Не забірай жыцьцё!
2010 19/05
Jan Lapicki

Jan Lapicki

Стварыўшы праблему мясцовы выканкам не ўстане яе вырашыць самастойна. У той жа час, кіраўніцтва Жодзінскага ГАА не адрэагавала на прозьбу бацькоў Янкі Лапіцкага хадайніцтваваць перад вышэйшымі ўстановамі сыстэмы адукацыі й “вэртыкалі” ўлады для хутчэйшага вырашэньня Жодзінскае праблемы станоўчым чынам.

Бацькі прасілі аднавіць паўнавартаснае гімназычнае навучаньне для іхнага беларускамоўнага сына ў Гімназыі №1 горада Жодзіна да канца 2009-2010 навучальнага году й правесьці нармальную атэстацыю вучня, які з-за  пазбаўленьня права на навучаньне па-беларуску ў 2009 годзе дагэтуль вымушаны займацца самастойна.

Апошняя атэстацыя за ІІІ чвэрць Яна Лапіцкага, дагэтуль пазбаўленага нармальнага навучаньня, якая была праведзена без правядзеньня неабходных заняткаў, падрыхтоўкі й кансультацыяў, практычна зходу, зусім раптоўна, за 2 дні да канца чвэрці, дала адпаведныя, прадказальна нэгатыўныя вынікі. Пасьпаваемасьць юнака па прадметах пагоршылася на цэлых 2 бала й склала ў сярэднім 6,13 балаў. Але пагаршэньне пасьпяваемасьці й прозьбы бацькоў аб выпраўленьні сытуацыі дый пераатэставаньні Яна – зусім не закранулі гімназычнае кіраўніцтва й начальніка жодзінскага ГАА. Яны нават не паварушыліся, каб хаця б да канца году прадставіць беларускамоўнаму гімназысту неабходныя ўмовы для паўнавартаснага засваеньня ім прадметаў адпаведнай гімназычнай праграмы й ангельскамоўнай спэцыялізацыі.

Замест прызначанага законнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў і гарантаванага забесьпячэньня адукацыі па-беларуску ў Жодзінскай Гімназыі №1 для беларускамоўнага вучня службоўцы вырашылі зноў спаслацца на імі ж падрыхтаваныя й зацьверджаныя Жодзінскім выканкамам дакумэнты аб спыненьні беларускамоўнага навучаньня для Яна. Яны зноў выставілі ягоным бацькам непрыймальныя ўмовы й нават спрабуюць чарговы раз афіцыйна абвінавачваць іх у тым, што іхны сын не навучаецца. Пры гэтым, службоўцы цудоўна разумеюць, што працяг гімназычнага навучаньня па якаснай гімназычнай праграме беларускамоўнаму вучню яны зусім неправамерна прапануюць без уліку запатрабаваньняў ягоных бацькоў – не на роднай мове, а па-расейску. Такім чынам, сьвядома парушаецца права грамадзянаў Беларусі на ўжо зроблены ў 2002 годзе выбар гімназычнага тыпу й мовы для навучаньня іхнага беларускамоўнага сына ў беларускім горадзе Жодзіна.

Апошняе азначае, што прадстаўнікі мясцовае кіруючай “вэртыкалі” працягваюць “скрозь пальцы” глядзець на беларускую Канстытуцыю й права бацькоў на выбар у сфэры адукацыі. Службоўцы фактычна працягваюць прымушаць грамадзянаў адмовіцца ад іхнага ўласнага, гарантаванага законам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь выбару, права вучыць сына на роднай мове й па якаснай гімназычнай праграме. Такім чынам, працягваючы шантажаваць бацькоў Яна, яны запалохваюць іх адміністратыўнай адказнасьцю й абвінавачваюць у тым, што яны ПЕРАШКАДЖАЮЦЬ у навучаньні сына.

У прыватнасьці, дырэктар Гімназыі №1 у сваім адказе на прозьбы беларускамоўных грамадзянаў аднавіць навучаньне іхнага сына Яна па-беларуску ў чарговы раз адказвае ім зусім пра іншае й на іншай мове: “Перашкаджаючы  ў навучаньні Вашага сына, Вы парушаеце арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 1993 года №2570-ХІІ “Аб правах дзіцяці” і артыкула 3 і 51 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 года №1202-ХІІ “Аб адукацыі”.”

Ствараецца ўражаньне, што ані выбар бацькоў, ані іхныя тлумачэньні, прозьбы, пазыцыя й перакананьні, ані спасылкі на парушаемыя службоўцамі нормы права, патрабаваньні Асноўнага Закону Беларусі ды Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – зусім не ўспрымаюцца прадстаўнікамі сыстэмы адукацыі й выканаўчае ўлады як нешта вартае ўвагі, абавязковае ці значнае для ўліку пры ўрэгуляваньні створанай на пустым месцы праблемы.

Alaksiej Lapicki

Alaksiej Lapicki

Аляксей Лапіцкі камэнтуе.

– Замест канструктыўнага вырашэньня пытаньня ў Канстытуцыйным полі на падставах законнасьці й права, службоўцы адкрыта ігнаруюць асэнсаваны салідарны выбар і волю нашай сям’і, нашу пазыцыю як суб’ектаў грамадзянскага й міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Улады наўмысна й мэтанакіравана працягваюць ціск на нашу беларускамоўную сямью – прымушаюць нас (грамадзянаў Беларусі) адмовіцца ад роднай беларускай мовы пад пагрозаю працягу перашкодаў у навучаньні для нашага беларускамоўнага сына Яна. У якасьці альтэрнатывы прапануецца вучыцца самастойна альбо ў іншай (неіснуючай у рэгіёне) адукацыйнай установе з беларускай мовай навучаньня (!?).

– Пры гэтым, усе цудоўна ведаюць, што вучыцца самастойна на гімназычным узроўні, тым больш з спэцыялізацыяй на ангельскую мову (якая патрабуе адпаведнай камунікацыі з настаўнікам)  не прадстаўляецца магчымым. Ім самім і шмат каму з тых, хто лічыць сябе “правільным беларусам”, спажывае “правільныя” ідэалягемы й стэрыятыпы мысьленьня, не зразумела ані пазыцыя Лапіцкіх, ані іхныя тлумачэньні, ані вастрыня праблемы навогул. Адсюль і зьдзеклівыя прапановы здаць сына ў школу-інтэрнат, ці ехаць жыць і навучацца ў яшчэ беларускую вёску, альбо проста – вучыцца па-ціхоньку самастойна ў хатніх умовах (так бы мовіць – па індывідуальных плянах). Але гэта ня можа быць годнай альтэрнатываю й адпаведным выбарам для беларускамоўнага вучня, ягоных бацькоў, якія маюць і нацыянальны гонар, і чалавечую годнасьць.

– Відавочна, што нельга атрымаць добрых вынікаў у навучаньні, калі вучань, штучна пазбаўляемы якаснага выкладаньня на належным гімназычным узроўні, пасьля двухдзённых бліц-кансультацыяў адразу ж атэстоўваецца за чвэрць з улікам нязьменна высокіх гімназычных крытэраў. Апошняя атэстацыя толькі пацьвердзіла гэтую заканамерную выснову.

Але, замест асэнсаваньня гэтае шкоды, якая ўчыняецца прымусова ў адносінах да беларускамоўнага вучня й ягоных бацькоў, шкоды ад створаных перашкодаў у навучаньні па-беларуску, замест спыненьня ўціску й выкарыстаньня “належнай нормы” бюджэтных сродкаў па прызначэньні, – на паўнавартаснае навучаньне гімназыста, – кіраўніцтва гімназыі й жодзінскага адзьдзелу адукацыі вырашыла выкарыстоўваць гэты фактар у якасьці дадатковага рычага ўціску на беларускамоўных бацькоў у Жодзіне.

Можна канстатаваць, што адказныя за адукацыю высокія службоўцы дзейснае ўлады, як у Жодзіне, гэтак і ў Менску – нават у такіх умовах зусім не зьбіраюцца выконваць свае функцыянальныя абавязкі па забесьпячэньні рэалізацыі права беларускамоўных грамадзянаў Беларусі ў Жодзіне на выбар тыпу й мовы адукацыі для сваіх дзяцей, на атрыманьне гэтае адукацыі ў годных умовах ды на якасным узроўні.

Зьвесткі пра існуючую Праграму Мінадукацыі “Аб распашырэньні беларускай мовы ў сыстэме адукацыйных установаў Беларусі” паўсюдна замоўчваюцца.

У падобных умовах, калі службоўцы ад адукацыі ў рэгіёнах Беларусі фактычна сабатуюць выкананьне гэтай даўгатэрміновай Праграмы, якой прадугледжваецца мэтанакіраванае стварэньне ў кожным горадзе й раёне альтэрнатыўных якасных адукацыйных установаў альбо беларускамоўных плыняў ва ўжо існуючых ліцэях, гімназыях, школах з расейскай мовай навучаньня …, а вышэйшае кіраўніцтва нават заахвочвае гэткія дэструктыўныя працэсы, становіцца зусім не дзіўным, што падобная дыскрымінацыя нозьбітаў беларускамоўнасьці з спасылкаю на недахоп бюджэтных сродкаў становіцца падставаю для адмовы ад выкананьня нават ўласнае ж праграмы.

І робіцца гэта для таго, каб папросту нічога не рабіць, спасылаючыся на незапатрабаванасьць беларускага ў Беларусі, на адсутнасьць жаданьня ў бацькоў навучаць дзяцей па-беларуску.

Аднак, ва ўмовах такіх дзікунскі непаважлівых адносінаў ўладаў да мовы, да грамадзянаў ды іхнага неад’емнага права, замацаванага канстытуцыйнымі й агульнапрызнанымі міжнароднымі нормамі, да такіх ўласных галіновых дакумэнтаў, як Праграма … – на масавую актыўнасьць бацькоў у бліжэйшы час разьлічваць зусім не прыходзіцца.

Sviatlana Lapickaja

Sviatlana Lapickaja

Сьвятлана Лапіцкая заўважае.

– Ведаючы тое, што для бацькоў і вучняў важна мець РЭАЛЬНЫЯ (а не папяровыя) стабільныя дзяржаўныя гарантыі й падтрымку прыярытэтнасьці роднай мовы па ўсіх тыпах навучаньня і на ўсіх узроўнях адукацыі, дзяржаўныя якасныя праграмы й добра падрыхтаваныя кадры выкладчыкаў … – тэрытарыяльныя адзьдзелы адукацыі ў рэгіёнах, а таксама Галоўныя ўпраўленьні й Мінадукацыі, як бачна на прыкладзе горада Жодзіна, наадварот, зусім не імкнуцца да гэтага.

З адной толькі мэтаю, каб нічога не рабіць (не выконваць уласную ж ПРАГРАМУ аб пашырэньні роднай мовы ў сыстэме адукацыі) службоўцы абралі іншую, супярэчную праву, закону й запатрабаваньням грамадзянаў, тактыку.

Яны проста, не ствараючы аніякіх рэальных якасных і прываблівых адукацыйных пляцовак, куды б праводзіўся набор выхаванцаў альбо навучэнцаў, прадстаўляюць бацькам на выбар выключна расейскамоўныя выхаваўча-адукацыйныя праграмы.

У такіх безпрэцэдэнтных умовах поўнай адсутнасьці ПРАПАНОВАЎ і ПРАДМЕТУ ВЫБАРУ для якаснага беларускамоўнага навучаньня (для беларускамоўных грамадзянаў), нельга разьлічваць на цуда – што гэтыя грамадзяне нейкім чынам самаарганізуюцца й скаардынавана напішуць адмысловае патрабаваньне да “начальства” аб адкрыцьці незаплянаванае зь верху беларускамоўнае клясы.

Аляксей Лапіцкі.

– Сапраўды, людзі імкнуцца знайсьці для дзяцей якасныя й устойлівыя навучальныя пляцоўкі, у якіх было б забясьпечана камфортнае й эфэктыўнае навучаньне з прагназуемымі магчымасьцямі далейшага працягу абранага тыпу й мовы ў адукацыі.

Тое ж, што прапануецца сёньня ў Жодзіне ў якасьці альтэрнатывы гімназычнага навучаньня для беларускамоўных грамадзянаў, якія патрабуюць павагі да іхнага беларускамоўнага выбару, ёсьць нічым іншым, як непрыхавана гвалтоўным прымусам іх да расейскамоўнага навучаньня ў сыстэме суцэльна манапалізаванай расейскамоўнай адукацыі ў рэгіёне.

І гэта – зусім не альтэрнатыва для беларусаў у Беларускай краіне, а цынічны зьдзек над Асноўным законам дзяржавы, над грамадзянскім правам, над самой беларускасьцю, над Беларусьсю.

ДАДАТКІ:
1) Адказ кіраўніка Жодзінскага ГАА;
2) Адказ дырэктара Жодзінскай гімназыі;

Алесь Вольны,
Беларускі ПРАЎНЫ ПАРТАЛ,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>