2010 27/12
Аляксей Лапіцкі, Жодзіна

Аляксей Лапіцкі, Жодзіна

28.12.2010 праваабаронцы ПЦ «Вясна» у Жодзіне Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія вымушаныя былі зьвярнуцца з афіцыйным зваротам да начальніка Упраўленьня Унутраных Справаў Менаблвыканкаму генэрал-маёра Івана Саўчыца. Ня гледзячы на непасрэдную сустрэчу з намесьнікам начальніка Жодзіснкага ГАЎС Дарошкам і адмысловыя пісьмовыя заявы да начальніка А.Чынкіна, праблемы з утрыманьнем арыштаваных грамадзянаў у часе мірнай дэманстрацыі пратэсту ў Менску 19.12.2010 і іхным утрыманьнем у ІЧУ Жодзінскага выканкаму пры Турме №8 не вырашаюцца. Не прадстаўляюцца для азнаямленьня сьпісы затрыманых, не дазваляецца пісьмовая камунікацыя вязьняў з роднымі й блізкімі, не вырашаюцца пытаньні зручнага графіку перадачаў для людзей вымушаных ехаць зь Менску і іншых гарадоў пасьля працы, а людзей працягваюць трымаць у чэргах на марозе.

Акрамя таго, асуджаных не дазволена знаёміць з палажэньнем нутранага распарадку Жодзінскага ІЧУ Турмы №8, працягвае існаваць жорсткі рэжым функцыяваньня мясцовай міліцыі, якім парушаюццца элемэнтарныя правы саміх жодзінцаў на безперашкодны, свабодны зварот да дзяржаўнае правааховы.

Фактычна, назіраецца падмена функцыі мясцовай дзяржаўнай правааховы, гарантаванай заканадаўствам для ўсіх грамадзянаў, на функцыю працы Жодзіскага ГАЎС у рэжыме цалкам закрытае пенітэнцыярнае ўстановы. Міліцыя пераўтвараецца з праваахоўнай установы ў карную, якая дзейнічае не ў межах безумоўных прыярэтэтаў Канстытуцыйнага праўнага поля, а па загадзе.

Грамадзяне, суб’екты права й дзяржаўнае правааховы, падзяляюцца па прыкметах нацыянальна-моўнай, палітычнай прыналежнасьці й мэтава пазбаўляюцца неад’емных Канстытуцыйных правоў і свабодаў, што наўпрост забаронена Канстытуцыяй як Асноўным законам краіны й міжнаронымі дамовамі (МПГіПП), падпісанымі Рэспублікай Беларусь для абавязковага й безумоўнага выкананьня ўсімі суб’ектаім права на ейнай нацыяанльнай тэрыторыі. У такіх умовах, калі правы грамадзянаў відавочна парушаюцца самімі праваахоўнікамі, а на атрыманыя афіцыйныя сыгналы праваабаронцаў Пракуратура – маўчыць, цяжка ўявіць той неправамерны стан адміністрацыйнай уседазволенасьці, які адчуваюць за кратамі зьняволеныя. Ні да воднага зь іх не дазволена напісаць ніводнага ліста падтрымкі.

Пазбаўленьне волі для відавочных апанэнтаў рэжыму, як бачна, мэтанакіравана спрабуюць пераўтварыць ў пакуты, зьвязаныя з мэтавым узьдзеяньнем на арыштаваных і блізкіх у мэтах прымусіць іх разчаравацца ў зробленым імі выбары, скарыцца, зьмяніць уласныя перакананьні дый згубіць упэўненасьць у салідарную падтрымку грамадзтва.

Такім чынам, назіраецца цалкам відавочная палітычная заангажаванасьць праваахоўных вораганаў, якія ня маюць права быць палітызаванымі й служыць адзінай ідэалёгіі хаця б таму, што манаполія ідэалёгіі – наўпрост забароненая Асноўным законам краіны. У дадзеных умовах яны ўсё больш і больш праяўляюць сябе ў якасьці інструмэнту палітычных рэпрэсыяў і дыскрымінацыйнага ўціску на прадстаўнікоў нацыянальна сьвядомай і дэмакратычна арыентаванай часткі грамадзтва па нацыянальных, моўных і палітычных прыкметах.

ДАДАТАК:

Заява дасланая 27.12.2010 факсам

Начальніку Ўпраўленьня Ўнутраных Справаў Менаблвыканкаму,

Саўчыцу І.А.,

Грамадзянаў Рэспублікі Беларусь,

праваабаронцаў Аляксея Лапіцкага й Сьвятланы Лапіцкай,

Жодзіна, 222160

———————————————–

———————————————–

ЗАЯВА

Зьвяртаемся да вас наконт фактаў бязьдзеяньня службовых асобаў кіраўніцтва Жодзінскага ГАЎС па нашых зваротах, якія патрабуюць апэратыўнага рэагаванья. Па выкладзеных праблемах ня трэба праводзіць аніякіх спэцыяльных дасьледваньняў, але неабходна тэрміновае прыняцьцё канкрэтных захадаў.

І. У Жодзінскі ІЧУ пры Турме №8 мясцовага ГАЎС была скіраваная вялікая колькасьць асуджаных грамадзянаў, якія прымалі ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 19.12.2010.

Але сьпісаў, скіраваных у Жодзіна асуджаных і дакладнай інфармацыі пра іхнае месца знаходжаньня грамадзкасьці, а таксама па спэцыяльных запытах праваабаронцаў – не прадстаўляецца. Для высьвятленьня часу вызваленьня асуджаных супрацоўнікі Жодзінскага ГАЎС скіроўваюць родных абратна ў менскія судовыя ўстановы, што яшчэ больш ускладняе іхнае становішча, бо інфармацыяй аб тым, у якіх з судоў Менску праходзілі канкрэтныя судовыя працэсы яны таксама ў большасьці выпадкаў не валодаюць.

Акрамя таго, працэс утрыманьня адміністратыўна асуджаных абцяжарваецца забаронаю на атрыманьне пісьмовых паведамленьняў і камунікацыі з роднымі. Пры гэтым, выклікае зьдзіўленьне, што зьмешчаным за краты людзям забараняецца атрымліваць палажэньні нутранага распарадку ІЧУ, праўную літаратуру.

Ня гледзячы на вялікі тэрмін пазбаўленьня волі (ад 10 да 15 сутак), а таксама пераднавагодні сьвяточны пэрыяд Раства Хрыстовага, які значнай большасьцю асуджаных сьвяткуецца як раз з 24-25.12.2010 (хрысьціяне каталіцкай, уніяцкай ці пратэстантскай канфэсыяў …), а таксама й без таго зьдзейсьнены неправамерны ці відавочна непрапарцыйна жорсткі характар пакараньня асуджаных за рэалізацыю імі права на мірныя сходы й выказваньне такім чынам ўласных меркаваньняў (арт. арт. 21 і 19 МПГіПП; арт. арт. 23, 31, 33, 34, 35, 63 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), а таксама адзіна магчымага ва ўмовах фактычнай дзяржманапаліі на СМІ масавага пратэсту супраць існуючай адміністрацыйна-каманднай выбарчай мадэлі й фальсыфікацыі вынікаў выбараў – пазбаўленыя волі грамадзяне, іхныя бацькі й сябры, праваабаронцы, пастаўленыя ў зьневажальна-дыскрымінацыйныя ўмовы й вымушаныя несьці дадатковыя маральныя ды фізычныя пакуты (арт. арт. 10, 25, 26 МПГіПП; арт.арт. 24, 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), зьвязаныя з:

  • поўнай забаронаю любых харчовых перадачаў,

  • не прадстаўленьнем для азнаямленьня сьпісаў арыштаваных,

  • дакладнай інфармацыі пра месца іхнага знаходжаньня, тэрміны зьняволеньня й час вызваленьня з-пад варты, а

  • чэргі для перадачаў арганізуюцца супрацоўнікамі ГАЎС на адкрытым паветры й ні ў чым не павінныя людзі, сталыя мужчыны, жанчыны й дзеці … – вымушаныя пакутваць на марозе.

Варта адзначыць, што ў суботу й нядзелю – перадачы ў Жодзінскім ГАЎС для арыштаваных за мірны мітынг пратэсту ў Менску зусім не прымаюцца. Складзены графік прыёму перадачаў у буднія дні, пры гэтым, зусім ня ўлічвае, што іх вымушаныя рабіць жыхары Менску ды іншых гарадоў, якія ў працоўны час, як раней з 14-00 да 17-00, гэтак і зараз з 09-00 да13-00 і 14-00 да 16-00 – ня могуць сваечасова прыбыць у Жодзіна. Замест іх у гэты час знаходзяцца на марозе ў асноўным сталыя людзі зь дзецьмі. Калі ж для перадачаў прыяжджаюць працуючыя ў Менску людзі, прыём перадачаў ад іх, як напрыклад сёньня, 27.12.2010, у 16-00 фактычна спыняецца, і перадачы ад прыехаўшых у Жодзіна зь Менску грамадзянаў у гэты час – ужо зусім не прымаецца.

Усё адзначанае вышэй, пры наяўнасьці нашых адпаведных зваротаў і прозьбаў, можна аднесьці да спосабаў дадатковага, не прадугледжанага рашэньнем суда аб пазбаўленьні волі, мэтавага адміністрацыйнага ўціску на асуджаных, іхных родных і блізкіх, сябраў і аднадумцаў.

Таксама, назіраемая ў гэтых умовах адсутнасьць належнага рэагаваньня начальства Жодзінскага ГАЎС выяўляе ягоную пэўную зацікаўленасьць у падобных нэгатыўных абставінах, у якіх цалкам асэнсавана й мэтадычна дадзенай канкрэтнай мэтавай групе грамадзянаў наносіцца адчувальная маральная й фізычная шкода. Яны вымушаныя пры гэтым трываць – адпаведныя пакуты.

Усё гэта разглядаецца намі як практыка працягу мэтадычна асэнсаванага зьдзеку ці катаваньняў, зьдзяйсьняемых у дачыненьні да грамадзянаў краіны, па прыкметах нацыянальнай, моўнай, палітычнай і рэлігійнай прыналежнасьці ды адпаведных перакананьняў, выказаных адносінаў да існуючай у краіне аўтарытарна-каманднай сыстэмы ўлады, да закрытай ад рэальнага назіраньня й кантролю шырокай грамадзкасьці, маніпулятыўнай практыкі правядзеньня выбарчых кампаніяў, якія з году ў год скаардынавана зьдзяйсьняюцца аднымі й тымі ж людзьмі з адзінага штабу існуючае «вэртыкалі ўлады» і тым самым абсалютна безпакарана пасьлядоўна перашкаджаюць законнай, прадугледжанай палажэньнямі ВК і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выбарчай ратацыі ўлады на ўсіх ейных узроўнях.

Ня гледзячы на абяцаньне хуткага рэагаваньня па нашым звароце ад 23.12.2010 (учасе непасрэднай сутрэчы 23.12.2010 з нам. нач. ГАЎС Дарошкам) кіраўніцтва ГАЎС дагэтуль аніякіх мераў для выпраўленьня сытуацыі з неправамерным абмежаваньнем правоў асуджаных і іхных родных дагэтуль не прымае.

Наадварот, 24.12.2010 міліцыянтамі Мыцькам і Драздоўскім рабіліся перашкоды ў падачы А.Лапіцкім нашай заявы па факце неправамерных дзеяньняў міліцыянта Пімэнава, а сытуацыя з адпаведнымі правамі асуджаных выглядае яшчэ больш праблематычнай: іх ад самага пачатку знаходжаньня за кратамі абмяжоўваюць у правах на азнаямленьне нават з палажэньнем аб нутраным распарадку ІЧУ Жодзінскага гарвыканкаму …

ІІ. Акрамя вышэй адзначанага, зьвяртаем вашу ўвагу на тое, што з спасылкай на надзвычайны ўзмоцнены рэжым у Жодзінскім ГАЎС, кіраўніцтва дадзенай установы пазбаўляе нас асабіста як грамадзянаў Беларусі, праваабаронцаў, жыхароў Жодзіна, права на безперашкодны й свабодны зварот да дзяржаўнае правааховы!

Лічым, што дзеяньнямі кіраўніцтва ГАЎС і ягоных канкрэтных супрацоўнікаў мы асабіста як грамадзяне Беларусі былі неправамерна пазбаўленыя магчымасьці:

  • атрымаць адпаведную, неабходную для камунікацыі з начальствам ГАЎС, праўдзівую інфармацыю й адпаведна

  • трапіць на прыём 22.12.2010 да начальніка Жодзінскага ГАЎС, А.Чынкіна (гл. заяву ад 24.12.2010 на дзеяньні міліцыянта Пімэнава 22.12.2010),

  • свабодна прайсьці 24.12.2010 у будынак гарадзкога адзьдзяленьня міліцыі для правядзеньня нармальнай працэдуры падачы й рэгістрацыі адзначанай заявы (гэта пасьля перамоваў па рацыі спрабаваў зрабіць міліцянт Мыцька тут жа на марозе, за 200 мэтраў ад будынку Жодзінскага ГАЎС),

а ў далейшым, без пастаяннага міліцэйскага суправаджэньня начальнікам штабу, маёрам Драздоўскім,

  • свабодна зайсьці ў будынак ГАЎС Жодзінскага выканкаму для рэгістрацыі заявы й выйсьці зь яго без прыніжаючага чалавечую годнасьць публічнага абыходжаньня з боку гэтага ж афіцэра міліцыі.

Падобныя дзеяньні службоўцаў праваахоўнай установы горада Жодзіна, відавочна, выкліканыя нездаровым кліматам і недапушчальнай па Законе Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» палітычнай заангажаванасьцю ейнага кіраўніцтва, адмоўнага стаўленьня да дзяржаўнай беларускай мовы й грамадзянаў, якія на ёй размаўляюць, маюць іншыя перакананьні й свабодна іх выказваюць, – парушаюць нашыя асноўныя грамадзянскія правы й свабоды, супярэчаць адпаведным палажэньням дзейснага нацыянальнага закону й Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У сувязі з усім вышэй адзначаным, можна канстатаваць парушэньне нашых неад’емных правоў і свабодаў, замацаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Улічваючы сьвяточны пераднавагодні пэрыяд Раства Хрыстовага й Новага 2011 Году, раптоўны ці нават выпадковы, а таксама непрапарцыйна жорсткі характар аказанага на людзей адміністратыўнага ўзьдзеяньня й панесенага імі ў выніку судовага пакараньня, працяг атрыманьня імі маральных і фізычных пакутаў, у тым ліку зьвязаных з адзначанымі вышэй асаблівасьцямі іхнага ўтрыманьня за кратамі ды паводзінаў жодзінскіх афіцэраў міліцыі,

ПРОСІМ ВАС без парушэньня арт.10 і ўлукам палажэньняў арт.арт. 19, 21, 25 і 26 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП), падпісанага Беларусьсю для абавязковага выкананьня ўсімі суб’ектамі права на ўласнай нацыянальнай тэрыторыі, а таксама адпаведных артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – прыняць належныя дзейсныя меры для:

  1. тэрміновага выпраўленьня сытуацыі й адпаведнага пакараньня вінаватых;

  2. прадстаўленьня бацькам, сябрам асуджаных і грамадзкасьці дакладных зьвестак – сьпісаў пра ўсіх затрыманых, іхнае месца знаходжаньне, час і меру пакараньня, плянуемы дакладны час вызваленьня;

  3. арганізацыі працэсу прыёму перадачаў такім чынам, каб людзі, якія прыяжджаюць у Жодзіна абавязкова прымаліся, не пакутвалі ад холаду, не знаходзіліся ў чэргах на марозе – прадставіць для перадачаў цёплае памяшканьне ў будынку ГАЎС ці прыдатнае для знаходжаньня такой колькасьці людзей памяшканьне ў іншым месцы;

а таксама з улікам таго, што людзі затрыманыя за мірную грамадзка-палітычную акцыю й зусім не зьяўляюцца небясьпечнымі для грамадзтва злачынцамі:

  1. дазволіць перадаваць пісьмовыя паведамленьні ад родных і блізкіх для арыштаваных, у тым ліку сьвяточныя віншаваньні й паштоўкі;

  2. дазволіць асуджаным, якіх ніхто не пазбаўляў іхнай грамадзянскай правасуб’ектнасьці, знаёміцца з палажэньнем нутранага распарадку ІЧУ Жодзінскага ГАЎС;

  3. з улікам надыходзячых сьвятаў увесьці рэжым садзеяньня ў атрыманьні арыштаванымі харчовых і падарункавых перадачаў.

Таксама, просім паказаць прыклад павагі да моўнай адметнасьці незалежнае Беларусі й даць адказ на дзяржаўнай беларускай мове, мове атрыманага вамі звароту.

27.12.2010 _______________Аляксей Лапіцкі,

_____________Сьвятлана Лапіцкая

2 thoughts on “Жодзіна: праваабаронцы зьвярнуліся да кіраўніцтва УУС Менаблвыканкаму”

  1. And says:

    класная фотка!!
    класны зварот!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>