2008 01/04

symbali070919.jpgЖодзінскі праваабронца і сябра Сойму ПБНФ, Аляксей Лапіцкі, адказаў на нашае пытаньне пра тое, як ім асабіста ўспрымаецца Дзень Волі 2008г. у кантэксьце гістарычнасьці дадзенай даты і пэрспэктываў для сучаснае Беларусі.

Алесь Вольны:
– Што для вас асабіста, спадар Аляксей, азначаюць 90-е ўгодкі БНР?

Аляксей Лапіці:
– 90-е ўгодкі з дня абвяшчэньня БНР для мяне ёсьць, найперш, выбітнай гістарычнай датаю, якой распачынаецца, на маю думку, новы этап на шляху нацыянальна-вызвольнага станаўленьня сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Гэта – знаменальны крок у працэсе ўсьведамленьня Беларусамі (Ліцьвінамі) сваёй нацыянальна-гістарычнай годнасьці і эўрапейскасьці, росту адказнасьці за лёс Айчыны і ўласных нашчадкаў.
Такім чынам, 90-годзьдзе з дня абвяшчэньня БНР (25.03.1918 – 25.03.2008) успрымаецца мною як выніковая рыса асобнага, вельмі значнага пераходнага пэрыяду ў працэсе фармаваньня сувэрэнай міжнароднай правасуб’ектнасьці сучаснае Беларусі, і ў той жа час – сваеасаблівым стартам якасна новай фазы ў адраджэньні беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці.

Верагодна, што нам прыйдзецца прайсьці шляхам канчатковага вызваленьня ад стэрыятыпаў постсавецкага мысьленьня й комплексаў славяна-фільскага правінцыяналізму, працуючых на выклікі новай імпэрскай экспансыі ў тым ліку ў выглядзе мадэрнізаваных ідэяў западна-русізму й велікадзяржаўна-расейскага рэваншызму ў дачыненьні да Беларусі.

Дарэчы, 25 сакавіка 2008г. па агульнасусьветным летазьлічэньні сьвяткаваньне Дня Волі сымбалічна супадае з Дабравешчаньнем Найсьвяцейшае Багародзіцы. Такім чынам, 90-годзьдзе БНР можна сьмела аднесьці да сапраўды эпахальнай для незалежнай Беларусі даты, гістарычна значнай, духоўна адметнай і псыхалягічна важкай, напоўненай непераможным сакрамэнтальным сэнсам і сілаю Боскага ўваскрашэньня для будучага адраджэньня і аднаўленьня ў сямьі народаў Эўропы і ўсяго сусьвету.

- Што на вашу думку нам варта было б зьдзейсьніць у будучым? Куды рухацца, як разьвівацца, каб можна было жыць у больш бясьпечным і прадказальным сьвеце, у незалежнай, заможнай і ўтульнай Беларусі, свабоднай ад варожасьці й супрацьстаяньняў?

Аляксей Лапіці:
– Як мне асабіста бачыцца, у новых гістарычных умовах Беларусь павінна прыкласьці усе намаганьні для таго, каб навучыцца самой і прывучыць суседзяў паважаць сябе як незалежную Эўрапейскую краіну.
Пры гэтым, нам варта было б актыўна прапанаваць Эўразьвязу й Расеі, Захаду ды Ўсходу, Поўдню й Поўначы разглядаць сябе не ў якасьці “буфэрнага пляцдарму” ў чарговым супрацьстаяньні канфліктуючых вайсковых груповак альбо нейкага незачыняемага “вакна” ці скразнога “калідору ў Эўропу”, але ў якасьці годнага і дэмакратычнага гаспадарства.
Замест гэтага, Беларусь магла б стацца тут сапраўднай цывілізаванай пляцоўкаю для паразуменьня – Агульнаэўрапейскім “Круглым Сталом” і “Эўрапейскай Прастораю Міра” для шчыльных камунікацыяў і перамоваў, супольных і ўзаемакарысных праектаў і шматбаковага міжнароднага супрацоўніцтва.

У такіх варунках, незалежнасьць краіны як найвышэйшая нацыянальная й дзяржаўная каштоўнасьць, становіцца яшчэ й зразумелым, дзейсным мэханізмам для дасягненьня значных для кожнага Беларуса мэтаў – ключом да міру й бясьпецы, стабільнасьці й дабрабыту.

Для дасягненьня адзначанага Беларусь як сучасны Эўрапейскі і агульнасусьветны цывілізацыйны фактар, які нельга ўжо сёньня ігнараваць, мусіць цалкам асэнсаваць сваю вартасьць і прыкласьці ўсе намаганьні для таго, каб не губляючы часу і сілаў, урэшце, выйсьці з “багны” самаізаляцыі на шлях у кірунку дэмакратычнага разьвіцьця, грамадзянскіх свабодаў і згоды.

Нашая краіна мусіць, урэшце, стацца тэрыторыяй дзеяньня агульнапрызнаных міжнародных стандартаў права, шанаваньня ўласных нацыянальна-гістарычных традыцыяў, разьвіцьця прынцыпаў міру, узаемакарыснай эканамічнай і гуманітарнай супрацы, культурных абменаў і міжнароднага ўзаемадзеяньня.

Запісана 15.02.2008г.,
Алесь Вольны,
Licviny-INFA,
Жодзіна.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>