2010 12/05
Асамблея НДА Беларусі

Асамблея НДА Беларусі

Сёньня, 12 красавіка, у Радзе па правах чалавека ААН (Жэнэва), адбылося абмеркаваньне праблемы рэпрэсыўнага артыкулу 193-1, арганізаванае Асамблеяй НДА Беларусі ў супрацы з міжнародным альянсам CIVICUS ды Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH).

Падзея прымеркаваная да разгляду справаздачы ўраду Рэспублікі Беларусь пра становішча з правамі чалавека ў краіне ў рамках Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (Universal periodic review) – новага мэханізму ААН дзеля абароны правоў чалавека.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 40 чалавек. Зь беларускага боку: праваабаронцы, адвакаты й грамадзкія актывісты, раней зьняволеныя праз сумнавядомы артыкул. Сярод удзельнікаў і гасьцей – сябры дзяржаўных прадстаўніцтваў і дэлегацыяў з краінаў-сябраў Рады па правах чалавека (Нідэрлянды, Вугоршчына, Нарвэгія ды інш.), прадстаўнікі няўрадавых і міждзяржаўных арганізацыяў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч з ПЦ “Вясна” асьвятліў палітыка-праўны кантэкст увядзеньня артыкула 193-1 у Крымінальны Кодэкс – як часткі “антырэвалюцыйных” зьменаў у КК напярэдадні выбараў 2006 году.

Вольга Смалянка (Цэнтар праўных тэхналёгіяў) прааналізавала юрыдычны зьмест артыкулу, канстатаваўшы яго неадпаведнасьць міжнародна-праўным дакумэнтам і агульнапрынятым стандартамі ў галіне свабоды асацыяцыяў, у прыватнасьці Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавеку, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, нормам Рады Эўропы.

Эніра Браніцкая, ўвязьненая ў 2006 г. на падставе арт.193-1 (справа “Партнэрства”), апісала прыклады ўжываньня артыкулу супраць грамадзкіх і палітычных актывістаў.

Юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў распавёў пра процідзеяньне грамадзтва рэпрэсыўнаму заканадаўства, у першую чаргу пра кампанію «Стоп 193-1!», распачатую летась Асамблеяй НДА Беларусі.

“Правядзеньне гэтага абмеркаваньня зьяўляецца прыкладам таго, як беларускія няўрадавыя арганізацыі могуць выкарыстоўваць супрацоўніцтва зь міжнароднымі структурамі для адстойваньня сваіх супольных інтарэсаў. Беларускаму ўраду не атрымалася зрабіць незаўважнай праблему ганебнага артыкула 193-1. Унівэрсальны пэрыядычны агляд – гэта шанец на высокім узроўні заявіць пра самыя балючыя праблемы непавагі да правоў чалавека ў Беларусі: ня толькі пра забарону дзейнасьці незарэгістраваных аб’яднаньняў і крымінальны перасьлед іх сябраў, але і выкананьне сьмяротных пакараньняў, зьнікненьні апанэнтаў кіруючага рэжыму, неабгрунтаваныя абмежаваньні свабоды слова”, – пракамэнтаваў вынікі мерапрыемства юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў.

Арганізатары разьлічваюць, што прыведзеныя факты дазволяць аб’ектыўна ацаніць актуальнае становішча й паўплываюць на зьмест выніковых рэкамэндацыяў да Рэспублікі Беларусь. Ужо вядома, што прадстаўнікі Чэхіі, Нідэрляндаў, Швэцыі, Вялікай Брытаніі ды шэрагу іншых краінаў зьвярнулі ўвагу на існаваньне рэпрэсыўнага арт.193-1 у сваіх пытаньнях да ўрадавай дэлегацыі зь Менску.

Крыніца: Асамблея НДА Беларусі

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>