2011 18/03
Прысяга на канстытуцыі!?

Прысяга на канстытуцыі!?

Ва ўмовах масавага парушэньня асноўных правоў і свабодаў з вуснаў злачынна бязьдзейснага праўнага афіцыёзу краіны, прагучала так званая праўда альбо напалову праўда – праўда толькі пра тое, чым сапраўды павінна быць Канстытуцыя для грамадзянаў любой паважаючай сябе эўрапейскай, цывілізаванай і дэмакратычнай краіны.

Засмучае ў дадзенай сытуацыі толькі тое, што выглядала ўсё такім чынам, быццам публічна сказанае адпавядае сапраўднаму стану рэчаў у Рэспубліцы Беларусь.

Але насамрэч, канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў у сёньняшняе Беларусі, нікому з утрымліваючых уладу тут не патрэбныя. Асабліва – грамадзка-палітычныя, адлюстраваныя ў падпісаным Рэспублікай Беларусь Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

П.Міклашэвіч, старшыня КС Беларусі

П.Міклашэвіч, старшыня КС Беларусі

Таму падобная, цалкам адарваная ад жыцьцёвае рэчаіснасьці рыторыка высокапастаўленых асобаў, такіх як старшыня Канстытуцыйнага суду сп. П.Міклашэвіч, толькі зьневажае кожнага чалавека, чые правы й свабоды самым цынічным спосабам сёньня працягваюць парушацца.

Пры гэтым усё робіцца мэтанакіравана й наўмысна, бо грамадзка-палітычная свабода ініцыюе актыўнасьць. А задачамі дзеснага рэжыму ёсьць зусім адваротнае – падаўленьне ўсялякай грамадзянскай актыўнасьці й стварэньне праўладных квазіструктураў – такіх жа бутафорскіх, як і выбары ў Беларусі, квазіграмадзкіх арганізацыяў, цалкам падкантрольных і кіруемых па вэртыкалі, працуючых усё за тыя ж бюджэтныя (народныя) сродкі – кшталту “застойнага камсамолу” (БРСМ) ды “партыі ўлады” ці прыўладнай намэнклятуры (белая русь) …

Разьлік просты, усе гэткія “гібрыды правільнага дэмакратызму” можна спрабаваць “сплавіць” наіўнаму й “блізарукаму захаду” ці падманутым уласным грамадзянам за “звонкую манэту” эканамічнай падтрымкі й палітычнага прызнаньня, а таксама ў якасьці “сапраўдных суб’ектаў” адкрытай грамадзянскай супольнасьці.

Усе тыя, што не трапляюць у гэтую мудрагелістую, санкцыяваную зь верху схэму – непажаданыя для дзеснага палітычнага рэжыму. На усіх іх ставіцца негалоснае таўро нефармалаў (бо іх не прызнаюць і не рэгіструюць), апазыцыянэраў, ды іншых … Усе яны маюць другасную для рэжыму вартасьць і аўтаматычна пазбаўляюца паўнавартаснага грамадзянскага статусу, бо для абыходжаньня зь імі існуюць спэцыяльныя інструкцыі й падыходы, зусім іншыя, адрозныя ад закону й нормаў права “негалосныя правілы” …

І за гэтым усім бязьмежжам у цэнтры Эўропы з “салодкай усьмешкай санкцыяванага замілаваньня” пільна сочыць і атрымлівае за гэта такім чынам запрацаваныя, бюджэтныя, народныя сродкі, “адзінаправільная ідэалягічная вэртыкаль” “адзінаправільнага палітычнага рэжыму”, які фактычна манапалізаваў і цалкам узурпаваў “права на праўду” ў краіне, зьнішчыў выбарчы мэханізм, падмяніў яго злачынным, бутафорскім (!!?) … А ўсе палітычныя суб’екты, пры гэтым, загнаныя ў сваеасабістае “апазыцыйнае гета”, фактычна выштурхнутыя на вуліцы й згубілі любую магчымасьці праз сапраўдныя дэмакрытчныя выбары рэалізоўваць свае статутных мэты.

У дадзенай сытуацыі, праваахоўна-судовая сыстэма – пераўтвораная ў звычайны рэпрэсыўны інструмэнт адміністратыўнага й крымінальнага перасьледу палітычных апанэнтаў, утрымліваемы за грошы таго ж дзяржбюджэту й фіскальна-рабаўніцкія паборы зь іншадумцаў.

Больш за тое, дзейсная ўлада адкрыта ды ўпарта не прызнае сваіх абавязальніцтваў па адзначаных вышэй міжнародных дамовах у галіне правоў чалавеку, падпісаных Беларусьсю як дзяржаваю й прызнаным суб’ектам міжнароднага права – гэтая “апанаваўшая ўсё і ўся ў краіне”, скарумпаваная такім чынам зь верху да нізу дзейсная ў Беларусі “вэртыкаль улады” адмаўляецца прызнаваць абавязковымі для сябе тыя захады, якія вызначае й прадпісвае ёй у сваіх экспэртных меркаваньнях Камітэт па Правах Чалавеку ААН.

Так, сапраўды, па вывучаных і ўжо зафіксаваных Камітэтам фактах парушэньня агульнапрызнаных нормаў права ў галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў на тэрыторыі Беларусі як Кріны-Удзельніцы Пакту – улады Рэспублікі Беларусь дэманстратыўна адмаўляюцца прымаць належныя меры й выпраўляць сытуацыю, аднаўляць парушаныя правы ўласных грамадзянаў (чытай свабодалюбівых і законапаслухмяных грамадзянаў – “грамадзянаў другога гатунку”, пазбаўленых сваіх Канстытуцыйных правоў і свабодаў у Беларусі). Акрамя таго, аналягічныя правапарушэньні, фіксуемыя праваабаронцамі й міжнароднымі назіральнымі місыямі (асабліва ўчасе чарговых выбарчых фарсаў) – мэтадычна й цалкам асэнсавана працягваюць учыняцца …

Асноўны Закон краіны (!?)

Асноўны Закон краіны (!?)

І гэта сытуацыя, у якой ганебна для краіны, для ейнага шматпакутнага народу й усяе беларускай нацыі, мэтанакіравана й сыстэматычна, сьвядома ўлады працягваюць парушаць падставовыя нормы Канстытуцыі ў галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў, Міжнароднай Канвэнцыі “Аб праве міжнародных дамоваў”… і самі міжнародныя дамовы, такія, як Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП).

А сам чалавек, грамадзянін у такіх умовах – штодня працягвае запалохвацца й зьневажацца дзейсным дэ-факта аўтарытарна-камандным рэжымам, насаджаемай ім у грамадзтве дыктатураю ды, праяўляемай пасьля так званых выбараў 19 сьнежня 2010 году, тыраніяй.

Але, ня ведаючы нашае рэчаіснасьці й проста слухаючы 15.03.2011 па афіцыйным беларускім тэлебачаньні кароткі рэпартаж, у якім на поўным сур’ёзе, як прыклад разьвітасьці Канстытуцыйнай законнасьці й праўнай культуры, гістарычнай традыцыі народу, узгадваўся аж Статут ВКЛ, а з вуснаў старшыні Канстытуцыйнага суда, сп.Міклашэвіча, нават прагучала тэза аб тым, што беларуская Канстытуцыя ёсьць “моцным фактарам стабільнасьці ў краіне”, “дзейсным мэханізмам забесьпячэньня правоў і свабодаў грамадзянаў”, – можна было б і сапраўды падумаць, што ў сёньняшняй “чырвона-зялёнай Беларусі”, краіне з падобнымі значнымі старажытна-гістарычнымі “бела-чырвона-белымі традыцыямі” ды “дэманструемым публічна” афіцыйным “эўрапейскім стаўленьнем” да Канстытуцыйнага права – усё павінна быць проста цудоўна.

У дадатак да ўсяго ў гэтым жа рэпартажы на БТ прагучала, што беларуская Канстытуцыя ёсць дасканалым дакумэнтам, бо ў ёй цалкам адлюстраваныя палажэньні Міжнароднага Білю аб правах і свабодах грамадзянаў. Падобную дасканаласьць можна было б і аспрэчыць, але ў дадзеным выпадку ўвагу прыцягвае той факт, што гэткія параўнаньні дапускаюцца ва ўмовах фактычна поўнага ігнараваньня ўладамі таго грамадзянска-палітычнага спэктру правоў і свабодаў, які адлюстраваны ў міжнародных дамовах.

А залежнасьць ад выканаўчае ўлады праваахоўных вораганаў і судовай сытэмы, Канстытуцыйнага суду ў тым ліку, зусім не замінае непрызнаваемаму цывілізаваным сьветам беларускаму рэжыму – зьдзяйсьняць на тэрыторыі дзеяньня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сапраўдны антыканстытуцыйны тэрор супраць уласнага народу. Народу – прадстаўнікі якога пазбаўленыя сёньня права на свабодны выбар, права вучыць сваіх дзяцей на роднай мове ва ўласнай краіне, свабодна выказваць думкі й меркаваньні, аб’ядноўвацца ў асацыяцыі, праводзіць мірныя сходы, карыстацца канстытуцыйным правам абіраць і быць абранымі, мець магчымасьць рэальна ўплываць на рашэньні й удзельнічаць у дзяржаўным кіраваньні.

Дык на каго ж разьлічаная гэтая чарговая, даволі прымітыўная й пустая, адарваная ад рэальнага жыцьця “рытарычная замалёўка” на БТ? Здагадацца ня цяжка …

У сытуацыі, калі “публічны падлог і бутафорыя” становяцца “інфармацыйна-ідэалягічнай шырмаю” для “карных апэрацыяў” супраць грамадзянскай супольнасьці, інструмэнтам фактычна “неабвешчанай вайны” супраць свайго народу, вайны супраць абеззброеных і прыніжаных, супраць прагрэсыўнай часткі беларускага грамадзтва, вайны нахабнай, без права на адэкватны публічны адказ “агрэсару”, на прысуд злодзею, на праваахоўна-судовую абарону ці апэляцыю – пачынаеш разумець у якую “сярэднявяковую бездань” насамрэч скіроўвае наш “дзяржаўны карабель” фанатызм улады. Стабільнасьц і мір у краіне – на бязпраўі ды падмане свайго ж народу не пабудуеш!

А наконт прыгожай рыторыкі, дык сапраўды – скрайне непакоіць тое, што “падобны прапагандыскі тлум” гучыць у Дзень Канстытуцыі з манапалізаванага тэлеэкрану той краіны, у якой з маўклівае згоды “Найвышэйшых Судзьдзяў” і “Праўнікаў” ад “выбараў”, да “выбараў”, з году ў год, напрацягу “дзесяцігодзьдзяў” мэтанакіравана зьневажаецца Права на Свабодны ВЫБАР! Выбар – у сапраўных свабодных дэмакрытных умовах, па дакладна прапісаных, адназначна трактуемых і абсалютна празрыстых для назіраньня працэдурах. Толькі ў такіх умовах можна было б казаць пра рэалізацю волі народа й абраньне прадстаўнічае ўлады ці кіраўніка краіны, гаранта правоў і свабодаў, адлюстраваных у Канстытуцыі!

Пасьля ж апошніх, прэзыдэнцкіх, так называемых “выбараў” і наступных за імі самых сапраўдных рэпрэсыяў супраць падманутых у чарговы раз выбарнікаў, грамадзянаў краіны, апанэнтаў узурпаваўшага ўладу рэжыму – падобная правільная рыторыка ў тэлеэфіры, тым больш з вуснаў старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі, гучыць сапраўдным зьдзекам над пацярпелымі ад “ачмурэлай з-за ўседазволенасьці й безпакаранасьці вэртыкалі”.

А пацярпелым у сытуацыі створанай рукамі ўладаў пасьлявыбарчай палітычнай крызы можна назваць усё беларускае грамадзтва. І ў гэтых умовах блізарукасьць і цынізм кіруючае намэнклятуры, асабліва той, што непасрэдна адказная за захаваньне й дакладнае выкананьне Канстытуцыі – проста ўражваюць.

Аляксей Лапіцкі, Жодзіна

Аляксей Лапіцкі, Жодзіна

Праваабаронца, Аляксей Лапіцкі:

Няўжо яшчэ нехта спадзяецца на тое, што пасьля 19.12.2010, у Дзень Канстытуцыі Беларусі 15 сакавіка 2011, такім вось прымітыўным чынам можна яшчэ кагосьці купіць, прыхаваўшы усё нахабства й поўную неканстытуцыйнасьць, дапатопнае дзікунства пануючай у краіне дыктатуры!?

За ўсім гэтым публічным, “узьнёсла-рамантычным” пафасам “высокіх функцыянэраў” з асноўнага “блакітнага экрану” краіны, так ці іначай, прасочваецца канчатковы несуцяшальны для ўлады, сумны дыягназ.

А ягоныя сымптомы яскрава кажуць пра сур’ёзнасьць і занядбанасьць хваробы: “раздвоенасьць” і неадпаведнасьць словаў і справаў, фанатычная манія падначальваць і прыніжаць, пазбаўляючы правоў і свабодаў, упэўненасьць ва ўседазволенасьці й “адзінаправільнасьці”, паталягічны страх уласнага народу, у якога цалкам адабрана найгалоўнейшае Канстытуцыйнае й грамадзянскае права сьвядома самавызначацца й абіраць на сапраўдных, дэмакратычных выбарах … (Дарэчы, выбары – могуць быць толькі такімі. Усё астатняе – ад лукавага.)

Напрашваецца адно даволі рытарычнае пытаньне. Чаго ж тут больш – пустых разважаньняў ці дэклярацыяў аб тым, якое месца павінен мець Асноўны Закон у сапраўды праўнай і дэмакратычнай краіне? А можа выказваньні старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ёсьць спробаю публічна апраўдацца, замаскіяваць антыканстытуцыйныя дзеяньні, схаваць рэпрэсыўна-карную практыку праваахоўна-судовай сыстэмы, прадставіць рэчаіснасьць у выглядзе гэткай “бутафорскай сонечнай карцінкі” на “бязвоблачна празрыстым небасхіле” афіцыйнае прапаганды!??

Першае – сапраўд, не выключала б наяўнасьці разуменьня ўва ўладу трымаючай намэнклятуры таго, аб чым казалася праз тэлеэфір публічна й што рэальна павінна быць у нармальным эўрапейскім гаспадарстве, якое сапраўды паважае свой народ і працуе дзеля дабрабыту й спакою сваіх грамадзянаў.
Другое – ёсьць злачынным бязьдзеяньнем і невыкананьнем уласных прафэсыйных абавязкаў па захаваньні канстытуцынага ладу й канстытуцыйнай законнасьці ў краіне, калі жадаеце – садзеяньнем у зьдзяйсьняемым супраць беларускага народу й дзяржавы злачынстве!

Што б там ні было, але цяперашняя беларуская рэчаіснасьць кажа сама за сябе, яскравей і гучней за ўвесь “афіцыйны штат” намэнклятурна-прапангандыскіх “тэлешасьцёрак”. Бо яна цалкам супярэчыць таму, аб чым распавядалі ў Дзень Канстытуцыі афіцыйныя асобы па тэлебачаньні.

– У адказ жа ім можна толькі адзначыць, што Канстытуцыя для грамадзянаў любой краіны, беларускіх у тым ліку – на самой справе ёсьць і павінна быць на практыцы НАЦЫЯНАЛЬНЫМ БІЛЕМ АБ ПРАВАХ і СВАБОДАХ, які безумоўна й гарантавана мусіць выконвацца ўладамі. Канстытуцыя мусіць стацца насамрэч Асноўным Законам наўпростага дзеяньня, нормы якога павінны быць найпершым ды апошнім праўным аргумэнтам у любым судовым працэсе.

Для гэтага, як не банальна будзе сказана, гарантам выкананьня Канстытуцыі ў краіне павінна быць, як сама сыстэма рэальна абіраемай і легітымна абнаўляемай у дэмакратычных умовах улады, гэтак і сапраўды незалежная судовая сыстэма дый Канстытуцыйны суд, наўпрост працуючы з індывідуальнымі зваротамі грамадзянаў, з цяжбамі па фактах парушэньня агульна прызнаных у сьвеце правоў і свабодаў беларускіх грамадзянаў.

Падрыхтаваў Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

One thought on “У Дзень Канстытуцыі афіцыйнае тэлебачаньне чарговы раз уразіла сваім цынізмам …”

  1. Ales` says:

    Як ні круці, а пытаньне адсутнасьці ў Беларусі сапраўдных выбараў становіцца асноўнай і пакуль невырашальнай праблемай. Спосабы зьмены ўлады – павінныя быць легітымнымі й адбывацца ў праўным канстытуцыйным полі. Аднаўленьне канстытуцыйнай законнасьці, правоў і свабодаў, змаганьне “За свабодны выбар!” – сёньня асноўная мэта ў барацьбе “За Беларусь”! І тут павінна быць асноўная кропка прыкладаньня скансалідаванае сілы – сілы ўзьдзеяньня агульнапрызнаных стандартаў права, мэтанакіраванай грамадзка-палітычнай ды праваабарончай актыўнасьці, салідарнага міжнароднага дзеяньня, актыўнага й безкампраміснага – да перамогі! Іншае – было б чарговай недаравальнай саступкаю неканстытуцыйнаму й рэпрэсыўнаму рэжыму, марнаваньнем часу й стратаю рэальнае дэмакратычнае пэрспэктывы …

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>