2010 28/10
Андрэй Зубра, Жодзіна

Андрэй Зубра, Жодзіна

Аб 11-00 27.10.2010 на працу да Андрэя Зубры, які працуе ў канструктарскім адзьдзяленьні ПВ «БелАЗ» у Жодзіне, нечакана й без аніякіх папярэдніх паведамленьняй зьявілася міліцыя. Супрацоўнік Жодзінскага ГАЎС, капітан Заяц, маючы на руках пратакол допыту актывіста, затрыманага 27.09.2010 з 216 асобнікамі незалежнага выданьня «Тут і цяпер», патрабаваў ад яго спыніць працу й тэрмінова скіроўвацца разам зь ім у суд.

Андрэй Зубра тэрмінова зьвязаўся з праваабаронцам Аляксеем Лапіцкім і патлумачыў міліцыянту неабходнасьць выкананьня вызначанай законам працэдуры. Ён быў уражаны тым, што афіцэр міліцыі нават не паспрабаваў папярэдне даслаць належную позву, а вырашыў гэтак тэрмінова зрываць яго з працоўнага месца, каб даставіць на судовае паседжаньне.

Андрэй паспрабаваў высьветліць у супрацоўніка ГАЎС, на якіх падставах апошні зьяўляецца да яго на працу й сваімі дзеяньнямі напружвае й без таго складаную пасьля затрыманьня ў міліцыю абстаноўку й чарговы раз дыскрыдытуе яго ў вачах працоўнага калектыву. Ён таксама паведаміў пра здарэньне па гарачай тэлефоннай лініі МУС. У выніку ён запатрабаваў, каб капітан жодзінскай міліцыі дзейнічаў у межах вызначанай законам працэдуры й належным чынам аформіў свае дзеяньні.

А 12-00 міліцыянт выпісаў і перадаў актывісту неабходную позву з патрабаваньнем зьявіцца ў Жодзінскі ГАЎС а 15-00 гадзіне. Пры гэтым, ён на гэты час выклікаў машыну з суправаджэньнем.

У выніку Андрэя Зубру на вачах у зьдзіўленых і абураных супрацоўнікаў прадпрыемства міліцыянт фактычна забраў з тэрыторыі закрытага вытворчага прадпрыемства й скіраваў у Жодзінскі ГАЎС. У адзьдзяленьні міліцыі, усё той жа капітан Заяц на вачах актывіста зьнішчыў мінулы пратакол, складзены ім і падпісаны Андрэем 27 верасьня, адразу пасьля ягонага затрыманьня. Ён спрабаваў атрымаць ад А.Зубры нейкія новыя паказаньні, але апошні, у дадзеных абставінах, зусім адмовіўся ад паказаньняў. Таму ў выніку новы пратакол быў запоўнены самім міліцыянтам пры поўным маўчаньні затрыманага.

Адразу пасьля гэтага капітан запрасіў Андрэя да падпалкоўніка Сяўца, які нечакана выклікаў машыну ў суд. Пры гэтым актывісту нічога не паведамлялася асабіста. Аб тым, куды яго павязуць ён мог здагадацца толькі з перамоваў супрацоўнікаў міліцыі паміж сабою.

Такім чынам, у той жа дзень а 16-00, грамадзкага актывіста дастаткова нечакана й тэрмінова даставілі з ГАЎС у Жодзінскі суд. Ён толькі пасьпеў паведаміць пра гэта праваабаронцу, Аляксею Лапіцкаму, які сачыў за сытуацыяй і здолеў сваечасова прыбыць на месца, паразмаўляць з затрыманым і перадаць яму Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Застаецца толькі здагадвацца, чаму перад судовым разьбіральніцтвам капітанам Зайцам гэтак тэрмінова быў зьнішчаны значны працэсуальны дакумэнт, і што прымусіла яго з дапамогай іншых супрацоўнікаў Жодзінскага ГАЎС разыграць перад гэтым цэлы спэктакль з затрыманьнем законапаслухмянага грамадзяніна Беларусі наўпрост у яго на працы?

Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>