2010 14/09
Прымусовая дактыляскапія

Прымусовая дактыляскапія

Абвяшчэньне прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі супала з актывізацыяй спэцслужбаў у Жодзіне.

Выглядае так, што супрацоўнікі ГАЎС тут зусім нераптоўна адразу ўзгадалі пра свае абавязкі па дактыляскапічай апрацоўцы мужчынскай часткі беларускага насельніцтва. І сярод усіх вызначылі ў якасьці тэрміновага прыярыту – мясцовых праваабаронцаў.

Так, ужо 13 верасьня адбылася тэлефонная размова каардынатаркі ПЦ «Вясна» у Жодзіне Сьвятланы Лапіцкай з адказным прадстаўніком мясцовага ГАЎС. Апошні папярэдзіў аб сваім намеры пры любых умовах тэрмінова зьняць адбіткі пальцаў у Аляксея Лапіцкага нават у хатніх умовах.

І ўжо 14-15-га пасьля 19-00 вечара ў дзьверы Лапіцкіх настойліва грукаталіся двое актыўных суб’еткаў у цывільным. Апошні раз, ня трапіўшы ў кватэру, яны апыталі суседзяў і сыйшлі.

Актывісты зьвязваюць падобную тэрміновую ўвагу да сябе тым, што ў 2008 годзе яны даволі аб’ектыўна й прынцыпова праводзілі ў Жодзінкім рэгіёне незалежнае даўгатэрміновае назіраньне за выбарчым працэсам. І шмат каму зь мясцовага кіраўніцтва прыйшлося тады значна патурбавацца.

Можна толькі ўзгадаць паказальны інцыдэнт з парушэньнем права на ўдзел у працы Жодзінскай АВК учасе правядзеньня парлямэнцкай кампаніі 2008 году.

А.Лапіцкі

А.Лапіцкі

Аляксей Лапіцкі на гэты конт сьведчыць:
– Тады сапраўды, на самым пачатку кампаніі я спрабаваў вылучыцца ў склад Акруговай выбарчай камісыі (АВК) – сабраў для гэтага 107 подпісаў жодзінцаў і сваечасова адправіў па прызначэньні.

Аднак, у выніку мая кандыдатура нават не разглядалася ў Менаблвыканкаме, а на само паседжаньне мяне проста не пусьцілі. У адказ на свой пратэст па інцыдэнце я атрымаў тлумачэньне ад Амельянчука М.М. аб тым, што дакумэнты прыйшлі несваечасова, таму й не разглядаліся ў вызначаным законам парадку. І гэта пры тым, што аб сваечасовым прыёме адасланых мною дакумэнтаў я меў на руках дакумэнт, бо карэспандэнцыя адсылалася загадзя й замоўным паштовым адпраўленьнем з уведамленьнем.

Такім чынам, было зафіксаванае грубейшае парушэньне вызначанай законам працэдуры фармаваньня Жодзінскай АВК у 2008 годзе і тое, шляхам якіх падтасовак і парушэньняў заканадаўства (вядомыя нам ужо) высокапастаўленыя функцыянэры вэртыкалі гатовыя выконваць пастаўленыя перад імі зусім неправамерныя даручэньні й задачы*.

Паказальна сёньня, што ў нашым выпадку ў цэнтры ўзгаданага інцыдэнту аказаўся даволі вядомы жодзінцам сп. Амельянчук М.М.. Ён на той час узначальваў арганізацыйна-кадравую працу ў Менскім абласным выканкаме й каардынаваў працэс фармаваньня Акруговых выбарчых камісыяў па Менскай вобласьці, а ўжо 03.09.2010, неяк зусім нечакана, – апынуўся на пасадзе старшыні Жодзінскага выканкаму.

«А ці шмат чаго зьмянілася перад чарговай прэзыдэнцкай кампаніяй у Беларусі?», – спытае зацікаўлены беларускі выбарнік. І калі зьмянілася, дык у які бок?

Адказваць на падобнае пытаньне можна, канешне, па-рознаму.

Але відавочна тое, што выключна касмэтычныя праўкі да выбачага заканадаўства, зробленыя пры ўдзеле ЦВК напярэдадні цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама назіраемая сёньня характэрная для гэтага пэрыяду актыўнасьць «вэртыкалі» на грамадзка-палітычным полі, усё ж прымушаюць рабіць дастаткова несуцяшальныя высновы.

Алесь Вольны,

Жодзіна.

P/S

* – Выяўленыя ў дадзеным выпадку парушэньні (у самым пачатку парлямэнцкай кампаніі 2008 году) з атрыманьнем рэчавых доказаў парушэньня працэдуры й маніпуляцыяў адпаведнымі дакумэнтамі ўчасе фармаваньня Жодзінскай Акруговай выбарчай камісыі дазволілі скіраваць абгрунтаваную й свечасовую скаргу ў суд.

Пры гэтым, ня гледзячы на тое, што праваабаронца меў усе доказы неправамернага неразгляду ягонай кандыдатуры, а таксама засьведчыў свой недопуск да ўдзелу ў спэцыяльным супольным паседжаньні Менскай абласной рады й Менаблвыканкаму – суд нават ня прыняў дакумэнты заяўніка да адпаведнай судавытворчасьці (!?).

Дадзены красамоўны факт толькі пацьвердзіў існуючыя высновы міжнародных экспэртаў права аб тым, што ані выбарчая (з 1996 году ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнанымі міжнароднай супольнасьцю), ані судовая (даклад сп. Парамы Кумарасвамі, спэцдакладчыку па незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Камісыі ААН па правах чалавеку) сыстэмы ў Рэспубліцы Беларусь не выконваюць сваіх функцыяў ды не адпавядаюць агульнапрызнаным у цывілізаваным сьвеце стандартам.

** – Матэрыялы перапіскі па інцыдэнце 2008г. можна убачыць тут

* ТУТ – спасылка на перапіску па інцыдэнту з дакумэнтамі (заявамі, скагамі, адказамі … у тым ліку ад Амельянука М.М.)

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>