2010 31/05
fidh-viasna

Miznarodny rezanans

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказваюць глыбокую занепакоенасць з нагоды хвалі новых рэпрэсіўных дзеянняў (ператрусаў, допытаў і арыштаў) у дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных журналістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, а таксама ў сувязі з агульным пагаршэннем стану правоў чалавека ў краіне.

«Выклікае нарастаючую занепакоенасць новая хваля абмежавання асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў, што назіраецца ў Беларусі ў апошнія месяцы: парушэнні права свабоднага атрымання і распаўсюду інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, свабоды выказвання ўласнага меркавання, – заявіла Суэр Белхасен, Прэзідэнт FIDH. – Мы баімся, што ўсё гэта – толькі частка нарастаючага і мэтанакіраванага ціску напярэдадні важнай палітычнай кампаніі – падрыхтоўкі прэзідэнцкіх выбараў».

Асаблівую занепакоенасць выклікае факт, што Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая да гэтага часу не толькі практыкуе смяротныя прысуды, але і прыводзіць іх у выкананне, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці. «Факт выканання смяротных прысудаў у дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука ў сакавіку 2010 года, нягледзячы на тое, што Камітэтам па правах чалавека ААН былі накіраваныя запыты аб часовых мерах абароны, і вынясення 14 траўня 2010 года двух смяротных прысудаў адносна Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі сведчыць пра нежаданне Беларусі кіравацца фундаментальнымі прынцыпамі правоў чалавека», – падкрэсліў Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH і Прэзідэнт ПЦ “Вясна”.

Праваабаронцы, якія ўсе апошнія гады працуюць ва ўмовах, спалучаных з вялікай рызыкай, апошні час сутыкнуліся з дадатковымі цяжкасцямі. Шэраг ператрусаў прайшоў у рэгіянальных офісах праваабаронцаў. Так, 30 красавіка 2010 г. прайшоў ператрус з канфіскацыяй кампутарнай тэхнікі ў офісе наваполацкага праваабаронцы Зміцера Салаўёва. Міліцыя канфіскавала кампутарнае абсталяванне ў праваабаронцы ў сувязі з тым, што ў горадзе на сценах дамоў з’явіліся неанацысцкія надпісы. Варта адзначыць, што Зм. Салаўёў некалькі разоў беспаспяхова звяртаўся са скаргамі ў міліцыю па фактах напісання неанацысцкіх лозунгаў у горадзе і на сцяне яго офіса. Таксама нагадаем, што Зм. Салаўёў тройчы ў 2007 і 2009 гг. прадастаўляў свой офіс у якасці юрыдычнага адрасу для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша Вясна», якое беспаспяхова спрабавалі зарэгістраваць сябры ліквідаванага беларускімі ўладамі ў 2003 г. Праваабарончага цэнтру «Вясна». Д. Салаўёў з’яўляўся адным з заснавальнікаў «Нашай Вясны».

19.05.2010 ператрус прайшоў у офісе яшчэ аднаго з заснавальнікаў праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша Вясна» – у праваабаронцы Валеры Пуціцкага ў г. Рэчыца.

Акрамя гэтага, шэраг ператрусаў адбыўся на працоўных месцах і ў прыватных жылых памяшканнях у шэрагу журналістаў – у журналіста адной з вядучых незалежных газет “Народная воля” Марыны Коктыш, намесніка галоўнага рэдактара выдання Святланы Калінкінай, а таксама ў вядучага незалежнага журналіста Ірыны Халіп і журналіста сайта Хартыя-97 Наталлі Радзінай. Усе гэтыя журналісты з’яўляюцца сведкамі па крымінальнай справе, узбуджанай па факце паклёпу на генерала КДБ Івана Каржа. Канфіскацыя кампутараў, правядзенне двух экспертыз кампутарнай тэхнікі з зламаннем пароляў асабістай электроннай пошты і перапіскі па скайпу паказваюць на мэтанакіраваны пераслед і ціск на журналістаў вядучых незалежных СМІ напярэдадні важнай палітычнай кампаніі – прэзідэнцкіх выбараў. FIDH і Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказваюць занепакоенасць тым, што следства можа змяніць працэсуальны статус журналістаў і распачаць у дачыненні да іх крымінальны пераслед.

18-19 траўня 2010 г. у больш чым 20-ці гарадах Беларусі прайшлі ператрусы на прыватных кватэрах і офісах НДА актывістаў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”. У выніку гэтых дзеянняў былі адвольна затрыманыя некалькі дзесяткаў чалавек. Кіраўнікі кампаніі Уладзімір Някляеў, Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў правялі трое сутак у ІЧУ г. Менска як падазраваныя ў крымінальнай справе. Лічым, што дадзеная санкцыянаваная ўладамі Беларусі сілавая акцыя накіравана на запалохванне актывістаў кампаніі і асабіста Ул. Някляева як аднаго з магчымых кандыдатаў на будучых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 3 сакавіка 2010 г. ператрусу і допыту быў падвергнуты лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які таксама напярэдадні заявіў аб намеры балатавацца ў якасці кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Далей FIDH і ПЦ «Вясна» адзначаюць, што ў краіне да гэтага часу ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца асобы, крымінальны пераслед і асуджэнне якіх мы звязваем з іх палітычнай дзейнасцю. Гэта актывіст апазіцыі Алег Сурган, Кастрычніцкім судом г.Віцебска асуджаны 19.02.2010 на 6 месяцаў арышту па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

14.05.2010 г. Кастрычніцкім судом г. Віцебска быў пакараны па артыкулах 339 (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства) і 363 (супраціў супрацоўніку унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу актывіст Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі Сяргей Каваленка за тое, што 7 студзеня 2010 г. вывесіў на галоўнай ёлцы Віцебска беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

16 траўня 2010 г. быў вынесены і ўступіў у законную сілу прысуд Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па справе прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына. Першапачаткова абвінавачаныя ў шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, М. Аўтуховіч, А. Ларын, У. Асіпенка ў выніку адкрытага разгляду справы ў судзе былі апраўданыя па большасці прад’яўленых абвінавачванняў, аднак асуджаныя за захоўванне зброі і боепрыпасаў, а М . Казлоў за бяздзейнасць службовай асобы. Следства па дадзенай крымінальнай справе, на думку FIDH і ПЦ “Вясна”, суправаджалася значнымі парушэннямі працэсуальных гарантый, што відавочна звязана з палітычнай мэтай уладаў.

Да гэтага часу не амніставаныя і вымушаныя знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь з-за пагрозы крымінальнага пераследу асуджаныя на абмежаванне волі за ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2009 г. Таццяна Цішкевіч, Аляксей Бондар і Міхаіл Крываў. 15.06.2009 г. Максім Дашук паўторна быў прысуджаны да 1 году і 3 месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу і да гэтага часу адбывае вынесенае яму пакаранне.

Падчас правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 26-га склікання ў красавіку 2010 г. Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу супраць аднаго з кандыдатаў у дэпутаты, палітычнага актывіста Руху “За свабоду” з г. Масты Алеся Зарэмбюка. А. Зарэмбюк з’яўляецца вядомым маладым палітыкам, які быў дэпутатам Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў 2003-2007 г., неаднаразова балатаваўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты на мясцовых і парламенцкіх выбарах.

Таксама варта адзначыць, што 01.07.2010 уступае ў сілу падпісаны 01.02.2010 А.Лукашэнкам указ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнет», які можа сур’ёзна абмежаваць правы беларускіх грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

У гэтай сувязі FIDH і ПЦ «Вясна» заклікаюць улады Беларусі:

1. Неадкладна вызваліць усіх асуджаных па палітычных матывах, якія знаходзяцца ў зняволенні альбо адбываюць іншыя віды пакаранняў, якія з’яўляюцца абмежаваннем іх волі. Амніставаць раней асуджаных за ўдзел у мірнай дэманстрацыі і забяспечыць ім магчымасць вярнуцца на радзіму.

2. Спыніць пераслед журналістаў, грамадскіх і палітычных актывістаў і забяспечыць усім грамадзянам краіны права свабоднага ўдзелу ў будучай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

3. Спыніць пераслед праваабаронцаў.

4. Неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

5. Забяспечыць грамадзянам краіны рэалізацыю імі свабоды мірных сходаў, асацыяцый, свабоды выказвання ўласнага меркавання.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>