2010 28/12
Сьвятлана Лапіцкая, Жодзіна

Сьвятлана Лапіцкая, Жодзіна

Яны засьцерагаюць ад небясьпекаў далейшага абвастрэньня палітычнай сытуацыі ў краіне й заклікаюць улады «стаць на шлях міру й устоўлівага разьвіцьця дэмакратычных інстытуцыяў у грамадзтве», а таксама: «Вызваліць асуджаных за палітычныя перакананьні! Спыніць палітычныя рэпрэсыі! Правесьці ў краіне сапраўдныя дэмакратычныя выбары!»

Адкрыты зварот праваабаронцаў да ўладаў і беларускай грамадзкасьці …

«Вызваліць асуджаных за палітычныя перакананьні! Спыніць палітычныя рэпрэсыі! Правесьці ў краіне сапраўдныя дэмакратычныя выбары!»

Уся сыстэма вэртыкалі ўлады зараз, як ніколі яскрава, праяўляецца ў адным ідэалягічным, небясьпечным і дэструктыўным для грамадзтва ракурсе. Яна абараняе свае каштоўнасьці й сваю стабільнасьць, абараняе свае інтарэсы й бясьпеку за кошт далейшага няшчаднага руйнаваньня канстытуцыйнага праўнага поля, агульнаграмадзянскіх інтарэсаў і бясьпекі ўсяго грамадзтва.

Цалкам ліквідаваўшы мэханізм стабілізацыі грамадзкіх працэсаў, закрыўшы любыя легітымныя спосабы ратацыі ўлады й праяўленьня палітычнае альтэрнатывы, падаўляючы палітычную волю мільёнаў грамадзянаў сілай і страхам, дадзенае імкненьне да стабілізацыі грамадзтва з дапамогаю адміністрацыйнага перасьледу й паліцэйскага гвалту – здольнае прывесьці грамадзтва да яшчэ большых праблемаў і дастаткова асязальных, даўно забытых беларусамі, глябальных небясьпекаў.

Падобныя спосабы – вядуць да далейшага разколу й супрацьстаяньня ў грамадзтве. Яны не абараняюць нас, не ўмацоўваюць нашу бясьпеку, а наадварот – ствараюць усе перадумовы для яшчэ большага недаверу й варожасьці, да ячшэ больш брутальнага гвалту й супрацьстаяньня ў краіне.

Вынікам такой палітыцы становіцца поўны недавер да прапанаваных грамадзтву выбарчых мэханізмаў, цалкам падпарадкаваных вэртыкалі ўлады й закрытых для грамадзкага кантролю. Яны не ўмацоўваюць стабільнасьць і адзінства беларускай грамадзянскай супольнасьці, але вядуць да ейнай дэзынтэграцыі й разбурэньня. Выйсьцем з гэтага зачараванага кола – можа быць альбо асэнсаваньне заганнасьці такога шляху, грамадзкі дыялёг і наступны нацыянальна-палітычны кампраміс, новыя дэмакратычныя выбары й прынятыя ўсімі любыя іншыя новыя вынікі, альбо – працяг дэградацыі й зпаўзаньня грамадзтва ў бездань грамадзянскай дэзынтэграцыі, супрацьстаяньня й дыктатуры.

Канстытуцыі, як асноўныя законы з пералікам правілаў агульнага суіснаваньня грамадзянаў і дзяржаўных інстытуцыяў улады ў межах любой дзяржавы, пішуцца не для таго, каб іх бязконца аднаасобна прыстасоўвалі пад сябе, бязконца й безпакарана парушалі, а для таго, каб гарантаваць права кожнага грамадзяніна краіны на свабодны й асэнсаваны выбар ва ўмовах свабоды існаваньня любой грамадзка-палітычнай альтэрнатывы, безперашкоднага распаўсюду інфармацыі, гарантыяў рэалізацыі права на свабоду слова й перакананьняў, на мірныя сходы і асацыяцыі грамадзянаў.

Аляксей Лапіцкі, Жодзіна

Аляксей Лапіцкі, Жодзіна

Толькі рэалізацыя агульнапрызнаных у сьвеце стандартаў права ў галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў для беларусаў можа вярнуць ім іхную ўласную чалавечую годнасьць і самапавагу, рэальную ўпэўненасьць у заўтрашнім дні, упэўненасьць у праве на рэальны выбар мірнай і заможнай будучыні ў сапраўды цывілізаванай, праўнай і дэмакратычнай Беларусі, якую хацелася б бачыць заўсёды свабоднай, квітнеючай і заможнай, у якой маглі б сапраўды годна, мірна й радасна жыць любыя палітычныя апанэнты, кожны з нас, мы ўсе разам, нашыя бацькі й нашыя дзеці.

Дэмакратычны выбарчы мэханізм як прызнаваемы ўсім грамадзтвам спосаб законнай ратацыі ўлады – адзіна магчымы ключ, шлях да стабілізацыі й міру ў грамадзтве. Неабходна проста набрацца палітычнай сьмеласьці й дзяржаўнай мудрасьці, каб правесьці ўрэшце ў Беларусі насамрэч свабодныя й дэмакратычныя выбары!

Гэты шлях – адкрыты. Стандарты выпрацаваныя міжнароднай супольнасьцю й агульна вядомыя для ўсіх цывілізаваных краінаў. Праваабаронцы даўно прадставілі ўладам свае прапановы па зьмене выбарчых мэханізмаў і існуючай практыкі. Для таго, каб пайсьці гэтым шляхам – патрэбна толькі палітычная воля.

Патрэбна спыніцца й асэнсаваць, што адбылося, што адбываецца, і што можа яшчэ адбыцца … Але, найперш за ўсё, для прадухіленьня зусім непажаданае для краіны й вельмі асязальнае ўжо небясьпекі – сёньня патрэбна толькі спыніць распачаты гвалт над грамадзтвам. І яшчэ ў гэтым 2010 годзе – неадкладна вызваліць усіх асуджаных за палітычныя перакананьні!

Мы, Аляксей Лапіцкі й Сьвятлана Лапіцкая, грамадзяне Беларусі, праваабаронцы, выбарнікі, заклікаем беларускія ўлады стаць на шлях міру й устойлівага разьвіцьця дэмакратычных інстытуцыяў у грамадзтве.

Гарантыі стабільнасьці – у аднаабразным разуменьні й безумоўным выкананьні агульнапрызнаных стандартаў права. У гэтым перадумова грамадзкага міру, даверу й паразуменьня.

Мы настойваем на выкананьні Беларусьсю міжнародных абавязкаў у адносінах да правоў і свабодаў уласных грамадзянаў.

І дзеля нашых дзяцей, нашай агульнае свабоднай і годнай будучыні, патрабуем: «Спыніць палітычныя рэпрэсыі! Неадкладна вызваліць асуджаных за рэалізацыю права на мірныя сходы й дэманстрацыі! Стаць на шлях мірнага дыялёгу й паяднаньня ў грамадзтве – зьмяніць выбарчую практыку ў адпаведнасьці з зразумелымі й агульна прызнанымі стандартамі. Правесьці сапраўдныя свабодныя й дэмакратычныя выбары ў нашай Эўрапейскай краіне!»

28.12.2010

Аляксей Лапіцкі,

Сьвятлана Лапіцкая

ПЦ “Вясна”, Жодзіна

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>