2011 09/11
sadaphulii_logo

4 лістападу 2011 г. у Менску адбылося ужо 3-е пасяджэньне суду па справе кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднае Фэдэрацыі правоў чалавеку Алеся Бяляцкага. З аглядамі папярэдніх пасяджэньняў можна азнаёміцца ​​тут і тут. За ходам працэсу таксама можна сачыць у Твітэры Міжнароднай назіральнай місыі ў Беларусі: https://twitter.com/ #! / IOMission.

У ходзе гэтага пасяджэньня суд вывучаў пісьмовыя матэрыялы справы. Па выніках назіраньня Місыя асабліва адзначае наяўнасьць празмерных нават у параўнаньні з папярэднімі днямі абмежаваньняў вольнага доступу ў суд для жадаючых трапіць на працэс.

Пачатак судовага пасяджэньня
Пачатак дня ўжо традыцыйна адзначыўся праверкай тых, хто прыйшоў на паседжаньне на наяўнасьць футболак з партрэтам Алеся. Вольга Саламатава, прадстаўнік Гэльсынскага фонду па правах чалавеку (Варшава) – арганізацыі-ўдзельніка Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавеку ў Беларусі, апісвае працэдуру праходу ў залу судовых пасяджэньняў наступным чынам: “Працэдура ўваходу ў будынак суда ды ў залу пасяджэньняў для тых, хто ідзе на працэс Алеся Бяляцкага, адрозніваецца ад працэдуры для тых, хто прыходзіць у суд па іншых справах. На ўваходзе ў будынак стаіць рамка-металашукальнік, праз якую ў абавязковым парадку праходзіць кожны, хто кажа, што ідзе на працэс Бяляцкага, і толькі ў выключных выпадках людзі, якія ідуць на іншыя працэсы. Затым супрацоўнік у цывільным перапісвае пашпартныя дадзеныя. Паралельна ў кожнага правяраюць ўсе рэчы, абмацваюць і аглядаюць сумкі й верхнюю вопратку, таксама ў 80% выпадкаў людзі падвяргаюцца працэдуры асабістага дагляду (міліцыянт «абмацвае» рукамі, ці няма чаго-небудзь пад адзеньнем). На ўваходзе ў залу судовых пасяджэньняў трэба зноў прайсьці праз металашукальнік, прад’явіць невядомым у цывільным зьмесьціва торбаў, мужчын таксама дадаткова правяраюць ручным металашукальнікам. Перад уваходам у залу трэба прадставіцца, і імя таксама запісваецца, альбо спраўджваецца з раней падрыхтаваным спісам (калі чалавек ужо прысутнічаў у гэты дзень на працэсе й ўваходзіць зноў пасьля перапынку). Якую службу ўяўляюць людзі ў цывільным, якія ажыцьцяўляюць кантроль і дагляд, ідэнтыфікаваць немагчыма, паколькі такую ​​інфармацыю яны не падаюць”.

Перад пачаткам гэтага пасяджэньня таксама адбыўся канфлікт, пасьля якога людзей навогул перасталі пускаць на працэс. Каля 10 раніцы на ўваходзе была затрыманая Наталля Манькоўская (намесьніца старшыні праваабарончага праекту “ГейБеларусь”) у сувязі з тым, што на ёй была майка «Свабоду Бяляцкаму». Дзяўчына патрабавала патлумачыць, чым рэгулюецца такая забарона, а таксама даць ёй кнігу заўваг і прапановаў. Аргумэнтаванага тлумачэньня не прагучала й кнігу ёй не далі. Замест гэтага некалькі мужчынаў у цывільным сілай вывелі Натальлю з будынка суду з тлумачэньнямі, што яна перашкаджае ўваходу людзей. Па сьведчаньні самой дзяўчыны, яе адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну, дзе пратрымалі без тлумачэньняў у агульным пакоі 3 гадзіны. Па заканчэньні гэтага часу Натальля атрымала вусныя тлумачэньні ад Бегунка Алега Віктаравіча – зьяўленьне ў судзе ў майцы з партрэтам Алеся было расцэнена як мітынг.

Вывучэньне пісьмовых матэрыялаў
У ходзе вывучэньня дакумэнтаў пракурорам быў зачытаны ліст з дадзенымі ад літоўскага банку NORD у перакладзе на расейскую мову і раздрукоўкі выпісак польскага банку Śląski, прадастаўленыя генэральнай пракуратурай Польшчы. Агучаныя дадзеныя кажуць аб тым, што Бяляцкі атрымліваў сродкі ад замежных праваабарончых арганізацыяў і пераводзіў іх беларускім праваабаронцам.
Між тым, як ужо было адзначана раней, міністар юстыцыі Летувы Рэмігіюс Шымашус напярэдадні заявіў, што перададзеныя летувіскім бокам зьвесткі аб рахунках Бяляцкага ня могуць служыць доказам у судзе (гл. матэрыял тут).

Адвакат выказаў свае заўвагі з нагоды якасьці перакладу дакумэнтаў. Па-ранейшаму сьледства не вызначыла, якія менавіта сумы, што былі агучаныя, можна лічыць даходамі Бяляцкага. Акрамя таго, зьняцьцё Бяляцкім грошай з рахункаў ня сьведчыць аб тым, што яны былі яго прыбыткам, заявіў адвакат.

У ходзе вывучэньня другога тома справы былі разгледжаныя падатковыя дэклярацыі Бяляцкага, копія ягонай працоўнай кніжкі, працоўныя дамовы. Пракурор пералічыў матэрыялы, канфіскаваныя пры ператрусе ў Бяляцкага: вінчэстары, ноўтбук, дыскеты, DVD-дыскі, тэлефон, візытоўкі, дакумэнты й грошы ў рознай валюце, а таксама канфіскаваныя ў офісе “Вясны”: лісты, выпіскі, копіі квітанцыяў, авіябілеты. Адвакат запярэчыў супраць накладаньня арышту на маёмасьць Бяляцкага, бо яно знаходзіцца ў сумесным карыстаньні Бяляцкага ды ягонае жонкі, а таксама запатрабаваў выкананьня сьледствам задачы пракуратуры прадставіць маёмаснае становішча Бяляцкага, крыніцы атрыманьня ім грошай, мэты выкарыстаньня гэтых грошай і ўдакладненьня таго, ці перавозіў Бяляцкі грошы празь мяжу, паколькі гэтая інфармацыя зьяўляецца прадметам зацікаўленасьці боку абароны.

Трэці, чацьвёрты й пяты тамы крымінальнае справы фактычна зьяўляюцца вынікам правядзеньня грамадзкай кампаніі ў падтрымку Алеся, бо яны амаль цалкам складаюцца з паручальніцтваў за праваабаронцу й адмоваў сьледства іх задаволіць. Пракурор выбарачна зачытаў адно з хадайніцтваў, падпісанае групай у 816 чалавек.

Наступным этапам стала азнаямленьне суду з пастановай аб затрыманьні праваабаронцы, што знаходзіцца ў шостым томе матэрыялаў справы. На гэтае пастанове рукой Бяляцкага напісана: “З затрыманьнем ня згодны, вінаватым сябе не лічу”.

У ходзе прадстаўленьня дакумэнтаў былі агучаныя вытрымкі з асабістай перапіскі праваабаронцы Уладзімера Лабковіча, у якіх абмяркоўвалася пазыцыя калегаў Бяляцкага ў дачыненьні да ягоных замежных рахункаў, што пазыцыянавалася абвінавачваньнем, як спроба схаваць праўду, заблытаць сьледзтва й суд. Матэрыялы перапіскі былі далучаныя да крымінальнае справы.

Адвакат зьвярнуў увагу суду, што абарона хадайнічала перад сьледствам аб звароце да установаў, якія пералічвалі грошы на рахункі праваабаронцы, з просьбай пазначыць мэты, на якія пералічваліся грошы, аднак гэтае хадайніцтва было праігнараванае. Акрамя таго, у справе няма санкцыі на правядзеньне апэратыўна-вышуковае дзейнасьці, у выніку якой былі знойдзеныя 27000 файлаў у кампутары ды на жорсткіх дысках, якія належаць Бяляцкаму, гэтак жа, як няма й самога дыску з вынятымі файламі.

Адвакат таксама зачытаў сваё ранейшае хадайніцтва, сутнасьць якога зводзіцца да таго, што сьледствам ня вызначана віна падабароннага. У прыватнасьці, не ўстаноўлены мэты, на якія прызначаліся грошы з рахункаў Бяляцкага. У сувязі з гэтым адвакат прасіў сьледчага прыпыніць справу, але яму было адмоўлена.

Пасьля таго, як пракурор паведаміў, што дакумэнты з мытнага камітэту аб дэклярацыях Бяляцкага пры перасячэньні ім мяжы паступяць у суд толькі ў наступны чацьвер, у судзе быў абвешчаны перапынак да 10 лістападу.

Камэнтар Міжнароднай назіральнай місыі:
Дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавеку, прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місыі ў Беларусі Валянцін Міхайлавіч Гэфтэр выказаў сваю скрайнюю занепакоенасьць з нагоды судовага працэсу над Алесем Бяляцкім: “Дзяржава замест таго, каб забясьпечыць умовы для праваабарончае дзейнасьці, наадварот, адкрыта перашкаджае гэтаму. Цяпер праваабаронцам даводзіцца абараняць адзін аднаго, замест таго, каб аказваць першачарговую дапамогу тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу”. Ён адзначыў, што задачай судовага разбору відавочна зьяўляецца палітычна матываваны крымінальны перасьлед, і ацаніў сам працэс як неаб’ектыўны ды ангажаваны. На думку Гэфтэру, вынік судовага працэсу прагназаваць немагчыма, “тым больш, што ён толькі ў сярэдзіне”. Пры гэтым праваабаронца спадзяецца калі не на апраўдальны прысуд, дык хоць бы на абвінаваўчы без рэальнага пазбаўленьня волі.

Паводле hrwatch-by.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Цэтлікі: , , ,

2 thoughts on “Міжнародная назіральная місыя: кароткі агляд трэцяга дня судовага пасяджэньня па справе Бяляцкага”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>