23.04.2008г. праваабаронцы з Жодзіна Аляксей Лапіцкі і Сьвятлана Лапіцкая, падалі заяву ў Жодзінскую пракуратуру з прозьбаю азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, на падставе якіх пракурор горада Літвіненка В.Д. здолеў зрабіць заключэньне аб адсутнасьці ў дзеяньнях перапранутых у цывільнае міліцыянтаў, складу правапарушэньня і адмовіў заяўнікам у распачынаньні дзеяньняў пракуроскага рэагаваньня.
Нагадаем, што азначаныя асобы ўчынілі гвалтоўны напад на Аляксея Лапіцкага 23.03.2008г. учасе сьвяточнае акцыі ўгонар 90-х угодкаў БНР у Жодзіне, прысьвечанай традыцыйна сьвяткуемаму 25.03.2008г. у Беларусі “Дню Волі”. Яны выхапілі з рук праваабаронцы фотакамэру, схавалі яе й напрацягу бліжэйшых 10 хвілінаў выдалілі зь яе каля 50 фатаздымкаў.
Звароты па дапамогу да прысутных міліцыянтаў (што былі у форме без бэйджаў) – выніку ня мелі. Апошнія адмовіліся належным чынам рэагаваць, спыніць “невядомых у цывільным” і такім чынам прадухіліць грубыя парушэньні грамадзкага парадку на вуліцах Жодзіна ў дачыненьні да адзначаных у заяве асобаў.
Дарэчы, на сваю скаргу ў Жодзінскі ГАЎС, пададзеную адразу пасьля правапарушэньня 23.03.2008г., а таксама дадзеныя па ёй 25.03.2008г. тлумачэньні, заяўнікі дагэтуль не атрымалі аніякага адказу.
А ўзгадваемы вышэй адказ з Жодзінскай пракуратуры акрамя пазначанага ўтрымлівае яшчэ й незразумелыя з праўнага пункту гледжаньня выпады ў дачыненьні заяўнікоў.
Такім чынам, замест таго, каб правесьці паўнавартаснае разьбіральніцтва, адказаць на канкрэтныя пытаньні скаргі, распачаць дзеяньні пракурорскага рэагаваньня па фактах неправамерных дзеяньняў і злоўжываньняў становішчам з боку супрацоўнікаў Жодзінскага ГАЎС, пракурор горада Літвіненка В.Д. у сваю чаргу задае заяўнікам уласныя зусім небязкрыўдныя пытаньні, якія ўтрымліваюць наўпростую пагрозу – перагарнуць справу супраць саміх пацярпелых … (!?)
Так, у адказе пракурора горада Літвіненкі В.Д. знаходзім:
“Узьнікае пытаньне, зь якой мэтаю Вамі праводзіліся фотаздымкі супрацоўнікаў міліцыі, што ахоўвалі грамадзкі парадак і прыпынялі неправамерныя дзеяньні асобаў, парушаючых парадак арганізацыі правядзеньня масавага мерапрыемства? Зь якой мэтаю Борыкаў Дзяніс праводзіў відэаздымкі незаконнага шэсьця (выкрыкваньне неканстытуцыйных лёзунгаў, дэманстраваньне недзяржаўнай сымболікі і г. д.)? Дадзеныя пытаньні могуць стацца асноваю для правядзеньня асобнай праверкі, але ўжо ў адносінах зусім іншых асобаў …”
У сувязі з падобнымі абставінамі, 23.04.2008г. Аляксей Лапіцкі, зарэгістраваў заяву ў Жодзінскую пракуратуру і распачаў азнаямленьне з матэрыяламі пракурорскай праверкі, што неабходна для падрыхтоўкі матываванай скаргі ў Аблпракуратуру і для наступнай абароны ўласных правоў у судовым парадку…
Алесь Вольны,
Licviny-INFO,
Жодзіна.
Заява-адказ пракурору Жодзіна Літвіненкі В.Д.