2008 04/12

Эўрапейскі суд (Стразбур)Днямі Эўракамісыя прапанавала шасьці постсавецкім краінам, у тым ліку Беларусі, скласьці дамову аб асацыяцыі й стварэньні новай эўрапейскай эканамічнай зоны. Што гэта? Эўропа рыхтуе чарговы крок насустрач Беларусі? Выкладчык ЭГУ, палітоляг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што асноўныя прывілеі з гэтае дамовы будзе мець Расея. (далей – правапіс першакрыніцы)

“Для Беларусі гэтая прапанова неадназначная”, – кажа палітолаг:

“Там у прэамбуле гэтага дакумента сказана, і чамусьці гэтага пакуль не заўважылі нашыя СМІ, гэта тое, што адносіны паміж Еўрапейскім саюзам і Расіяй у гэтай ініцыятыве з’яўляюцца прывіліяванымі. То бок, калі інтарэсы будуць сутыкацца, то натуральна, што прэферэнцыі будуць аддавацца расійска-еўрапейскім адносінам”.

Па словах спадара Мельянцова, ад нашай краіны Еўропа больш патрабуе, чым гатовая даць. Калі прапанова будзе падпісаная, Беларусь будзе вымушаная прызнаваць усе рашэнні Еўрапейскага суду. А гэта значыць, беларусы змогуць там судзіцца з дзяржавай, на што ўлады наўрад ці пойдуць:

“На мой погляд, калі казаць менавіта пра Беларусь, то там дысбаланс прапановаў і патрабаванняў. Справа ў тым, што кожная краіна, якая стане часткай гэтага ўсходняга партнёрства і падпіша дамову пра асацыяцыю, яна павінна будзе адаптаваць у сябе ўвесь корпус “аcquis communautaire” – гэта значыць увесь корпус еўрапейскага заканадаўства. Гэта законы ў самых розных галінах жыцця. Да таго ж гэтыя краіны павінныя будуць прызнаваць усе рашэнні Еўрапейскага суда, што на дадзеным этапе для Беларусі з’яўляецца абсалютна не прымальным”

Дзяніс Мельянцоў таксама адзначыў, што гэтая ініцыятыва можа выступіць для Беларусі легітымацыяй праеўрапейскіх настрояў:

“Еўрапейскі саюз у прынцыпе ўпершыню дае зразумець гэтым краінам, лідэрам гэтых краінаў і грамадствам, што дзверы ў Еўрапейскі саюз адчыненыя. Што пры выкананні пэўных умоваў гэтыя краіны могуць стаць бліжэйшымі да еўрапейскага саюзу і ў прынцыпе з перспектывай сяброўства таксама”.

Нагадаем, чакаецца, што 3 снежня прапанова Еўракамісіі будзе афіцыйна апублікавана, а 11 снежня ўключана ў палітыку ЕС на Еўрапейскім саміце кіраўнікоў краін аб’яднанай Еўропы. У чэрвені 2009 года прапаноўваецца правесці саміт Усходняга партнёрства, а затым праводзіць рэгулярныя сустрэчы службоўцаў краін ЕС і Ўсходняй Еўропы.

“Еўрапейскае радыё для Беларусі”

One thought on “Неўзабаве беларусы змогуць судзіцца зь дзяржаваю ў Эўрапейскім судзе?”

  1. Alaksiej says:

    Але, пры чым тут Расея? ЭЗ фармуе зь ёй асобную лінію ўзаемаадносінаў і не ўмежах гэтае праграмы. Яна не ўваходзіць у межы адзначанае дамовы.
    Шэсьць краінаў, калі ўлічваць і Беларусь (ёй трэба яшчэ праявіць волю да прагрэсыўных зьменаў, каб зацьвердзіцца ў межах гэтага сьпісу краінаў) – гэта Азэрбайджан, Грузыя, Малдова, Арменія, Украіна … Беларусь.

    А абсалютная непрыймальнасьць Эўрапейскага суда? Для каго гэта абсалютна непрыймальна? Эўрапейскі суд як і беларускі, і нарвэскі, й любы іншы нацыянальны – і без таго павінен грунтаваць свае высновы на падмурку агульнапрызнаных міжнародных нормаў права, якія адлюстраваныя ва ўжо даўно дзейсных, падпісаных Беларусьсю дакумэнтах – у Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, напрыклад …

    Эўрапейскі суд (дадатка да КПЧ ААН) – гэта дадатковы інтсрумэнт імплемэнтацыі міжнародных стандартаў права ў нацыянальнае заканадаўства – дапамога нацыянальнай судовай сыстэме ў гэтым важкім пытаньні …

    А абавязковасьць рашэньняў Камітэту ААН па Правах Чалавека (як, верагодна, у будучым і Эўрапейскага суда), які ўтвораны й даўно працуе ў межах ратыфікаванага Беларусьсю Факультатыўнага пратаколу да гэтай міжнароднай дамовы – ёсьць пакуль нерэалізаванай, але існуючай дэ-юрэ праўнай рэальнасьцю ўжо для сёньняшняе Беларусі …

    Дадзеныя прапановы Эўразьвязу – сьмелы, сваечасовы й моцны канструктыўны крок насустрач нашай краіне, зроблены ў спрэчных абставінах, аде ў даволі скдаданы й небясьпечны для ейнае дзяржаўнай незалежнасьці час.

    За гэтай ініцыятываю – вялікія пазытыўная пэрспэктыва ўмацаваньня й будучага дынамічнага разьвіцьця краіны …

    І сёньня – усё залежыць ад Беларусі …

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>