Не забірай жыцьцё!
2010 16/09
несвабода і прэса

несвабода і прэса

14.09.2010, непасрэдна напярэдадні кампаніі ўдзельнікі кампаніі па назіраньні «Правабаронцы за свабодныя выбары», якую ў межах дзейснага заканадаўства і ўласнага статуту зьдзяйсьняе Беларускі Гэльсынскі Камітэт (БГК) і праваабаронцы нерэгістраванага дагэтуль Праваабарончага Цэнтру «Вясна», сутыкнуліся ў рэгіёнах з даволі прадказальнай, але зусім, як аказалася, невырашальнай праблемаю.

У пошуках прыдатных інфармацыйных пляцовак для паэтапнага свабоднага прэс-інфармаваньня грамадзтва пра вынікі маніторынгу яны спаткаліся з элемэнтарным страхам уладальнікаў СМІ разьмяшчаць падобную інфармацыю, страхам страціць выданьне як адпаведную крыніцу сродкаў для існаваньня.

Трэба заўважыць дзеля аб’ектыўнасьці, што апошнія, маючы безумоўную цікавасьць да прапанаванай тэматыкі, адчуваюць сёньня рэальную небясьпеку за лёс уласных выданьняў.

Нават добрыя асабістыя стасункі перамоўнікаў, дакумэнтальна гарантаваная аб’ектыўнасьць прапануемых матэрыялаў і прафэсыйная пастаноўка пытаньня ня здольныя былі пераканаць рэдактараў зьмяніць пазыцыю й пагадзіцца публікаваць паэтапныя вынікі незалежнага назіраньня.

Такім чынам, мінулы нэгатыўны досьвед і цяперашняя сытуацыя ў краіне прымушаюць некаторых выдаўцоў, цалкам залежных ад волі ідэалягіных адзьдзелаў мясцовых выканкамаў, улічваць зробленыя калісьці ім заўвагі й папярэджаньні ад мясцовае ўлады ды проста – ня зьвязвацца зь «ліхам».

A.Лапіцкі

A.Лапіцкі

Мясцовы праваабаронца, Аляксей Лапіцкі, камэнтуе:

– Падобныя факты, асабліва ў самым пачатку чарговай прэзыдэнцкай кампаніі, сьведчаньне абсалютна непрыймальнага стану грамадства. Гэта сытуацыя, нажаль, сёньня аб’ектыўна адлюстроўвае ўзровень разьвіцьця, ці хутчэй, неразьвіцьця, адсутнасьці інфармацыйных альтэрнатываў і свабоднае СМІ-прасторы, у прыватнасьці, у рэгіёнах Беларусі.

Сытуацыя, у якой «журналіст баіцца ідэоляга» і ня можа свабодна інфармаваць выбарніка – шмат у чым паказальная. Гэта – абсалютна анамальная зьява, якая адлюстроўвае татальны кантроль над грамадзтвам, ягоную запалоханасьць і неінфармаванасьць. Ну скажыце самі, як можна казаць пра свабоду СМІ і безперашкодны распаўсюд інфармацыі, калі журналісты ня могуць свабодна працаваць ці зьяўляюцца мішэнямі ў палітычным супрацьстаяньні? Ды й як можна тут, навогул, неяк «супрацьстаяць», навогул нешта казаць і быць пачутым ва ўмовах татальнай «інфармацыйнай фільтрацыі»? У такіх умовах немагчыма аб’ектыўна адлюстроўваць ані грамадзка-палітычныя, ані сацыяльна-эканамічныя працэсы ў соцыюме, ні зьдзяйсьняць публічны абмен думкамі, меркаваньнямі, ні разьвіваць элемэнтарны дыялёг у беларускім грамадзтве.

*

Атрымліваецца так, што такі прывілеяваны мэдыйны праведнік як сп. А.Зімоўскі кажучы пра сёньняшнія рэаліі сапраўды мае рацыю, калі ў дзень абвяшчэньня выбараў 14.09.2010 не безь зьдзеку, упэўнена й безапэляцыйна, праз дзяржаўны тэлеканал заяўляе на ўсю краіну, што будучыя прэтэндэнты як апанэнты ўлады зусім не страшны апошняй, бо яны мала каму вядомыя й усё, чаго здольныя дасягнуць за адведзены перадвыбачы час, дык гэта пераадолець бар’ер пазнавальнасьці (?) … «Бо зараз яны – “ніхто”, дый зваць іх – “ніяк” (!) », – безапэляцыйна зазаначыў напрыканцы выступоўца.

Падобны, даволі абразьлівы й нэгатыўны зьмест дадзенай публічнай высновы – адлюстраваньне рэальнага ганебнага стану манапольнае несвабоды ў інфармацыйнае прасторы крыіны.

Аляксей Лапікі:

– Сапраўды, гэта ёсьць цудоўнай ілюстрацыяй умоваў існаваньня цяперашняга беларускага грамадзтва, у якім простыя грамадзяне (патэнцыйныя выбарнікі) напярэдадні чарговага «выбарнага маратону» проста ня ведаюць аніякае прыдатнае патэнцыйнае альтэрнатывы адзінаму ды ўсюды існаму, прысутнаму «і ў школе, і ў полі» «народнаму заступніку».

За іхныя ж, бюджэтныя грошы, грамадзянаў проста пазбаўляюць аб’ектыўнай і разнабаковай інфармацыі, магчымасьці чуць, бачыць і ацэньваць самастойна аргумэнты й факты, а не бездапаможна «спажываць вялікімі лыжкамі» ўсю гэту «посную кашу» аднаабразнай рыторыкі дый “адзінаправільных высноваў”, спэцыяльна падабраных фактаў ды сюжэтных ракурсаў, «нашпігаваных» аплочаным за тыя ж самыя народныя грошы патокам ідэалягемаў ад усё таго ж, праўладнага «ідэаялягічнага фастфуду».

Ці можна ў такіх умовах казаць пра саму магчымасьць хоць нейкага асэнсаванага ды свабоднага выбару? Відавочна, што там, дзе няма свабоды СМІ – нельга казаць пра нешта нават падобнае.

«Насамрэч, у цывілізаваных, дэмакратычных умовах, дзейсная ў дзяржаве ўлада, якая сапраўды працуе ў межах вызначанага Канстытуцыяй праўнага поля павінна не ўтрымліваць манаполію на СМІ, не ствараць абстаноўку страху й перашкодаў свабоднаму абмену інфармацыі, а безумоўна й гарантавана забясьпечваць неад’емныя правы й свабоды грамадзянаў, у тым ліку на сваечасовае й поўнае, разнабаковае атрыманьне інфармацыі, без якой не прадстаўляецца магчымым рабіць сапраўды свабодны й асэнсаваны выбар», – зазначыў праваабаронца.

Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info
Фота: Ales` – Licviny-INFO

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>