
Зала паседжаньняў
27.10.2010 увечары ў будынку Жодзінскага гарадзкога суду распачалося судовае разьбіральніцтва па справе Андрэя Зубры, якога абвінавачваюць у незаконным распаўсюдзе незалежнае прэсы ў Жодзіне, за што пагражае адміністратыўнае пакараньне ў выглядзе штрафу памерам ад 20 да 50 базавых велічыняў.
Праводзіў разьбіральніцтва дзяжурны на той час у будынку суда судзьдзя Грынкевіч. На паседжаньні прысутнічаў праваабаронца Аляксей Лапіцкі.
На пачатку працэса падсудны А.Зубра адразу заявіў некалькі хадайніцтваў, але ніводнае зь іх не было задаволена судом.
У прыватнасьці, судзьдзя Грынкевіч не задаволіў хадайніцтва Андрэя Зубры аб правядзеньні судовага паседжаньня на роднай мове. Не адмаўляючыся ў прынцыпе ад такой магчымасьці, тым не менш, спасылаючыся на існуючае дэ-факта двухмоўе й разуменьне ўсімі расейскае мовы, ён працягнуў праводзіць працэс па-расейску.
Прысутнаму на паседжаньні праваабаронцу й старшыні гарадзкой арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны, Аляксею Лапіцкаму, таксама не было дазволена прадстаўляць інтарэсы падсуднага, які выказаў такое сваё жаданьне, як сябра ТБМ ці прыхільнік статутных мэтаў і задачаў гэтай арганізацыі, зьвязаных з распашырэньнем беларускае мовы ў розных жыцьцёвых асяродках, у тым ліку ў візуальным аздабленьні вуліцаў, а таксама праз распаўсюд беларускамоўных выданьняў.
У якасьці сьведкаў на паседжаньні выступілі двое супрацоўнікаў жодзінскай міліцыі. Яны распавялі як затрымлівалі Андрэя Зубру 27.09.2010 з пакункам незалежнага выданьня «Тут і цяпер» у пад’езьдзе жылога дому №10 па прашпэкце Міру ў Жодзіне.
Зь іхных паказаньняў вынікала, што малады чалавек, паводзіў сябе, на іхную думку, даволі дзіўна. Ён размаўляў, як яны сьведчылі, «не на чыстым беларускім языке» і нават прапаноўваў пачытаць беларускамоўнае выданьне, за якое яго затрымлівалі.
Міліцыянты, сказалі, што адмовіліся пачытаць газэту, але запэўнілі судзьдзю ў тым, што дадзенае выданьне выглядала, як «забароненае на нашай тэрыторыі». У якасьці аргумэнтаў яны адзначылі тое, што «выданьне надрукаванае па-беларуску, у выпуску былі заўважаны словы «прэзыдэнт» і «выбары», таму ўва ўсім гэтым адразу праглядаўся нейкі апазыцыйны падтэкст». Пры гэтым, сьведкі ў пагонах ня здолелі назваць колькасьць паасобнікаў у руках затрыманага, бо не палічылі неабходным пералічваць іхную колькасьць.
Паседжаньне завершылася амаль напрыканцы працоўнага дня й будзе працягнута а 10-00 у бліжэйшую пятніцу, 29.10.2010.
Як патлумачыў судзьдзя Грынкевіч, ён узяў перапынак і не выключае, што на новым паседжаньні яму прыйдзецца дапытаць дадатковых сьведкаў па справе.
Камэнтар правабаронцы:
– Бок падсуднага ўпэўнены ў тым, што любы грамадзянін Беларусі, краіны якая падпісала Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, мае гарантаванае Канстытуцыяй і гэтай высокай міжнароднай дамовай права на безперашкодны распаўзсюд інфармацыі, свабоднае выказваньне розных думак, меркаваньняў, на свабоду перакананьняў.
І гэта есьць тым больш актуальным для беларускамоўных беларусаў у Беларусі, якія ўсё больш адчуваюць дыскрымінацыйны стан як нозьбіты беларускасьці ўва ўласнай краіне. Менавіта яны ў падобных умовах перакананыя й адчуваюць усё большую нутраную патрэбу ў неабходнасьці распашырэньня свабоднай інфармацыі на беларускай мове, бо разумеюць, што гэта спрыяе адраджэньню цікавасьці людзей да вольнае думкі й роднага слова.
Абмежаваньне дадзенага агульнапрызнанага права адпаведна МПГіПП (арт.18, п.3; арт. 19, п.3, а,б) і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 23) на распаўсюд інфармацыі дапускаецца толькі на падставе закону (ясных, зразумелых, даступных і прадказальных правілаў) і павінна быць неабходным:
1) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, а таксама для
2) аховы дзяржбясьпекі, грамадзкага парадку й здароўя ці нораваў насельніцтва.
Пры гэтым, перасьлед за перакананьні, у тым ліку па нацыянальнай і моўнай прыкмеце – абсалютна недапушчальная справа. А зыходзячы з таго, што свабода перакананьняў ёсьць правам (арт. 18 МПГіПП), якое аднесена да катэгорыі “use cogens”, яно адпаведна арт. 4 МПГіПП ня можа быць адмененым ці абмежаваным нават ва ўмовах надзвычайных і вайсковых становішчаў у краіне.
Безумоўна, перадвыбарчая эўрапейская Беларусь, абавязана выступаць гарантам правоў і свабодаў для сваіх грамадзянаў, рухацца да а не с ня можа нават параўноўвацца з падобнымі анамальнымі становішчамі.
Што тычыцца нашага выпадку, дык правапарушэньне з боку А.Зубры навогул выглядае надуманым. Пры гэтым, яно штучна змайстраванае на сьветапоглядна-ідэалягічных стэрыятыпах і тых абмежаваньнях, якімі кіруецца адміністратыўна-камандная сыстэма рэжымных установаў у краіне (ейныя выхаванцы праваахоўнікі), а не лёгіцы права й зразумелай, прадказальна празрыстай законнасьці дый правапарадку цывілізаванай эўрапейскай краіны.
Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info