2008 28/04

Чарнобыльскі Шлях 2008Так ужо традыцыйна міліцыя выконвае замову па “фільтрацыя” зь рэгіёнаў актывістаў на масавыя акцыі ў Менску, аказваючы псыхалягічна-адміністрацыйны ўціск і зьмяншаючы колькасьць іхных актыўных удзельнікаў.

На парушэньне, пры гэтым, элемэнтарных грамадзянскіх правоў і свабодаў – ніхто не зважае. У тым ліку – і пракуратура. У іх у дадзенай “замове” – свая “сьціплая роля”, далёкая ад тых, што прапісаныя ў адпаведных законах і вызначаюць кола службовых абавязкаў для нашых з вамі “праваахоўцаў”.

У любым выпадку, падобны дыскрымінацыйны стан, у якім апынуліся апанэнты ўлады ды іхныя семьі, прымушае ўлічваць дадзеныя абставіны як аб’ектыўны фактар і шукаць спосабы пазбавіца ад падобнага ўціску – знаходзіць спосабы ўсё ж дабрацца да Менску праз “міліцэйскія кардоны” на дарогах …

Ня гледзячы на падобную сумніўна праўную актыўнасьць беларускіх (у тым ліку й жодзінскіх) “праваахоўнікаў” некаторым з актывістам пашчасьціла дабрацца ў Менск, дзе 26.04.2008г. адбылося традыцыйнае масавае мерапрыемства “Чарнобыльскі Шлях”, у якім па розных падліках прыняло ўдзел ад “некалькі соцень” (БТ, ОНТ …) да 4-5 тысячаў грамадзянаў з Менску, Жодзіна, Гомеля ды іншых гарадоў краіны.

Пасьля масавага садыскага разгону маніфэстантаў на Дзень Волі 25.03.2008г. у Менску, што супала з значнымі рэлігійнымі сьвятамі, а таксама пасьля апошняга недвухсэнсоўнага жорсткага выказваньня прадстаўнікоў улады ў афіцыйных рэпартажах па тэлебачаньнях напярэдадні маніфэстацыі, шмат хто ў Беларусі пачаў успрымаць усталяваўшыйся тут рэжым надзвычай сур’ёзна і, урэшце зразумеў, што мае справу з добра адмабілізаванай злачыннай і, нават, садыскай сыстэмаю, пабудаванай на аўтарытарызме, безпраўі і прымусе.

Таму, верагодна, шмат каму проста не захацелася чарговы раз псаваць сабе настрой, выглядам ачмурэлых ад “ідэалягічнай накачкі” спэцназаўцаў, тым больш, трапіць у аўтазак і атрымаць потым без асаблівых разьбіральніцтваў альбо адміністратыўны арышт, альбо матэрыяльныя страты ў выглядзе штрафу.

Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, затрыманьні і арышты інфармацыйных матэрыялаў, мерапрыемства ў Менску, як і плянавалася распачалося а 14-00 салідным масавым мітынгам ля будынку Акадэміі Навук – традыцыйнага месца збору ўдзельнікаў “Чарнобыльскага Шляху”.

Па праблемах, зьвязаных:
– з сацыяльнымі гарантыямі для чарнобыльцаў і ліквідатараў аварыіі на Чарнобыльскай АЭС,
– з пытаньнямі рашэньня аб пабудове і праектаваньні ў Беларусі ўласнай АЭС і закрытасьцю дадзенага працэса ад грамадзкага кантролю, у тым ліку, зьвязанага з выбарам тыпу рэактара й краіны, якая будзе ў далейшым забясьпечваць дадзены рэактар палівам;
– з духоўным і палітычным “Чарнобылем” у краіне … выказваліся навукоўцы, грамадзкія актывісты й палітыкі …

Потым, калёна арганізавана прайшла да капліцы, што ля плошчы “Бангалор” і завершылася, сьвяточным набажэнставам і запальваньнем сьвечак.

Звычайна, ад самага пачатку, “Чарнобыльскі Шлях” – заўсёды сымбалізаваў сабою той “шлях пераасэнсаваньня”, якім прайшло й працягвае йсьці да Свабоды беларускае грамадзтва. Ад навуковага тэрміну і асэнсаваньня небясьпекі нябачнага “атаму” – да гэткіх жа важкіх рэчаў у духоўным, грамадзкім жыцьці й палітыцы, у тым ліку, знакавай неабходнасьці і непазьбежнасьці зьменаў масавай сьвядомасьці для пераменаў, якія насьпелі ў справе нацыянальна-духоўнага і дзяржаўнага адраджэньня, энэргэтычнае бясьпецы, мацаваньні сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі …
Менавіта таму, традыцыйна і сымбалічна маршрут “Чарнобыльскага Шляху” праходзіў па галоўным прашпэкце сталіцы і ляжаў ад Акадэміі Навук праз Плошчу Перамогі да Плошчы Незалежнасьці.

Нагадаем, што наперадзе шэсьця, якое адбывалася звычайна свабодна па праезнай часткі несьлі ікону Маці Боскай і звон …
І ў першы раз за 10 год у 1996 годзе, на шляху маніфэстантаў ўзьніклі кардоны зь міліцыянтамі й вайскоўцамі, спэцназ у касках з дубінкамі … Сапраўдным шокам, у які доўга не хацелася верыць, сталася для грамадзтва тады жорсткае спыненьне 70-тысячнай калёны, у якой была маса людзей зь рэгіёнаў, бацькоў зь дзяцьмі, грамадзянаў моладога й сталага веку …
У дадзенай акцыі “духоўна-грамадзкага вандалізму”, скіраванай на пачатак сапраўды масавага і гвалтоўнага наступу на грамадзянскія правы і свабоды ў Беларусі, праявіўся панічны страх рэжыму, які знайшоў сабе апору й падтрымку ў кадравым асяродзьдзі былой партнамэнклятуры (КПБ-КПСС).

А яны ведалі, чаго баяцца – сьляпая падпарадкаванасьць Палітбюро альбо Маскоўскаму Крамлю, прывяла да таго, што пераважная маса радыёактыўных ападкаў была штучным чынам мэтава скіраваная ад Масквы й выпала на тэрыторыі Беларусі.

Чым не цяперашняя “траскатня” Лукашэнкі пра Беларусь як адзіны й апошні абарончы пляцдарм на шляху да Масквы. Падобная халуйская пазыцыя Менскай партнамэнклятуры (якая “спала й бачыла” сябе на павышэньні – у Крамлі) , якая і ў 1986г. дзейнічала ў межах вядомай і сёньня ў 2008г. афіцыйнай дактрыны, згодна зь якой Беларусь разам з усімі людзьім і тэрыторыяй разглядаецца ў якасьці звычайнага “абарончага буфэру” Масквы – прывяла да таго, што Катастрофа сусьветнага маштабу, сталася сапраўднай трагедыяй, збольшага, толькі для Беларусі …!

Тут проста не было гаспадара! Тут прадавалі народ за намэнклятурныя выгоды чыноўнікаў! Тут праводзіўся і працягвае праводзіцца й сёньня жудасны па цынізму экспэрымэнт над людзьмі… Варта толькі прыглядзецца й прыслухацца наўкола – сапраўднасьць не шкадуючы б’е наўпрост у сэрца. Гэта, як дзень, відавочна – асабліва, калі вы свабодны чалавек і не жадаеце станавіцца “пародыстым падпаскам” альбо звычайным рабом у новага сорту “чырвоных рабаўладальнікаў” …

Спыніць у 2006 годзе “Чарнобыльскі Шлях”, азначала для Менскага рэжыму – паказаць, што ў Беларусі, як і раней, усё пад кантролем і Масква можа й надалей цалкам разглядаць нашую краіну ў якасьці “буфэрнай зоны” ці “мішэні №1” ва ўмовах любых канфліктаў, у тым ліку й тэхнагенных форсмажорных абставінаў.

Здаеца, менавіта тады грамадзяне Беларусі атрымалі свой першы ганебны “рэфэрэндум”, за якім пачаўся працэс мэтанакіраванага ўмацаваньня рэжыму, адпрацоўкі мэханізмаў падаўленьня і прымусу, стварэньня сыстэмы татальнага кантролю і запалохваньня ў грамадзтве …

Перафарбаваная парт-намэнклятура (КПБ-КПСС-аўцы і спэцы рознага калібру) сёньня фактычна застаюцца ва ўладзе. Яны зрабілі працу над памылкамі, трохі перафарбаваліся, асвоілі новую тэрміналёгію й прыёмы рыторыкі …, але яны – здольныя на ўсё!

І гэта сёньня, як ніколі раней, яскрава адчула беларускае грамадзтва. Улада якая мусіць абараняць і працаваць на агульныя інтарэсы – здрадзіла ўласным абавязкам, сваім грамадзянам …
Яна як і раней прадалася, здалася ў палон уласных настальгічных мараў пра “былы КПСС-аўскі рай” і “Крамлёўскія прывілеі” …

Яны, як і 20 год назад, сёньня жывуць не ў незалежнае Беларусі, але на ейнае тэрыторыі (!).
Аднак, пры гэтым, яны лічаць, што аніводныя выбары не павінны быць пагрозаю іхнаму надзейнаму ўтрыманьню ўлады. Ледзь не штодзённыя іхныя заявы пра тое, што “яны” сыйдуць тады, калі вырашаць пастаўленыя імі ж задачы, тобок палічуць гэта неабходным …, а не тады, калі будуць пераабраныя на выбарах, кажуць толькі пра тое, што дадзены Канстытуцыйны мэханізм дэмакратычнага абнаўленьня ўлады і кіраваньня краінаю для іх – ужо даўно не існуе.

І гэта – вынік “палітычнага Чарнобылю” у Беларусі!
Краіна, ейны дзяржаўны арганізм, будзе спажываць яго да тых пор, пакуль цалкам не асэнсуе, не адчуе кожным сваім мускулам, кожнай сваёй клеткаю, усім уласным існаваньнем неабходнасьць рэальных пераменаў да лепшага.

І на колькі падаецца рэальным і разумным у існуючае сытуацыі, “Чарнобыльскі Шлях”, шлях ад “трагедыі рабоў” да радасьці перамогі “свабодных грамадзянаў” мусіць ісьці ад неправамернай практыкі “прызначэньня ва ўладу” да сапраўдных, свабодных і дэмакратычных выбараў …

Толькі тады, калі ва ўладзе на розных узроўнях будуць не “марыянэткі”, а сапраўдныя й пасьлядоўныя “прадстаўнікі народу” (апазыцыя ці вымушаныя апанэнты цяперашняе улады сёньня, бо ўлада слухае і чуе толькі сама сябе), Беларусь здолее стацца не “буфэрам” для любых “прывэнтыўных удараў” (газавых, … ядзерных) у небясьпечных гульнях Крамлёскіх палітыкаў (накшталт Жырыноўскага), а нармальнай цывілізаванай Эўрапейскай краінаю без гвалту накшталт “вайсковых становішчаў” ці “паліцэйска-ідэалягічных зачыстак”, без абрыдлых маналёгаў і рэгулярных агульнанацыянальных “сэлектарных катаклізмаў” …

А пакуль, каб чарговы раз упэўніцца ў “праўдзівасьці чэснае ўлады” і ейнага “шматканальнага тэлебачаньня”, дастаткова глянуць на зробленыя 26.04.2008г. у Менску фотаздымкі.

Аб тым, як выглядаў “Чарнобыльскім Шлях – 2008” на вуліцах Менсу можна ўбачыць з адпаведнага фотарэпартажу, падрыхтаванага нашымі фотакарэспандэнтамі ў Менску …

Алесь Вольны,
Licviny-INFO,
Жодзіна.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>