2010 25/03
СЬВЯТА, ЯКОЕ ВЫЗВАЛЯЕ!

СЬВЯТА, ЯКОЕ ВЫЗВАЛЯЕ!

Шчыра далучаемся да сьвяточных віншаваньняў і ў салідарнасьць зь сябрамі Праваабарончага цэнтру “Вясна” прэзентуем наступны матэрыял.

Дарагія сябры!

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ірына Тоўсьцік, якіх учора судзілі за правядзеньне несанкцыянаванага пікету, шчыра дзякуюць усім за аказаную падтрымку і салідарнасць.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” віншуе ўсіх беларусаў краіны і замежжа з нашым сапраўдным нацыянальным сьвятам – Днём Волі, Днём абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта наша гісторыя і наш сьветлы шлях у будучыню!

Мы далучаемся да закліку згадаць у Дзень Волі пра выдатную беларускую паэтку і патрыётку Ларысу Геніюш, 100-годзьдзе з дня нараджэньня якой спаўняецца сёлета.

* * *

Толькі бой безупынны вядзецца,
Дзікуны ў наступленьне ідуць,
Аддзяляюць нам мову ад сэрцаў,
Чалавечнасьць ў народу бяруць!
Усё гладка здаецца тут зьнешне,
А, па сутнасьці, крочыць вайна,
Спадцішка забіваюць найлепшых –
Не адзін ужо сьпіць Баразна.
Йдзе вайна, ды ўжо без аўтаматаў,
І ня ліўнямі — нашая кроў.
Забіваюць, здымаюць нам варту
Чалавечых, народных правоў.

Нагадаем, што 2010 год нацыянальная грамадзкасьць краіны абвясьціла годам Ларысы Геніюш, чыя творчасьць не вывучаецца ў беларускіх школах. Жыцьцё легендарнай паэткі і мужнай жанчыны Ларысы Геніюш, якая за любоў да Беларусі была асуджаная на дваццаць пяць гадоў сталінскіх лагероў, а пасьля вызваленьня не прыняла савецкага грамадзянства, з’яўляецца духоўным узорам.

Пачынаючы ад 21 сакавіка ў “кнігарніЎгалерэі” (пр-т Незалежнасьці, 37-а) штонядзелі цягам году праводзіцца літаратурная акцыя “Геніюш верш”. У яе праграме – чытаньне і абмеркаваньне любімых твораў выбітнай беларускай паэткі. Пачатак а 15 гадзіне.

Паводле spring96.org,
Алесь ЛЕТА,
Беларускі ПРАЎНЫ ПАРТАЛ,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>