Не забірай жыцьцё!
2011 24/11
viasnalogo

Заява з нагоды прысуду Алесю Бяляцкаму

Сёньня, 24 лістападу 2011 г. судзьдзём суду Першамайскага раёну г. Менску Сяргеем Бандарэнкам вынесены прысуд нашаму калегу – старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзыдэнту FIDH Алесю Бяляцкаму.

Праваабаронца прызнаны вінаватым ў быццам бы зьдзейсьненым злачынстве, прадугледжаным ч.2 артыкулу 243 КК Рэспублікі Беларусь – “ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў у асабліва буйным памеры”. Суд прыгаварыў Алеся Бяляцкага да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

Мы, сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна”, ацэньваем прысуд як расправу над нашым калегам, помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасьць, а таксама як імкненьне зьнішчыць нашу арганізацыю й запалохаць увесь праваабарончы рух Беларусі.
З самога пачатку затрыманьня Алеся Бяляцкага 4 жніўня гэтага году з боку сьледзтва мелі месца грубейшыя парушэньні заканадаўства Беларусі.

Так, незаконна ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага была ўжыта мера стрыманьня ў вяглядзе ўтрыманьня пад вартай. Сьледства, не імкнучыся да выяўленьня ісьціны па справе, адмовілася зьвярнуцца да фундацыяў, якія пералічвалі сродкі Алесю Бяляцкаму, з запытам аб іхным мэтавым прызначэньні, ігнаруючы адпаведнае прадпісаньне з боку пракуратуры.

Падчас судовага працэсу сталася відавочным, што ў абвінаваўцы навогул адсутнічаюць нават ускосныя доказы віны Алеся Бяляцкага ў зьдзяйсьненьні злачынства, за якое ён асуджаны. У судзе так і не знайшоў свайго пацьверджаньня сам факт атрыманьня сродкаў, недапушчальнымі доказамі зьяўляюцца й матэрыялы афіцыйных ворганаў Летувы й Польшчы, паколькі яны не былі належным чынам аформленыя.

Матэрыялы, якія былі агучаныя ў судзе, сьведчуць, што ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага ды іншых сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, пачынаючы з кастрычніку 2010 г., вяліся незаконыя апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, ініцыяваныя КДБ Беларусі.
Факты, якія сталіся вядомымі падчас судовага разьбіральніцтва, засьведчылі тое, што сапраўдным матывам абвінаваўчага прысуду Алеся Бяляцкага зьяўляецца пакараньне яго за актыўную й прынцыповую праваабарончую дзейнасьць. Сёньняшні прысуд нашаму калегу – вынік той шматгадовай рэпрэсыўнай палітыкі ўладаў Беларусі ў дачыненьні да праваабарончых арганізацыяў: выштурхоўваньне з праўнага поля праз пазбаўленьне афіцыйнага статусу, адмовы ў рэгістрацыі па надуманых прычынах новых аб’яднаньняў, крыміналізацыю дзейнасьці незарэгістраваных арганізацыяў, стварэньне перашкодаў і ціск з боку КДБ ды іншых спэцслужбаў. Пакараньне Алесю Бяляцкаму – гэта рэакцыя ўладаў на цьвёрдую й пасьлядоўную пазыцыю ўсіх праваабаронцаў Беларусі па ацэнцы сытуацыі з правамі чалавеку ў краіне.

Мы перакананыя, што прысуд Алесю Бяляцкаму носіць выключна незаконны характар і таму падлягае безумоўнай адмене.
Праваабарончы цэнтар “Вясна” выказвае ўдзячнасьць усім грамадзянам, праваабаронцам, палітыкам, урадам і парлямэнтам розных краінаў, якія выказалі рашучы пратэст незаконаму перасьледу Алеся Бяляцкага ды беларускіх праваабаронцаў.

З свайго боку мы заяўляем, што Праваабарончы цэнтар “Вясна” працягне сваю праваабарончую дзейнасьць, бо гэта наш абавязак перад усім грамадзтвам Беларусі, якое церпіць ад масавых парушэньняў правоў.

СВАБОДУ АЛЕСЮ БЯЛЯЦКАМУ!

СВАБОДУ ЎСІМ БЕЛАРУСКІМ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ!

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>