2010 20/07
bulbash

Больш за год віцебскі праваабаронца Валеры Місьнікаў, разам з актывістам Сяргеем Каваленкам, намагаюцца ад заводу вінаградных вінаў “Дыяніс” (СТАА ЗВВ “Дыяніс”) спыненьня вытворчасьці й рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі спіртных напояў пад гандлёвым знакам “БУЛЬБАШЪ”.

Валерый лічыць, што прадукцыя з такой назвай утрымлівае зневажальна-абразлівую мянушку беларусаў і нясе ў сабе знявагу нацыянальнага гонару, беларускай культуры, адценьне непаўнавартаснасьці беларусаў.

Першапачатковы ўладальнік таварнага знака СТАА ЗВВ “Дыяніс” катэгарычна адмовіўся зьмяніць таварны знак “БУЛЬБАШЪ” спасылаючыся на тое, што пасведчаньне за № 25281 на гэты знак выдадзенае ў чэрвені 2007 года Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь праз Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасьці. Такім чынам, гарэлка “БУЛЬБАШЪ” стала атручваць сьвядмасьць многіх беларусаў, якія, у адрозненьне ад “інтэлектуалаў” з Нацыянальнага цэнтру, бачаць у гэтым слове элемент прыніжэньня і абразы для ўсёй нацыі. Скажу болей: было праведзена некалькі экспертыз, як з боку дзяржаўнага эксперта, так і з боку ТБМ. Калі кандыдат філалагічных навук Аксана Шчарбакова, якая часта выступае ў ролі эксперта на судовых працэсах, прыйшла да высновы, што “слово бульбаш в современном русском языке имеет значения: 1. Представитель коренного населения Белоруссии (!). 2. Гражданин Республики Беларусь. Слово бульбаш негативной окраски вне связи с контекстом высказывания не имеет”. А вось экспертнае заключэньне (“Філалагічныя развагі наконт гандлёвай маркі  БУЛЬБАШЪ”), якую падрыхтаваў грамадскі эксперт ТБМ імя Францішка Скарыны, к.ф.н., Пётр Садоўскі, утрымлівае палярныя высновы і пры гэтым указвае на памылковыя падыходы Аксаны Шчарбаковай.

Новыя цікавыя абставіны з “Бульбашем” высветліліся і з іншага боку. Так, паводле дамовы саступкі таварнага знака ў 12 траўня 2008 года СТАА ЗВВ “Дыяніс” за 2000 даляраў ЗША саступіў “БУЛЬБАША” латвійскай кампаніі ТАА “Бульбаш” (г. Рыга). А праз два гады, 6 траўня 2010 года паміж ТАА “Бульбаш” і СТАА ЗВВ “Дыяніс” была заключаная ліцэнзійная дамова, прадметам якога з’яўляецца права на выкарыстаньне таварнага знаку “БУЛЬБАШЪ” для вызначэньня прадукцыі, якая вырабляецца “Дыянісам” на тэрыторыі Беларусі.

Але і ў другой палове 2008 года, і ў 2009 годзе, і ў пачатку 2010 года, прадукцыя завода “Дыяніс” выраблялася і распаўсюджвалася на тэрыторыі краіны. Няўжо, амаль два гады таварны знак “БУЛЬБАШЪ” выкарыстоўваўся ў Беларусі незаконна? Дык чаму тады маўчыць латвійская кампанія “Бульбаш”, якая дазваляла выкарыстоўваць сваю інтэлектуальную ўласнасьць без камерцыйнай выгады. Відаць, была тут іншая дамоўленасьць.

Але вернемся да Місьнікава, які разам з Каваленкам неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыіі, у пракуратуру і суд. Пасля некалькіх адмоваў ва ўзбуджэньні вытворчасьці па грамадзянскай справе “В. Міснікаў супраць таварнага знаку “БУЛЬБАШЪ”, судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь усё ж вырашыла паставіць кропку ў гэтай справе. І 5 ліпеня 2010 года, без Місьнікава і ягоных сьведак, якія, між іншым, знаходзіліся ў будынку Вярхоўнага Суда, суддзі Дулуб, Картуз і Казарэзава прынялі рашэньне: “Місьнікаву Валерыю Аркадзьевічу ў пазове да СТАА ЗВВ “Дыяніс” аб прызнаньні таварнага знака “БУЛЬБАШЪ” (пасведчаньне № 25281) супярэчлівым публічнаму парадку, прынцыпам гуманнасьці і маралі; аб ускладаньні абавязкаў па ліквідацыі недахопаў тавару шляхам змены таварнага знаку; аб спыненьні распаўсюджваньня прадукцыі з таварным знакам; аб спагнаньні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды – адмовіць.
Рашэньне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэньня, абскарджваньню і апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае”.

З пункту гледжаньня судовай калегіі, калі таварны знак зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры таварных знакаў і знакаў абслугоўваньня – значыць яго выкарыстоўваць можна.
Цяпер беларусы атрымалі магчымасьць узаконенага ў судовым парадку карыстаньня зневажальнай мянушкай “бульбаш”.

Чытайце таксама на spring96.org i by.prava-by.info адпаведна:

“Бульбаш – грамадзянін Рэспублікі Беларусь?”

Грамадзянін зь Віцебску абскардзіў у Камітэце ААН правамернасьць выкарыстаньня брэнду “Бульбашъ”

One thought on “А судзьдзі хто? Таксама “бульбашы”!”

  1. ПРА ЭКСПЭРТЫЗУ адносна гэтай назвы …:

    І вось 1 лютага 2010 года з’явілася на свет экспертнае лінгвістычнае заключэньне. Спецыялісту-філолагу было зададзенае толькі адно пытаньне: “Якое значэньне ў сучаснай рускай мове [мае] слова Бульбаш і ці мае дадзенае слова негатыўную афарбоўку па-за сувяззю з кантэкстам выказваньня”.
    У ролі эксперта выступіла кандыдат філалагічных навук Аксана Шчарбакова.
    Дзейнасьць гэтага філолага нярэдка тычыцца разбору зыскаў, звязаных з публікацыямі матэрыялаў у сродках масавай інфармацыі. Нагадаю толькі некалькі апошніх “газетных” судоў з яе ўдзелам у якасьці эксперта: Крычаў, Барысаў, Віцебск. Да слова, пад час разгляду справы ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска 11 жніўня 2006 года (зыск дырэктара фірмы “Транс-Дан” Аляксандра Данілава да недзяржаўнай газеты “Віцебскі кур’ер”) заключэньне, якое зрабіла Шчарбакова, выглядала палярна супрацьлеглым меркаваньню іншага эксперта – намесьніка дэкана філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта Т. Петрашко. Гэта і зразумела, паколькі А.Шчарбакова з’яўляецца пазаштатным супрацоўнікам НДІ крыміналістыкі і крыміналогіі судовых экспертыз Міністэрства юстыцыі.
    Выкарыстаўшы пры правядзеньні даследваньня спецыяльную літаратуру, эксперт прыйшла да высновы, што “ поиск слова бульбашъ и фонетически сходного с ним существительного бульбаш в словарях современного русского литературного языка показал, что указанное слово в русском литературном языке отсуствует.” І далей: “…в большинстве словарей стилистически сниженной лексики, включающих в т.ч. и нецензурную лексику, слово бульбаш (бульбашъ) также не фиксируется. Звярніце ўвагу на вышэйсказанае – “в большинстве словарей”.
    Глыбока не паглыбляючыся ў разважаньні эксперта- філолага, які чамусьці цалкам ігнаруе нацыянальныя лексікаграфічныя крыніцы, працытуем ягоны вывад: “Слово бульбаш в современном русском языке имеет значения: 1. Представитель коренного населения Белоруссии (!). 2. Гражданин Республики Беларусь. Слово бульбаш негативной окраски вне связи с контекстом высказывания не имеет”.
    Чамусьці забыліся запытацца ў саміх беларусаў, а як яны ставяцца да такой перспектывы – бульбашамі звацца…

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>