2010 19/04

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў

Эўрафэдэрацыя журналістаў

Тэрміновую рэзалюцыю па свабодзе СМІ ў Беларусі прынялі на Агульным сходзе Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў 18 красавіка ў Стамбуле (Турцыя).

У ёй эўрапейская журналіская супольнасьць выказала салідарнасьць з сваімі беларускімі калегамі, а таксама заклікала ўлады Беларусі спыніць дыскрымінацыю незалежных СМІ, забясьпечыць поўны доступ да інфармацыі й прывесьці нацыянальнае заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасьць з міжнароднымі страндартамі. (далей – правапіс першакрыніцы)

«Перад еўрапейскай журналісцкай супольнасцю сёння стаіць шмат праблем і выклікаў, якія актыўна абмяркоўваліся падчас форуму, — адзначыў намеснік старшыні ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў“ Андрэй Аляксандраў. — Гэта сітуацыя з аўтарскімі правамі, грамадскім вяшчаннем, абароненасцю журналістаў-фрылансераў, якасцю журналістыкі ва ўсёй Еўропе.

На гэтым фоне не згубілася і беларускае пытанне. Сітуацыя са свабодай выказвання і правамі журналістаў у нашай краіне застаецца ў цэнтры міжнароднай ўвагі, што яшчэ раз пацвярджае прыняцце гэтай рэзалюцыі. Для незалежных журналістаў у Беларусі вельмі важна адчуваць салідарнасць калег і ўсведамляць сябе паўнавартаснай часткай еўрапейскай журналісцкай супольнасці».

Вось поўны тэкст дакумента, прынятага ў Стамбуле:

Тэрміновая рэзалюцыя па свабодзе прэсы ў Беларусі

Агульны Cход Еўрапейскай федэрацыі журналістаў у Стамбуле (Турцыя) 16–18 красавіка 2010 года,

Адзначаючы высновы і рэкамендацыі Міжнароднай місіі ў Беларусь у верасні 2009 года,

Адзначаючы, што ў Беларусі не гарантаваная свабода прэсы, у прыватнасці, не забяспечаныя роўныя ўмовы для незалежных СМІ, а таксама існуюць відавочныя праблемы з доступам да інфармацыі,

Адзначаючы, што ў краіне рэгулярна маюць месца факты пагроз, запалохвання, нападаў на журналістаў і ўмяшальніцтва ў іх прафесійную дзейнасць, у тым ліку адзначаючы апошнія факты ператрусаў і допытаў журналістаў і адбірання іх працоўнага абсталявання,

Адзначаючы нядаўнія напады беларускіх уладаў на Беларускую асацыяцыю журналістаў, якая з’яўляецца сябрам МФЖ, што значна пагаршае абароненасць незалежных журналістаў у Беларусі і стварае перашкоды дзяйнасці БАЖ,

Выказвае сваю салідарнасць з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і падтрымлівае барацьбу сябраў БАЖ і незалежных журналістаў за свабоду прэсы і правы журналістаў у Беларусі;

Заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць ціск на незалежных журналістаў і забяспечыць свабоду медыяў у краіне, у першую чаргу — за кошт спынення дыскрымінацыі незалежных СМІ, забеспячэння поўнага доступу да інфармацыі і прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі страндартамі;

Заклікае інстытуцыі Еўрапейскага Звязу, Раду Еўропы і АБСЕ адсочваць парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі і абараняць свабоду медыяў і правы журналістаў у Беларусі.

Крыніца: Прэс-служба БАЖ.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>