2010 29/08
dsdshomel

У артыкуле Валі Лаеўскай “Гомель «За Беларусь без Лукашэнкі»” (Радыё “Рацыя”) паведамляецца пра ўдалы выпадак пазасудовай абароны права на свабоднае выказваньне поглядаў.

Сапраўды, аказалася, што ў Гомелі не забаронена насіць майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Так, у выніку разгляду пратаколу аб адміністратыўным правапарушэньні ў дачыненьні да грамадзкага актывіста Ўладзімера Няпомняшчых, да такой высновы прыйшоў намесьнік начальніка Цэнтральнага РАЎС, падпалкоўнік міліцыі, Сяргей Яфіменка.

Як сказана ў пастанове аб спыненьні адміністратыўнае справы, у дзеяньнях актывіста адсутнічае які-небудзь склад адміністратыўнага правапарушэньня.

З словаў самаго актывіста, ён быў затрыманы 27 ліпеня – у дзень сьвята беларускай незалежнасьці супрацоўнікамі міліцыі на вуліцы з-за надпісу на ягонай майцы «За Беларусь без Лукашэнкі». З-за гэтага спадара Няпомняшчых, дарэчы, афіцэра міліцыі ў адстаўцы, супрацоўнікі Цэнтральнага РАЎС прывялі ў міліцэйскі пастарунак, сфатаграфавалі з двух бакоў, потым старшы інспэктар прафіляктыкі Цэнтральнага РАЎС Гомелю маёр Аляксандр Шукель напісаў рапарт.

– Прычапіліся да маёй майкі, на якой напісана „За Беларусь без Лукашэнкі“, а на сьпіне — „Хопіць, дастаў“. Я лічу, што ў маіх дзеяньнях адсутнічае склад якога-нібудзь правапарушэньня, таму што надпіс на майцы гэта мая грамадзянская пазыцыя ў дачыненьні да кіраўніка дзяржавы. Менавіта такое тлумачэньне я даў пад час затрыманьня, – адзначыў У. Няпомняшчых.

Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў актывісту бараніцца ад прад’яўляемых абвінавачваньняў, мяркуе, што кожны грамадзянін мае права свабодна выказваць сваё меркаваньне.

– Артыкул 33 Канстытуцыі нашай краіны гарантуе кожнаму свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Ніхто ня можа быць прымушаны да выказваньня сваіх перакананьняў або адмовы ад іх. Аналягічнае права ўтрымліваецца і ў артыкуле 19 ратыфікаванага нашай краінаю Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

– Лічу, што супрацоўнікі міліцыі ў дадзеным канкрэтным выпадку зыходзілі менавіта зь літары закону, вызваліўшы грамадзкага актывіста ад адміністратыўнай адказнасьці. Такі падыход міліцыі ня можа ня радаваць нас праваабаронцаў, – падвёў рысу Л. Судаленка.

Паводле Радыё “Рацыя”,
падрыхтаваў Алесь Лета,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

One thought on “У Гомелі абаронена права на свабоду выказваньня поглядаў”

  1. Alaksiej says:

    Далучаючыся да калегі, магу выказаць згоду з тым, што падобны выпадак ёсьць станоўчым прэцэдэнтам, які паказвае, што ў дадзеным выпадку асноўную ролю адыгралі, як бязспрэчная праваабрончая аргумэнтацыя, гэтак и прафэсыйны досьвед, сумленьне афіцэраў гомельскае міліцыя. Апошнія, як аказалася, зусім не зьніклі за апошні час зь Беларусі. Што само па сабе ўжо дае надзею на магчымасьць аднаўленьня належных функцыяў праваахоўных ды судовых установаў у краіне, на вызваленьне натуральнае грамадзянска-палітычнае ініцыятывы ды рэалізацыю на практыцы тых агульнапрызнаных стандартаў права, якія акрэсьленыя Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і замацаваныя ў Канстытуцыі Беларусі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*