2010 03/09
Эўрапейскі суд, Стразбур

Стразбур

Там іх могуць чакаць катаваньні ці бесчалавечнае абыходжаньне, што супярэчыць Эўрапейскай канвэнцыі па абароне правоў чалавеку. (далей – правапіс першакрыніцы)

З 2009 года беларусы выйгралі тры справы на гэтай падставе, паведамляе «Еўрарадыё».

«Ніхто не павінен падпадаць пад катаванні, пераносіць бесчалавечнае абыходжанне ці пакаранне, якое зневажае годнасць», – абвяшчае 3 артыкул Еўрапейскай канвенцыі па абароне правоў чалавека. Яе падпісалі 47 еўрапейскіх краінаў – усе еўрапейскія нацыі, акрамя Беларусі.

«Суд аднагалосна пастанаўляе, што ў выпадку выканання рашэння аб экстрадыцыі заяўнікаў у Беларусь … гэта стала б парушэннем артыкула 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека», – пераможныя словы для беларускай сям’і Пчэльнікавых з вэрдыкту Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Перамога беларусаў у Страсбургскім судзе ад 2 верасня – падзея вельмі рэдкая. Справа ў тым, што Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы і нават не мае статусу спецыяльнага госця. Таму грамадзяне падаваць скаргу на беларускія судовыя і іншыя органы не могуць. Тэарэтычна беларусы могуць судзіцца толькі з іншымі еўрапейскімі краінамі.

З пастановы Суда: «1-га кастрычніка яго на вуліцы арыштавала міліцыя, вывезла ў загарадны лес і збіла да страты прытомнасці. Напярэдадні парламенцкіх выбараў, у ноч з 16 на 17 лістапада 2004 года ён быў арыштаваны і змешчаны пад хатні арышт … Сцвярджае, што яго збілі супрацоўнікі міліцыі, і ён страціў прытомнасць ад нанесенага па галаве ўдару», – значыцца ў тэксце рашэння Суда аб ціску на актывіста Партыі БНФ.

Шматразовыя арышты і ціск з боку сілавых органаў пацверджаныя ў Судзе дакументацыяй праваахоўных арганізацыяў і медыцынскімі дакументамі. У 2004 годзе Юрый Пчэльнікаў для бяспекі сваёй сям’і з’ехаў з жонкай і дзецьмі ў Еўрапейскі Саюз. Праз нейкі час яны апынуліся ў Францыі, якая хацела дэпартаваць іх як нелегалаў назад у Беларусь.

Па пададзенай у 2006 годзе скарзе Еўрапейскі суд прыняў рашэнне толькі зараз: суддзі не паспяваюць хутка разглядаць тысячы скаргаў ад грамадзянаў 47 краінаў Савета Еўропы. Еўрапейскі суд палічыў пададзеныя Юрыем доказы ціску па палітычных прычынах дакладнымі.

З пастановы Суда: «Што датычыць рызыкі ў выпадку вяртання ў Беларусь, дык заяўнік сцвярджае, што ён патрапіць пад рэпрэсіі з-за свайго мінулага ў якасці апазіцыйнага дзеяча, а таксама з-за таго, што пакінуў краіну ў пошуках прытулку».

Прааналізаваўшы абставіны справы, палажэння Крымінальнага кодэкса РБ, рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (1671 (2009), даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека (A/HRC/4/16, 15 студзеня 2007) і справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацыяў (Freedom House, Amnesty International) аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі, 7 суддзяў з розных еўрапейскіх краінаў прыйшлі да высновы, што рызыка бесчалавечнага абыходжання з сям’ёй Юрыя ў выпадку вяртання на радзіму сапраўды ёсць, а значыць, Францыя высылаць нелегалаў не мае права, паколькі гэта парушае Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека.

Раней Еўрапейскі Суд ужо выносіў шэраг вердыктаў па скаргах беларусаў, якія ў тым ліку спасылаліся на магчымасць жорсткага абыходжаньня ў выпадку вяртання ў Беларусь (Артыкул 3 Канвенцыі).

Апошнія дзве такія справы супраць Украіны выйгралі Ігар Коктыш у мінулым годзе (справа № 43707/07, 10 снежня 2009) і Дзмітры Пузан – у гэтым (справа № 51243/08, 18 лютага 2010).

Заўвага: На працягу трох месяцаў пасля вынясення вердыкту Францыя можа падаць заяўку на паўторны разгляд справы Вялікай палатай Суда, якая складаецца з 17 суддзяў. Зрэшты, гэта малаверагодна: Вялікая палата разглядае скаргі на справы выключнай важнасці.

Краніца: Charter97.org

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>