2008 14/03

АпасляПА СЬЛЯДАХ АДНАГО З ШЭРАГОВЫХ ЗАТРЫМАНЬНЯЎ У ЖОДЗІНЕ

…14.03.2008г. а 10-30 у Жодзіне, узброеным аўтаматамі нарадам міліцыі быў затрыманы й дастаўлены ў Жодзінскі ГАЎС непаўнагадовы юнак, 12-ці гадовы Янка Лапіцкі.
Затрымаў хлапчука перапрануты ў штацкае невядомы. Гэта быў быццам бы супрацоўнік міліцыі (ён паказаў нейкае пасьведчаньне), які пражывае ў 5-м пад’езьдзе д. 12 па вул 50 год Кастрычніку. Ён і выклікаў міліцыю.

Так ці іначай, але заўважыўшы ў зьнешняй кішэні курткі юнака асобнік газэты “Свабода”, “стукач” вырашыў, што хлопец займаецца распаўсюдам незалежнае прэсы й праявіў, такім чынам, пільнасьць і адвагу ў абароне “правільнага рэжыму”.

Нягледзячы на тое, што Янка казаў, што зараз да яго прыйдуць бацькі, яго прымусілі сесьці ў міліцэйскую машыну й павезьлі ў Жодзінскі ГАЎС.

У калідоры

У той час, калі юнака ўсадзілі ў міліцэйскі “варанок” і павезьлі ў адзьдзяленьне Жодзінскага ГАЎС да яго зноў патэлефанавалі бацькі. Але міліцыянты зь ім адмовіліся прадстаўляцца і размаўляць па-беларуску.

У адзьдзяленьні Янка здолеў даведацца, як звалі гэтага міліцыянта, які быццам ня ведае дзяржаўную мову. Дадзеным супрацоўнікам аказаўся Лакатум Зьміцер Анатольевіч.

Такім чынам, высьветлілася, што ў Жодзінскім ГАЎС ёсьць супрацоўнікі, якія ня ведаюць дзяржаўнай мовы (!?). І гэтым супрацоўнікам выдаецца аўтаматычная зброя, і яны маюць недатыкальны статус для аховы грамадзкага правапарадку … у гэтай жа краіне!?

На дзеяньні дадзенае міліцыянта, які не дачакаўшысь бацькоў, палохаючы падлетка аўтаматам і адмовіўшысь прадстаўляцца ягоным бацькам, праявіў непавагу да дзяржаўнай мовы, бацькі Янкі Лапіцкага зьбіраюцца падаваць скаргу ў Жодзінскую пракуратуру.
У падобных экстрэмальных для безпадстаўна затрыманага 12-гадовага хлапчука псыхалягічных абставінах дадзены інцыдэнт ініцыяваў фактычна дадатковы ўціск на беларускамоўнага падлетка, які адчуў непрыхаваны выклік і непавагу да ягоных бацькоў, а таксама да культуры і традыцыяў краіны, у якой міліцыянт Лакатум фактычна прадстаўляе ўладу.

Бацькі лічаць, што калі дадзены супрацоўнік Жодзінскага ГАЎС сапраўды ня ведае дзяржаўнай мовы краіны ў якой служыць – ён мусіц быць пазбаўлены права кантактаваць зь дзецьмі й грамадзянамі, выкарыстоўваць зброю, працаваць зь людзьмі навогул.
Калі ж ён проста ўхіліўся такім чынам ад размовы з бацькамі Янкі й вырашыў аказаць дадатковы псыхалягічны ўціск на беларускамоўнага падлетка (у, так бы мовіць, выхаваўчых мэтах), ён мусіць адказаць за свае неправамерныя дзеяньні па законе.

Аляксей Лапіцкі:
– Відавочна, што ня веданьне асноўнай зь дзьвюх дзяржаўных моваў краіны, мусіць аўтаматычна пазбаўляць падобных служачых права працаваць у сыстэме, дзе маюцца інтэнсыўныя стасункі зь людзьмі.

Як лічыць Сьвятлана Лапіцкая, маці пацярпелага падлетка:
– Абсалютна зразумела, што міліцыянт, трапляючы ў розныя складаныя абставіны ды яшчэ з табельнай зброяй без веданьня мовы ўтварае дадатковыя сутупені рызыкі. Гэта ёсьць катэгарычна непрымальнай справаю, бо можа правакаваць дадатковыя канфлікты, парушаць правы грамадзянаў, аказваць нэгатыўны псыхалягічны ўціск і гвалтоўнае дыскрымінацыйнае ўзьдзеяньне на нозьбітаў беларускасьці. Што абсалютна недапушчальна ў любой цывілізаванай краіне і мусіць быць забаронена ў Беларусі.

Аб 11-00, пасьля таго як у Жодзінскі ГАЎС прыйшлі бацькі Янкі Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія, затрымаўшых іхнага сына міліцыянтаў у ГАЎС не аказалася. Адшукаць іх напрацягу больш як 2 гадзінаў знаходжаньня Янкі з бацькамі ў Жодзінскім ГАЎС не атрымалася.
Падлетак быў моцна напалоханы дзеяньнямі ўзброеных міліцыянтаў, якія да таго ж адмовіліся размаўляць з бацькамі й быццам ня ведалі роднае мовы. Акрамя таго, ён вельмі хваляваўся, каб пасьпець да 14-00 у школу.

У выніку пачарговага допыту міліцыянтам Зьміцерам Мялешкам, якому даручылі спачатку правесьці допыт юнака ў прысутнасьці бацькоў, аднім з намесьнікаў начальніка Жодзінскага ГАЎС, да якога зьвярнуўся па дапамогу першы дазнавальнік –
атрымаўся “нулявы” пратакол …
Апошнім “дапытваў” Янку ў прысутнасьці выкліканага з школы сацыяльнага пэдагога міліцыянт Хамянкоў.
Ён спрабаваў таксама зацягнуць час і правесьці ледзь не паасобны допыт усіх прысутных. Аднак, пасьля звароту бацькоў да кіраўніцтва ГАЎС, апошні ўрэшце запісаў у пратакол патрабаваньне бацькоў затрыманага юнака аб тым, што адпаведна статусу сьведкі, у якім знаходзіцца іхны сын і яны самі, кожны мае права адпаведна арт. 27 Канстытуцыі РБ не сьведчыць супраць сябе, таму ад нейкіх афіцыйных тлумачэньняў для пратаколу ўсе адмаўляюцца.

Пасьля таго, як дадзеная фармулёўка была занесена ў пратакол, яго падпісаў бацька Янкі. Таксама у ГАЎС было прапанаванае для подпісу сьведчаньне, што бацькі ня маюць аніякіх прытэнзыяў да … ўчастковага Хамянкова.

Роўна у 13-10 Янка быў вызвалены. А міліцыянты так і не здолелі патлумачыць бацькам якія артыкулы Заканадаўства РБ былі парушаныя 12-гадовым юнаком, які стаяў ля пад’езду жылога дому з газэтаю “Свабода” у кішэні курткі і з гэтае нагоды.быў затрыманы нарадам узброеных міліцыянтаў.

Назіраньне за адзначанай сытуацыя паказала, што міліцыя ў дадзеных умовах дзейнічае па выпрацаваным альгарытме, які мае на мэце аказаньне максымальна магчымага псыхалягічнага ўзьдзеяньня на затрыманых, іхных сваякоў ці бацькоў, выкарыстоўваючы з аднаго боку сацыяльных пэдагогаў і школу (тэхнікум, вучэльню ці ВНУ), з другога – матэрыяльную залежнасьць бацькоў ад працоўных кантрактаў і працу …

Пры гэтым, усё робіцца быццам па жаданьні затрыманага – ён нібы па ўласнай волі перадае ізымаемую літаратуру (газэты ці ўлёткі, налепкі, напрыклад), ледзь не радасна распавядае для запісу ў пратакол пра свае “прыгоды” да моманту затрыманьня й г. д.

Ніхто не тлумачыць, што гэта можна і патрэбна цалкам законна не рабіць, бо ў статусе сьведкі, якім зьяўляецца фактычна затрыманы, ён мае права і павінен яго скарыстоўваць, каб не сьведчыць супраць сябе альбо сваіх сяброў і блізкіх …
Такім чынам, відавочна, што арт. 27 Канстытуцыі РБ мусіць памятаць кожны і скарыстоўваць сваё права ў падобных на Янкіну сытуацыях.

Думаецца, кожны з бацькоў і іхных дзяцей, асабліва тых, што разумеюць вартасьць хай не газэты, але самаго панятку Свабода (а таксама нацыянальная годнасьць) здолелі адказаць для сябе на пастаўленае ў загалоўку нескладанае пытаньне.

У хуткім часе можна будзе даведацца, як на гэтае ж пытаньне глядзіць Жодзінская пракуратура … Няўжо зноў нічога ня ўбачыць …
ПАБАЧЫМ. Цікава!?

Алесь Вольны,
Licviny-INFA,
Жодзіна

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>