2011 04/03
Алесь Бяляцкі, Менск

Алесь Бяляцкі, Менск

Алесь Бяляцкі, старшыня Правабарончага цэнтру “Вясна”:

“Гэта беспрэцэдэнтны выпадак ціску на адвакатаў. Я лічу, што ідзе расправа на любой падставе з незалежнай адвакатурай. Незалежная адвакатура фактычна сканчаецца на гэтым. І выпадак з Паўлам Сапелкам – недвухсэнсоўны сігнал усім іншым адвакатам, якія ўдзельнічаюць у справе па падзеях 19 снежня і іншых палітычна матываваных справах, і ўвогуле ў справах. Гэта папярэджанне ўвогуле ўсім адвакатам краіны.

Раней казалі пра тое, што ў нас няма незалежнага суду. Ад гэтага дня ў нас скончылася і незалежная адвакацкая абарона. Гэтым самым груба парушаны правы ўсіх грамадзянаў на незалежную абарону ў судах. Той, хто будзе імкнуцца сумленна абараніць падсуднага, чые інтарэсы разыходзяцца з інтарэсамі ўлады, сам падпадзе пад рэпрэсіі.

Павел Сапелка фактычна пазбаўлены права на працу ў Беларусі: з такой “чорнай меткай” знайсці тут працу яму будзе надзвычай цяжка. А гэта ж вельмі кваліфікаваны адвакат, ён быў сябрам прэзідыюму гарадской калегіі адвакатаў.

Усе суды па 19 снежня з гэтага моманту становяцца поўнай фікцыяй. Яны ператвараюцца ў трагічнае шоў, якое ўлада арганізавала для расправы са сваімі апанентамі.

Мы рашуча пратэстуем супраць гэтага. Мы заклікаем усіх, каму не абыякавая незалежная абарона грамадзянаў падчас следства і суда, зрабіць усё магчымае дзеля выпраўлення сітуацыі і аднаўлення адваката на працы”.

Валянцін Стэфановіч, Менск

Валянцін Стэфановіч, Менск

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Правабарончага цэнтру “Вясна”:

“Учора вечарам стала вядома пра выключэнне адваката Паўла Сапелкі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Фактычна гэта азначае, што ён не мае права цяпер займацца адвакацкай дзейнасцю. Якімі б юрыдычнымі абгрунтаваннямі гэта ні прыкрывалі, на мой погляд, прычыны ляжаць на паверхні. Павел Сапелка як адвакат вядомы сваёй прынцыповасцю і сумленнасцю. Ён удзельнічаў у нязручных для ўладаў справах, справах палітычна матываваных, абараняў апанентаў дзеючай улады. Пазбаўленне Паўла Сапелкі права працаваць далей – гэта працяг ціску на адвакатаў, які мы назіралі раней. Маю на ўвазе і першую спробу выключыць спадара Сапелку з калегіі, калі было першае прадпісанне Мінюста, але калегія не пайшла на гэта. Маю на ўвазе і пазбаўленне чатырох адвакатаў ліцэнзіі. Усе гэтыя падзеі – з аднаго шэрагу.

Вельмі прыкра, што Сапелку выключылі са сваіх шэрагаў менавіта сябры калегіі. Прыкра, што пад дудку КДБ і Мінюста цяпер пачалі плясаць у тым ліку і органы адвакацкага самакіравання. Такім чынам усё грамадства пазбаўляюць ад абароны прафесійнымі і сумленнымі адвакатамі”.

Гары Паганяйла, Менск

Гары Паганяйла, Менск

Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту:

“Толькі што даведаўся пра выключэнне Паўла Сапелка з калегіі адвакатаў, пакуль не ведаю канкрэтных прычын гэтага. Але выключэнне супала з ціскам на адвакатуру ў цэлым. Гэта звязана з тым, што сябры Мінскай гарадской калегіі адвакатаў удзельнічаюць у справе па падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску. Яны спрабуюць прафесійна абараніць тых грамадзянаў, якія сталі ахвярамі рэжыма.

Павел Сапелка не раз удзельнічаў у справах палітычна матываваных. Сягоння ў Беларусі развязана чарговая кампанія пераследу іншадумцаў, і цяпер яе хваля дакацілася да адвакатаў. Калі адвакаты адкрыта кажуць у судах пра тое, што грамадзяне невінаватыя, просяць суд іх цалкам апраўдаць, гэта выклікае гнеў улады.

Кепска, што ў Паўла Сапелкі адабралі права працаваць рукамі саміх жа адвакатаў. Вядома, калегія аб’ядноўвае розных адвакатаў, сярод іх могуць быць і добрыя, і дрэнныя людзі, але ж іх калега цяпер застаўся без права на працу. Думаю, правабаронцы павінны зрабіць усё, каб права Паўла на працу было адноўленае, каб ён і далей змог выконваць свае прафесійныя абавязкі – абараняць грамадзянаў”.

Алег Гулак, Менск

Алег Гулак, Менск

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта:

“Гэта вельмі сумная падзея, якая сведчыць пра тое, што прававое бязмежжа ў краіне працягваецца. Відавочна, што ўсё гэта звязана з крымінальнай справай па падзеях 19 снежня. З судоў, якія ўжо адбыліся ў межах гэтай справы, бачна, што доказаў нашыя доблесныя спецслужбы сабраць не змаглі (і было б дзіўна насамрэч спадзявацца, што яны нешта зробяць, бо ўзгадаем, як яны расследвалі папярэднія гучныя справы – тую ж справу пра выбух уноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Менску). Відавочна, што людзі проста развучыліся працаваць у межах закона. І зараз, атрымаўшы заказ на пэўныя сцэнары падзеяў і пэўныя вынікі, яны павінны знайсці вінаватых, стварыць бачнасць нейкага законнага працэсу, аднак доказаў няма. З судом разабрацца прасцей, бо суддзю, у адрозненне ад адваката, кліенты не выбіраюць – каго трэба, таго і паставяць. Адвакаты ўсёж-такі заставаліся яшчэ хоць і вельмі невялічкім, але астраўком свабоды, асабліва пасля таго, як мінскія адвакаты самі абралі сабе кіраўніцтва. Ну а зараз мы бачым, як з гэтым астраўком свабоды змагаюцца ўсімі існуючымі сродкамі, сродкамі неправавымі. І, магчыма, перад адвакатамі ў апошні раз стаіць такі сур’ёзны выклік – змогуць яны адказаць на тое, што з імі спрабуюць зрабіць, ці не.

Задача праваабаронцаў у падобных выпадках – гаварыць пра праблему, выкрываць сітуацыю. Мы можам рабіць заклікі, звяртацца да міжнароднай супольнасці, і перш за ўсё, да прафесійнай, паколькі ва ўсім свеце сучасныя стандарты на вельмі вялікі ўзровень уздымаюць карпаратыўную салідарнасць. Нездарма ў ААН ёсць спецдакладчык па незалежнасці суддзяў і адвакатаў. Спрабуючы задзейнічаць усе гэтыя механізмы, мы можам толькі дапамагаць, але не вырашыць праблему – неабходна, каб сама адвакацкая супольнасць таксама прыклала нейкія намаганні”.

Паводле spring96.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

One thought on “Выключэньне Паўла Сапелкі з калегіі адвакатаў: меркаваньні правабаронцаў”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>