Не забірай жыцьцё!
2010 06/09
Алег Бябенін

Адуh Biabienin

На гэты раз ахвяраю неабвешчанай вайны за права «Людзьмі звацца» ў свабоднае Эўрапейскае Беларусі стаўся грамадзкі актывіст, журналіст, стваральнік і кіраўнік сайту charer97.org Алег Бябенін, прыхільнік і барацьбіт за дэмакратычны ды эўрапейскі выбар Беларусі.

Цела журналіста, заснавальніка і кіраўніка сайта charter97.org Алега Бябеніна, знайшлі 3-га верасьня на ягоным лецішчы ў Дзяржынскім раёне.

Следчыя адразу ў якасьці папярэдняй прычыны сьмерці журналіста абвесьцілі вэрсыю самагубства.

І калі сёньня яшчэ нельга адназначна сказаць, што канкрэтна сталася падставаю гэтага жудаснага факту сьмерці аднаго з актыўных прыхільнікаў дэмакратычнага выбару Беларусі, дык тое, што грамадзкасьць пазбавілася аднаго з актыўных змагароў за вольную ад дыктату, незалежную Беларусь напярэдадні самага вызначальных за апошнія 16 год пэрыяду для краіны, ня зможа аспрэчыць ніхто.

Пры такіх абставінах, калі ў вэрсыю самагубства змагара напярэдадні чакаемага ўсімі й больш за ўсіх ім самім змаганьня «За Беларусь!» ня можа паверыць практычна ніхто з ягоных калегаў, сяброў і аднадумцаў … – нечаканы зыход з жыцьця Алега набывае яшчэ больш трагічны й недвухсэнсоўна зламысны характар. Ён успрымаецца імі як самы сапраўдны апераджальны выбух у стане дэмакратычнае апазыцыі, якая ў супрацьвагу гэтай крывавай сьмертаноснай зброі можа выставіць толькі ўласную рашучасьць, скансалідаванасьць ды непахісную прагу да свабоднай і прававой Беларусі.

І нават, ня гледзячы на тое, ці зьявілася гэтая сьмерць сьледзтвам давядзеньня журналіста да самагубства, ці ёсьць цынічна пралічаным і зплянаваным актам замоўнага забойства, ствараючым атмасфэру страху й разгубленасьці ў стане беларускай апазыцыі напярэдадні распачатае бойцы за «палітычны Алімп» – відавочна тое, што Алега Бябеніна, незалежнага журналіста й апазыцыйнага барацьбіта за Эўрапейскую Беларусь ужо не вярнуць да жыцьця.

Зафіксаваныя факты, афіцыйныя вэрсыі сьледзтва, меркаваньні

Як паведаміў БелаПАНу начальнік адзьдзяленьня інфармацыі й грамадзкіх сувязяў УНС Мінаблвыканкаму, Аляксандар Данільчанка: «Бябенін вісеў на самаробнай пятлі, прымацаванай да зходавага пралёту, які вядзе на другі паверх дому. Побач ляжала тубарэтка».

Паводле ягоных словаў, «пры аглядзе дома знайшлі дзьве пустыя бутэлькі з-пад сьпіртовага напою «Беларускі бальзам». Сьлядоў барацьбы й зьнешніх пашкоджаньняў на трупе не было выяўлена», — сказаў Данільчанка.

Нябожчык не пакінуў ніякай цыдулкі, у яго было шмат плянаў. Да таго ж, у яго засталіся жонка й двое сыноў.

Калегі й супрацоўнікі Бябеніна заяўляюць, што аніякіх падстаў для самагубству ў Бябеніна не было.

Так, дадзеныя сьцьверджаньні абвяргаюцца публічнай заяваю аднага зь сьведак, якія прыбылі на месца здарэньня ў дзень сьмерці Алега Бябеніна й мелі магчымасьць бачыць дзеяньні сьледчых на месцы трагедыі сваімі вачыма.

З словаў каардынатара грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Зьміцера Бандарэнкі, які шмат часу працаваў у адным пакоі з Алегам Бябеніным і здаўна зь ім сябраваў, – заявы аб тым, што на целе Алега не было незвычайных сьлядоў, якія можна лічыць вынікам зьнешняга ўзьдзеяньня нельга лічыць праўдзівымі.

У інтэрвію «Радыё Свабода» Бандарэнка кажа,  што бачыў парэз на пальцы й сьцёртую скуру на касьцяшках левага  кулака памерлага, а таксама аб чарапінах у вобласьці грудзі. На сьпіне нябожчыка былі заўважаны крывавыя подцёкі ў вобласьці левае ныркі й на шыі. Зьміцер  Бандарэнка ўзгадвае, што не аднойчы мыўся з Бябеніным у лазьні й не памятае на ягоным целе падобных сьлядоў.

Усе дадзеныя акалічнасьці, з словаў сьледчых, былі зафіксаваныя ў пратаколе агляду ды з некалькіх ракурсаў зфатаграфаваныя, і яны будуць усе правярацца, – паведаміў Зьміцер Бандарэнка, які па-ранейшаму ня верыць, што яго сябар мог сам пакінуць жыцьцё.

Узрушаная міжнародная супольнасьць смуткуе й заклікае да аб’ектыўнага сьледзтва

Ежы Бузэк

Ежы Бузэк

У сувязі зь гібельлю Алега Бябеніна выказаў занепакоенасьць прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк. Ён заклікаў беларускія ўлады правесьці аб’ектыўнае разсьледваньне абставінаў сьмерці журналіста.

Выказваючы глыбокія спачуваньні да сямьі й блізкім Бябеніна, дакладчыца Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па Беларусі Сініка Хурскайнэн, заклікала беларускія ўлады правесьці поўнае й празрыстае разсьледваньне прычынаў ягонае сьмерці.

С.Хурскайнэн

С.Хурскайнэн

«Узнікае пытаньне адносна абставінаў ягонае гібелі, і я спадзяюся, што ўлады правядуць поўнае, празрыстае й вычарпальнае разсьледваньне гэтага трагічнага выпадку», - сказала Хурскайнэн.

Хурскайнэн адзначыла, што ПАРЕ будзе ўважліва сачыць за ходам разсьледаваньня ды за ўсімі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. «Асабліва гэта датычыць свабоды прэсы й свабоды палітычных правоў грамадзянаў», – падкрэсліла яна.

НГК

НГК

Праваабронцы Нарвэскага Гэльсынскага Камітэту таксама глыбока ўзрушаныя й смуткуюць з нагоды сьмерці заснавальніка charter97.org Алега Бябеніна. Яны таксама лічуць дзіўнымі абставіны гібелі журналіста.

Мы заклікаем Эўрапейскія краіны, уключаючы Нарвэгію, запатрабаваць ад беларускіх уладаў дбайнага й празрыстага разсьледваньня гібелі Алега Бябеніна, прыкласьці ўсе наяўныя ў іх паўнамоцтвах магчымасьці, каб пераканацца, што поўная праўда раскрытая, – гаворыцца ў заяве Нарвэскага Гэльсынскага камітэту.

Індэкс Цэнзуры

Індэкс Цэнзуры

Брытанская праваабарончая арганізацыя “Індэкс цэнзуры” таксама занепакоеная гібельлю аднаго зь вядучых журналістаў Беларусі.

Як адзін зь лідэраў праваабарончай ініцыятывы “Хартыя’97”, Бябенін шматразова падвяргаўся запалохваньню з боку ўладаў. У красавіку 1997 году ён быў выкрадзены, магчыма, супрацоўнікамі КДБ, а ў верасьні 1999 году быў жорстка зьбіты невядомымі. Ён заснаваў вэб-сайт charter97.org, які ва ўмовах беларускай дыктатуры зьяўляецца вядучай крыніцай незалежнай інфармацыі ў краіне.

Майк Харыс (Mike Harris), мэнэджар «Індэкс цэнзуры» па сувязях з грамадзкасьцю, які знаходзіцца ў Беларусі, заявіў:
”У Менску ўсе перажываюць. Асабліва блізкія Алега. Не знойдзена ніякай перадсьмяротнай цыдулкі. За некалькі гадзінаў да сьмерці Алег патэлефанаваў сваім сябрам, каб дамовіцца пайсьці ў кіно. У апошнія месяцы ён вельмі быў моцна заклапочаны бясьпекаю сваіх калег-праваабаронцаў, баяўся, што паўторацца 1997-99 гады, калі ён цудам застаўся жывы, баяўся, што зноў пры таямнічых абставінах пачнуць прападаць апазыцыянэры.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца да лютага наступнага году. Лукашэнка цяпер бярэцца за праваабарончыя арганізацыі й моладзевых актывістаў, адбываюцца арышты й паказушныя суды. Гэта самагубства шакіравала ўсю грамадзянскую супольнасьць Беларусі,” – дадаў брытанскі праваабаронца.

У апошнія гады ўлады аказвалі пастаянны ціск на Хартыю’97 і іншыя апазыцыйныя групы.

16 сакавіка ў межах крымінальнае справы аб паклёпе ў адносінах да генэралу КДБ у офісе charter97.org былі канфіскаваныя кампутары, адзначаецца ў заяве “Індэкс цэнзуры”.

*

*

6 верасьня ў Менску адбылося разьвітаньне з кіраўніком сайту “Хартыя-97″ Алегам Бябеніным.

Грамадзянская паніхіда прайшла з 14 да 15 гадзінаў у залі рытуальных паслугаў па вуліцы Альшэўскага, 12.

Пахавалі Алега Бябеніна на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках у Менску.

Алесь Вольны,

Беларускі Праўны Партал,

by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>