўнікам-актывістам, знаходзіцца на выязным паседжаньні ў Маладэчне.”

Сваю пазіцыю выказваюць таксама і кіраўнікі тых партый, сябрамі якіх з’яўляюцца вышаэйпамянёныя настаўнікі. Так, старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў і старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Малярчук накіравалі са свайго боку адпаведныя заявы ў пракуратуру Менскай вобласьці. Яны просяць пракуратуру даць прававую ацэнку дзеяньням чыноўнікаў Менаблвыканкаму і зрабіць адпаведныя захады, каб прадухіліць ціск на настаўнікаў з боку чынавенства.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Cтэфановіч адназначна расцэньвае факт уціску на настаўнікаў, як самую натуральную праяву парушэньня правоў чалавека і найперш Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

“Асноўны Закон гарантуе кожнаму права быць сябрам якой-небудзь палітычнай партыі, ці грамадскай арганізацыі, мець уласныя палітычныя перакананьні,  Таму гэты факт можна назваць дыскрымінацыяй грамадзян па палітычных матывах у працоўных адносінах. Такая дыскрымінацыя забараняецца як Канстытуцыяй, так і арт.14 Працоўнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Ніводзін вядомы заканадаўчы акт краіны не забараняе настаўнікам быць сябрамі палітычных партый.  Адзінае абмежаваньне маецца толькі для ваеннслужачых, пракурораў і суддзяў, якім не дазваляецца быць сябрамі партый.

У артыкуле 3 “Закона аб палічычных партыях” таксама гаворыцца пра пра тое, што прыналежнасьць альбо непрыналежнасьць грамадзяніна да палітычнай партыі не можа служыць падставай для абмежаваньня ягоных  правоў і свабодаў, у дадзеным выпадку права на працу.

Прааабаронцы лічаць, што настаўнікі павінны неадкладна звярнуцца ў пракуратуру са скаргай на незаконьныя дзеяньні начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама, паколькі яна груба парушыла законныя канстытуцыйныя правы грамадзян.

“Нам падаецца, што гэты націск на настаўнікаў зьвязаны з мясцовымі выбарамі, дата якіх прызначаная.  Гэта вельмі прыкрая практыка і мы спадзяемся, што гэта не з’яўляецца пазіцыяй Міністэрства адукацыі, а толькі прыватнай ініцятывай чыноўніцы. Бо з аднаго боку старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заклікае палітычныя партыі праявіць большую актыўнасьць на гэтых выбарах, вылучыць дастойных кандыдатаў, а з другога боку чыноўнікі пачынаюць пагражаць людзям, якія магчыма зьбіраліся, ці зьбіраюцца браць удзел у мясцовых выбарах і прымушаюць іх пакідаць палітычныя партыі.” – лічыць Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы спадзяюцца, што Міністэрства адукацыі зробіць адпаведныя высновы і належным чынам адрэагуе на дзеяньні свайго супрацоўніка і абароніць законныя інтарэсы грамадзян.

Тэкст скаргі ў Пракуратуру Менскай вобласьці, падрыхтаваны з дапамогаю юрыстаў Праваабарончага Цэнтру “Вясна”

Паводле spring96

Алесь ЛЕТА,

Беларускі ПРАЎНЫ ПАРТАЛ,

by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>