2010 27/09
U. Khilmanovich

У. Хільмановіч

23 верасьня ў Гародні меўся адбыцца суд над вядомым навукоўцам, прафэсарам Алесем Астроўскім і ягонай жонкай Аксанай, а таксама грамадзкім праваабаронцам і журналістам Уладзімерам Хільмановічам. На іх былі заведзены адміністрацыйныя справы за арганізацыю пікета ў абарону беларускага школьніцтва, які быў зладжаны 2 верасьня перад будынкам гарвыканкаму. Астроўскія і Хільмановіч патрабавалі рэалізацыі іхнага права на навучаньне сваіх дзяцей па беларуску. У той дзень яны былі затрыманыя, а праз тыдзень на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Позвы ў суд былі дасланыя на 23 верасьня на 10.00. Аднак, напярэдадні Астроўскім патэлефанавалі й паінфармавалі, што суд пераносіцца на няпэўны тэрмін. Уладзімеру Хільмановічу пра гэта не паведамілі ўвогуле. Калі Алесь і Аксана Астроўскія ды Ўладзімер Хільмановічі прыйшлі ў суд Ленінскага раёну, судзьдзя Натальля Козел паведаміла, што працэс не адбудзецца ў зьвязку з дадатковым вывучэньнем матэрыялаў супрацоўнікамі міліцыі. Уладзімер Хільмановіч кажа: “Такі перанос працэсу яшчэ раз сьведчыць пра тое, што нашы дзяржаўныя ўстановы ня маюць належнай адказнасьці за свае дзеяньні. Калі ім сорамна за гэтую адміністратыўную справу, то яе можна закрыць. Калі ж праваахоўныя ворганы лічаць, што мы парушылі закон, дык трэба весьці судовы працэс. Што там можна дадаткова вывучаць? Гэта проста сьмешная прычына пераносу суду. А тое, што мне не паведамілі пра перанос працэсу, сьведчыць пра безадказнасьць службовых асобаў. Сапраўды адзін званок на мой мабільны тэлефон, які я прапусціў напярэдадні, пасьля шасьці гадзінаў вечара быў. Але можна было б патэлефанаваць яшчэ. А так гэта элемэнтарная непавага да грамадзянаў. Сапраўдная ж прычына пераносу суду ў тым, што ўлады баяцца грамадзкага розгаласу, разумеючы, што праўда на нашым баку, таму што, выйшаўшы на пікет, мы патрабавалі найперш выкананьня законнасьці”.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>