2011 05/08
asamblejanda2

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі з трывогай адзначае актывізацыю наступу на правабарончую супольнасьць краіны з боку дзяржаўнай улады. Арышт і крымінальны перасьлед лідэра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага зьяўляецца дэманстратыўнай акцыяй, якая скіраваная на застрашваньне й зьнішчэньне беларускага правабарончага руху. (далей – правапіс першакрыніцы)

Праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі – адзін з найбольш дзейсных і эфэктыўных кампанентаў беларускай грамадзянскай супольнасьці, якая ганарыцца іх прафэсіяналізмам і сьмеласцью.

Праца беларускіх правабаронцаў заўжды сутыкалася з супрацьдзеяннем з боку дзяржаўных уладаў Беларусі, якія не прызнаюць універсальнай каштоўнасці правоў чалавека і грэбуюць сусьветнымі гуманітарнымі стандартамі.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага года, ва ўмовах рэзкага пагаршэньня становішча з правамі чалавека і грубага парушэньня падставовых прынцыпаў законнасці з боку беларускіх уладаў, праваабронцы апынуліся ў авангардзе змагання за чалавечую годнасць і дэмакратыю на тэрыторыі Беларусі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцы, што дзейнічаюць у індывідуальнай якасьці, прынялі выклік і здолелі эфэктыўна і паслядоўна супрацьстаяць машыне аўтарытарнай улады.

Менавіта самаахвярная і мужная дзейнасьць сябраў і валянтэраў правабарончага руху стала цяпер галоўнай перашкодай для пабудовы ў Беларусі паліцэйскай дзяржавы.

Мы з трывогай адзначаем, што ў ліпені-жніўні 2011 года праваабарончыя арганізацыі сталіся мішэнню для комплексных рэпрэсіўных дзеянняў уладаў Беларусі. Жорскі і ўсеабдымны характар гэтай кампаніі выклікае надвычайную занепакоенасьць: пад удар патрапілі арганізацыі, што з’яўляюцца флагманамі нацыянальнага правабарончага руху і складаюць найбольш дзейснае ядро айчыннай грамадзянскай супольнасці:

У прыватнасці, Рэспубліканскаму праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” былі вынесеныя пісьмовыя папярэджаньні і паўторна прад’яўленае патрабаваньне выплаціць вялізарныя эканамічныя санкцыі за дзейнасьць па назіраньні за выбарамі дзесяцігадовай даўніны. Гэта арганізацыя, таксама як і асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі” сутыкнулася з санкцыямі за збор інфармацыі па правах чалавека і яе прадстаўленне ў міжнародныя інстанцыі, у тым ліку ў органы Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Шэраг правабаронцаў з арганізацыяў, якія былі пазбаўленыя афіцыйнай рэгістрацыі, знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай крымінальнага перасьледу паводле артыкула 193-1 крымінальнага кодэкса.

Аднак асаблівую трывогу і абурэньне выклікае ўзбуджэньне крымінальнай справы і затрыманьне лідэра беларускага правабароннчага руху, заснавальніка і кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, які адначасова з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Гэтыя дзеянні ўладаў супярэчаць духу Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, міжнародна-прававых абавязацельстваў і Канстытуцыі Беларусі, яны з’яўляюцца недапушчальнымі і ганебнымі для ўсёй краіны.

Праўленне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

– патрабуе ад дзяржавы вызвалення Алеся Бяляцкага і спыненьня распачатай супраць яго крымінальнай справы,

– заклікае ўсе структуры грамадзянскай супольнасьці Беларусі да салідарнасці і падтрымкі правабарончых арганізацыяў і правабаронцаў, што сутыкаюцца цяпер з перасьледам,

– заклікае міжнародную супольнасьць і міждзяржаўныя арганізацыі ўжыць усе магчымыя палітычныя і прававыя захады для прыпыненьня атакі на правабаронцаў у Беларусі.

Асобна Праўленне Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі звяртаецца да дзяржаваў Эўразьвязу, якія аказваюць падтрымку развіццю дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, устрымацца ад дзеяньняў, якія спрыяюць рэпрэсіўным органам беларускай дзяржавы ў іх супрацьпраўным і палітычна матываваным ціску на правабаронцаў.

05.08.2011
Прэс-служба Асамблеі

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>