Камітэт ААН па правах чалавеку зарэгістраваў індывідуальнае паведамленьне смалявіцкага актывіста Яўгена Пугача аб парушэньні ягонага права на правядзеньне мірнага сходу й свабоду выказваньня меркаваньня. Аўтарытэтная міжнародная арганізацыя адводзіць беларускаму ўраду 6 месяцаў для дачы камэнтароў па скарзе беларуса. (далей – правапіс першакрыніцы)
Пра гэта стала вядома ад праваабаронцы Сяргея Усцінава, які дапамог давесьці гэтую справу да Камітэта ААН па правах чалавека.
Скаргу Яўген Пугач накіраваў у знак сваёй нязгоды з рашэньнямі беларускіх уладаў, якія забаранілі яму правесьці пікет супраць жорсткага абыходжаньня з жывёламі. Пікет планавалася правесьці на пустцы, насупраць сумна вядомай ўстановы па адлову і забойстве жывёл у Мінску па вул.Гурского, 42.
Падставы для забароны мірнага сходу былі больш чым надуманыя: “правядзеньне пікетаваньня ў названым месцы, можа прыцягнуць увагу вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць рух на аўтадарогах, прылеглых да будынка па вул. Гурскага, 42, што ў сваю чаргу можа прывесьці да стварэньня перашкод для транспартнага і пешаходнага руху”.
– Наколькі гэта абмежаваньне адпавядае абмежаваньням, дапушчальным згодна Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і наколькі яно абгрунтавана, і будзе вырашаць Камітэт па правах чалавека, – падкрэсліў праваабаронца С. Усцінаў.
Крыніца: spring96.org