2010 08/07
Юры Варонежцаў

Юры Варонежцаў, Гомель

Старшыня Цэнтральнага суду Гомелю Рыгор Дзьмітрэнка вярнуў без разгляду грамадзкаму актывісту й палітыку Юр’ю Варонежцаву ягоны пазоў да ўправы дазнаньня УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Пры гэтым прадстаўнік мясцовай Фэміды параіў палітыку зьвярнуцца па абарону сваіх інтарэсаў у пракуратуру.

Юры Варонежцаў: «Ад бандытаў яшчэ можна знайсьці нейкую абарону, а ад налёту прадстаўнікоў улады, выглядае, ніякай абароны няма».

У заяве ў суд спадар Варонежцаў патрабаваў, каб суд абавязаў супрацоўнікаў управы дазнаньня вярнуць яму й ягоным сямейнікам грошы — 5400 даляраў — і адабраныя падчас ператрусу асабістыя рэчы, якія ня маюць ніякага дачыненьня ні да якай крымінальнай справы.

18 траўня ў кватэры Юр’я Варонежцава і ў дзясяткаў іншых актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» былі ўчыненыя ператрусы. Падставай паслужыла пастанова сьледчай Ленінскага РУУС Менску Вікторыі Юхневіч паводле артыкулу 250 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі.

Адметна, што з прычыны выняткі міліцыяй асабістай маёмасьці й грошай Юры Варонежцаў ужо зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру. Але зварот гэты выніку ня меў, пра што палітык пісаў і ў пазове. Цяпер суд зноў раіць Варонежцаву зьвяртацца ў пракуратуру.

Адмову раённага суду разглядаць пазоў да міліцыі палітык зьбіраецца абскардзіць у вышэйшую судовую інстанцыю.

Крыніца: Радыё «Свабода».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>