2010 14/06
Зьміцер Салаўёў, Наваполацак

Зьміцер Салаўёў, Наваполацак

Праваабаронца Зьміцер Салаўёў атрымаў адказ на сваю скаргу з Пракуратуры горада Наваполацка. Праваабаронца заяўляе, што факты, выкладзеныя ў адказе за подпісам Пракурора горада А.Т. Аўсюка, зьяўляюцца правакацыяй.

Зьміцер Салаўёў скардзіўся на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, што праводзілі ператрус у прыналежным яму памяшканьні ў межах крымінальнай справы па арт.341 КК Рэспублікі Беларусь (па факце напісаньня ў г.Наваполацку фашыстоўскіх надпісаў).

Праваабаронца зьвяртае ўвагу на выкладзеныя у адказе гарадзкога пракурору факты, якія цалкам не адпавядаюць рэчаіснасьці:

“Па дадзенай справе быў дапытаны шэраг асобаў, адзін зь іх паказаў, што каля 2-ух гадоў таму пазнаёміўся з хлопцамі, якія прапанавалі стаць сябрам арганізацыі “Малады Фронт”. Офіс арганізацыі разьмяшчаўся па адрэсе: г.Наваполацак, вул.Алімпійская, 2, – на першым паверсе, зьлева ад уваходу і ўяўляў сабою пакой, дзе стаялі некалькі сталоў, кампутар, розныя кнігі, сьцягі розных дзяржаваў. <…> Увосень 2009 г., па просьбе хлопцаў, ён намаляваў фашыстоўскую свастыку на сьцяне офісу на вуліцы…”

Зьміцер Салаўёў падкрэслівае, што з 2003 года, як ён мае офіс, арганізацыя “Малады Фронт” там ніколі не базавалася:

– У нас насамрэч зьбіраецца моладзь, але ніякага “Маладога Фронту” там не было. На офісе часта бываюць актывісты, тая ж моладзь БНФ, і іншыя, хто займаецца культурніцкай дзейнасьцю.

Праваабаронца лічыць, што зараз адбываецца спроба фабрыкацыі нейкай справы.

– Насамрэч, гэта поўная лухта. Неафашыстаў, якія насамрэч малявалі па горадзе свастыку, яны не шукаюць. Мне тры разы прыходзілі адмовы, дзе гаварылася, што ў дзеяньнях гэтых людзей няма складу крымінальнага злачынства. І зараз спрабуюць проста сфабрыкаваць справу па невядомых мне прычынах. Увогуле не зразумела, чаму ворганы пракуратуры й міліцыі нч ловяць гэтых неафашыстаў, а ствараюць праблемы іншым людзям. Такім чынам яны спрабуюць проста абмазаць нас брудам і начапіць пэўны ярлык, – абураецца Зьміцер Салаўёў. – І мне гэтая сытуацыя нагадвае 37-мы год, калі ўсім пісалі проста “шпіён”, стралялі ў патыліцу, пры гэтым не вельмі абцяжарваючыся нейкай логікай ці нармальным дасьледваньнем.

Праваабаронца расцэньвае гэту сытуацыю як чыстую правакацыю й зьбіраецца падрыхтаваць скаргу ў пракуратуру. Пры неабходнасьці Зьміцер Салаўёў намераны зьвяртацца і ў міжнародныя інстанцыі.

Паводле spring96.org,

Алесь ЛЕТА,

Беларускі Праўны Партал,

by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>