2016 26/02
Каdr4_Abr_apr_500_DSC00777

Беларускі праваабаронца Барыс Звоскаў, імём якога названы Дом Правоў Чалавека ў Вільні (26 лютага 1949 – 17 чэрвеня 2012)

Правы чалавека парушаюцца ўсюды й няма ў сьвеце такой краіны, дзе гэтыя правы не парушаліся б, сьцьвярджаў Барыс Звозскаў, сябра праўленьня РГА “Праўная ініцыятыва”, выпускнік Вышэйшага міжнароднага курсу па абароне правоў чалавека: “Важна іншае – як у той ці іншай краіне працуе мэханізм абароны гэтых правоў”.

Яшчэ Барыс Звоскаў лічыў, што ні адзін сур’ёзны інвэстар ня пойдзе ў краіну, дзе сыстэматычна й масава парушаюцца правы чалавека.

 

У дзень народзінаў Барыса Звоскага, прыводзім ягоае інтэрвію 2010 году “Беларускім навінам”, дзе ён распавядае пра тое, якім чынам трэба абараняць свае правы, у якім выпадку шукаць абароны за межамі краіны ды як ідуць справы з правамі чалавека ў Беларусі і ў сьвеце.

 

- У якім выпадку можна зьвяртацца ў міжнародныя ворганы абароны?

 

- Тут мэханізм досыць просты: спачатку трэба вычарпаць усе магчымасьці абароны ў нацыянальнай судовай сыстэме. У нейкіх краінах гэта дзьве інстанцыі, дзесьці тры. У асноўным, вядома, гэта суд першай інстанцыі, і затым апэляцыйны суд.

Мы зараз гаворым канкрэтна аб тых пытаньнях, якія пералічаныя ў Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (рэд.: МПГіПП), і тут ніякіх законных інтарэсаў, маёмасных правоў, спадчынных пытаньняў разглядацца ня можа. Але як толькі чалавек палічыў, што ягонае права было парушанае, і на нацыянальным роўні яго абараніць не атрымалася, толькі тады ён можа зьвярнуцца ў міжнародныя ворганы. У Эўропе грамадзяне могуць зьвярнуцца як у Эўрапейскі суд, гэтак і ў Камітэт па правах чалавека ААН. Але часьцей, вядома, зьвяртаюцца ў Эўрапейскі суд, бо сіла рашэньняў там нашмат вышэйшая.

 

Kadr04_470m_APR_ap_DSC00779

Барыс Звоскаў выкладае асновы права правоў чалавека ў Беларускім ДПЧ, Вільня.

 

- Куды зьвяртацца беларусам?

 

- Беларусы могуць зьвярнуцца толькі ў Камітэт па правах чалавека ААН, паколькі Беларусь не падпісвала Эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека і асноўных свабодаў і, адпаведна, у Эўрапейскі суд грамадзяне нашай краіны зьвяртацца ня могуць.

У сыстэме ААН ёсьць дакумэнты, якія маюць абавязковы юрыдычны характар.

Напрыклад, Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Пакт аб сацыяльна-эканамічных культурных правах, Канвэнцыя па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, Канвэнцыя па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчынаў, Канвэнцыя супраць катаваньняў і многае іншае.

То бок, калі краіны падпісалі гэтыя дакумэнты і ратыфікавалі іх зьявіліся абавязальніцтвы, па якіх яны павінны даваць справаздачу. Але акрамя гэтых дакумэнтаў, дзяржавы заключаюць яшчэ факультатыўныя пратаколы, без якіх грамадзяне ня могуць зьвяртацца ў той ці іншай Камітэт. Гэта значыць проста аднаго Пакта мала.

Беларусь ратыфікавала амаль усе вышэйпералічаныя дакумэнты.

Але вось, напрыклад, у Камітэт супраць катаваньняў беларусы зьвяртацца ня могуць, бо Канвэнцыю супраць катаваньняў Беларусь падпісала, а факультатыўны пратакол – не. І гэта пры тым, што ўсе нашы суседзі і ўсе краіны Эўропы яго падпісалі.

 

- Як часта беларусы зьвяртаюцца ў Камітэт па правах чалавека ААН? Што кажа статыстыка?

 

Kadr02_900m_fon_DSC00779

- Напрыклад, у 2005 годзе зваротаў было 11, зь іх у дзевяці выпадках Камітэт канстатаваў, што парушэньні правоў чалавека ў нашай краіне былі.

 

- 11 зваротаў – гэта шмат ці мала?

 

- Міністар юстыцыі Галаванаў некалькі гадоў таму на адной з калегіяў агучыў такія лічбы: у 2005 годзе ў міністэрства паступіла 1800 заяваў на рэгістрацыю няўрадавых арганізацыяў і розных грамадзкіх аб’яднаньняў і асацыяцыяў. Зь іх зарэгістравана было каля 200.

1600, адпаведна, не зарэгістравалі. Згодна з нашым заканадаўствам, каб заснаваць мясцовую грамадзкую арганізацыю павінна быць ня менш за 10 чалавек, для рэспубліканскай – ня менш за 50.

І калі браць па мінімуму – 10 чалавек, а не зарэгістравалі пры гэтым 1600 арганізацыяў, то, атрымліваецца, 16 тысячаў чалавек не змаглі рэалізаваць сваё права на аб’яднаньне, асацыяцыю і мірны сход. А гэта права, між тым, прапісана ў Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь падпісала і ратыфікавала цалкам.

З гэтых 16 тысячаў чалавек у Камітэт было пададзена толькі два ці тры заявы. І вось зараз самі адкажыце: шмат гэта ці мала?

Тады, памятаю, у Камітэце мне сказалі: вось, маўляў, вы кажаце, правы чалавека ў Беларусі парушаюцца. Дык чаму так мала заяваў? Адказ на гэтае пытаньне цяжка знайсьці. Але ў 2009 годзе скаргаў было ўжо больш - 64, а гэта значыць, што добра спрацавалі нашыя беларускія праваабаронц.

  • На сёньня, 02.2016г., такіх скаргаў ужо 203 і амаль 90 – станоўчых для заяўнікоў рашэньняў КПЧ ААН па ім – з прызнаньнем зьдзейсьненага парушэньня з боку дзяржавы (рэд.).

- У такім выпадку, ці адлюстроўвае статыстыка зваротаў грамадзянаў у Камітэт па правах чалавека ААН рэальна існуючую сытуацыю ў краіне?

 

Abr_apr01_900_DSC00777

- Трэба глядзець ня столькі колькасьць зваротаў, колькі лічыць самі выпадкі, у якіх Камітэт прызнаў парушэньне.

Зваротаў можа быць і мільён. Напрыклад, у 2009 годзе адну з ключавых пазыцыяў па зваротах заняла Канада – 148 заявак, бо там існуе даволі магутная сыстэма праваабароны. У Камітэце па правах чалавека ААН ёсьць і іншая статыстыка: як правіла, 97% заявак Камітэт нават не разглядае. Напрыклад, кажа: прабачце, хлопцы, тут вы блытаеце, тут ня можа быць парушэньняў правоў чалавека, ці гэтая тэма не адносіцца да правоў чалавека. Па сутнасьці разглядаюцца толькі 3%.

- Якія заяўкі дакладна будуць разглядаць у Камітэце па правах чалавека ААН, і як праходзіць працэдура разгляду заяваў?

 

- У Камітэце ёсьць Упраўленьне вярхоўнага камісару, унутры кіраваньня – Група па пэтыцыях. Напрыклад, вы напісалі заяву ды адпраўляеце яе ў Жэневу у Групу па пэтыцыях. Спачатку зварот разглядаецца па фармальных прынцыпах.

Зварот ня можа быць ананімным, аўтарам павінна быць сама ахвяра, г. зн. я, Пятроў, не магу напісаць заяву, што парушаныя правы Іванова, і г.д. На гэтым этапе звычайна і адсяваюцца 97% заявак. Але калі Камітэт бярэцца за справу, то спачатку яго разглядаюць ўнутры.

Напрыклад, Камітэт прызнаў, што было парушэньне.

Тады ён адпраўляе сваё рашэньне таму ўраду, на які была скарга. Пры гэтым Камітэт дае ўраду 6 месяцаў, каб ён падрыхтаваў пярэчаньні й даслаў іх зноў у Камітэт. Далей Камітэт адпраўляе вам, як аўтару скаргі, гэтыя пярэчаньні для таго, каб вы пракамэнтавалі, і праз 3 месяцы вы адпраўляеце свае камэнтары зноў Камітэту. Далей вашая справа адпраўляецца “на паліцу”, бо лічыцца скамплектаванай, і чакае, калі Камітэт зноў возьме яе на разгляд. Апошні этап – Камітэт зноў разглядае вашу справу з улікам пярэчаньняў і камэнтароў і выносіць сваё рашэньне.

 

- Як павінна рэагаваць дзяржава, калі Камітэт прызнаў, што яна парушыла права грамадзяніна? Як рэагуе наш урад?

 

- Калі дзяржава згаджаецца з рашэньнем Камітэту, то суд, які вынес рашэньне, адмяняе яго. Калі ж дзяржава упарціцца, то яна павінна афіцыйна на працягу трох месяцаў апублікаваць рашэньне Камітэту й непасрэдна тыя меры, якія будуць прынятыя з боку дзяржавы.

Напрыклад, быў выпадак, калі жыхара Вілейкі асудзілі й аштрафавалі, ня памятаю дакладна, па якой справе, але штосьці звязанае з распаўсюдам інфармацыі. Апэляцыя не дапамагла – суд пакінуў сваё рашэньне ў сіле. Тады ён зьвярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. У выніку наш Вярхоўны суд прызнаў, што праўда ўсё ж на баку гэтага грамадзяніна, і адмяніў сваё рашэньне. Яму вярнулі грошы й нават судовыя выдаткі. Таксама здарылася і з Вацлавам Гавэлам – чэскім пісьменьнікам, дысыдэнтам, праваабаронцам і дзяржаўным дзеячам. Яго пасадзілі ў турму, а ўрад Галяндыі ўмяшаўся й запытаў у тагачаснага ўраду Чэхаславакіі: а што, уласна, адбываецца ў вас з гэтым чалавекам? Ну і ўрад, каб не нажываць сабе праблемаў, яго адпусьціў. Праз 4 месяцы адбылася “аксамітная рэвалюцыя” і Гавал стаў прэзыдэнтам.

А наогул чалавек і дзяржава могуць спрачацца да бясконцасьці. І каб такога не было, дзяржавы ў ААН дамовіліся, што канчатковае рашэньне будзе выносіць Камітэт па правах чалавека. Для гэтай дзяржавы заключаюць факультатыўны пратакол да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Аднак нашыя ўлады даволі часта кажуць пра тое, што рашэньне Камітэту, маўляў, носіць рэкамэндацыйны характар. Хоць такога нідзе не прапісана. Магчыма, таму ў Беларусі ні разу не было апублікавана рашэньне Камітэту.

 

- У якім выпадку сытуацыя з правамі чалавека пераходзіць на разгляд у Савет па правах чалавека ААН?

 

- Савет разглядае ўжо не асобна ўзятага грамадзяніна, а сытуацыю ў краіне ў цэлым, г. зн. фіксуе, дзе адбываюцца парушэньні сыстэматычна й масава. У гэтым Савеце складаюцца, напрыклад, такія ўплывовыя арганізацыі, як МВФ, СААЗ, Сусьветны банк, МАП, ЮНІСЭФ і многія іншыя.

Напрыклад, калі вырашаецца пытаньне пра тое, уклвадаць ці не нейкаму інвэстару свае грошы ў тую ці іншую дзяржаву, ён можа зьвярнуцца ў Савет па правах чалавека ААН і спытаць, а што ў гэтай дзяржаве з правамі чалавека?

Паверце, ні адзін сур’ёзны інвэстар ня пойдзе туды, дзе сыстэматычна й масава парушаюцца правы чалавека!

 

- Якія парушэньні характэрныя для Беларусі?

 

- У ліку першых я б адзначыў права на мірны сход.

Напрыклад, Мінгарвыканкам калісьці сваім рашэньнем № 1330 пастанавіў, што пікеты ды ўсякага кшталту акцыі ў Менску можна рабіць толькі ў трох месцах: на Бангалёры, у Парку 50-годзьдзя Кастрычніку ды каля Цырку шапіто. Некалькі чалавек вырашылі з гэтым пазмагацца, у тым ліку Уладзімер Раманоўскі. Шматлікія суды па яго зыску заканчваліся пастановай, што Мінгарвыканкам мае рацыю, а Раманоўскі працягваў абскарджваць. Так справа хадзіла ці ледзь не да таго часу, пакуль не засталося ў судзе Маскоўскага раёну ніводнага судзьдзі, які б гэту справу не разглядаў. Дарэчы, зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН вы можаце ня толькі, калі прайшлі ўсе інстанцыі ўнутры краіны, але й калі справа неабгрунтавана зацягваецца. Як у выпадку з Раманоўскім. Таму ён падаў заяву па парушэньні права на правядзеньне мірнага сходу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Дзяржаве, як і належыць, адправілі справу для вынясеньня пярэчаньняў. І, магчыма, гэта спрацавала, таму што Мінгарвыканкам у 2005 годзе гэта рашэньне адмяніў. Яго цяпер няма.

Аднак людзей, чые заяўкі Мінгарвыканкам ўсё ж ўхваляе, для правядзеньня мерапрыемстваў усё роўна адпраўляюць туды ж. Часьцей за ўсё – на Бангалёр.

І тут у першую чаргу ў людзей трэба спытаць: чаму вы ідзяце? Чаму згаджаецеся? Чаму ў суд не скардзіцесь?

Дзесьці абмяжоўваць права на правядзеньне сходу можна й трэба, напрыклад, ля ўрадавых будынкаў, ля школаў і г. д.

Напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы няма нічога такога, з-за чаго можна забараняць там зьбірацца. У Польшчы, напрыклад, калі ў мерапрыемстве бяруць удзел менш за 15 чалавек, можна нават не паведамляць мясцовай уладзе, а калі ўладу апавяшчаюць, то для таго, каб яна паставіла паліцыю ды ніхто не напаў на мітынгоўцаў. Наогул жа задача пікету – прыцягнуць увагу. Чыю ўвагу можна прыцягнуць у бязлюдным месцы?

 

- Як можна расцэньваць ператрусы ў кватэрах журналістаў?

 

- Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, вобшук можа праводзіцца, калі распачатая крымінальная справа, ёстць санкцыя пракурору, пастанова аб ператрусе, то бок законныя падставы.

Яны могуць зыходзіць з розных матываў: напрыклад, у мэтах дзяржаўнай бясьпекі. Але тут важныя не толькі законныя падставы, але й тое, для дасягненьня якой мэты дзяржава гэта робіць. І адсюль вынікае іншае, больш тонкае й далікатнае пытаньне: а ці нельга было дамагчыся гэтай вашай мэты не такімі жорсткімі мэтадамі?

Часам ператрус тлумачыцца выпадкамі, якія ня церпяць адкладу.

Напрыклад, забілі чалавека ў двары, а бабулі на лавачцы паказалі, што забойца пабег ву-у-нь у той пад’езд. Атрымліваецца, што крымінальная справа не ўзбуджаная, а труп ўжо ёсьць. У такім выпадку тыя, хто праводзіў ператрус, на працягу 24 гадзінаў павінен апавясьціць пракурора аб тым, як і для чаго гэта рабілася.

Менавіта тлумачэньне мэтаў, зь якімі дзяржава ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё, важнае больш за ўсё, бо гэта мяжуе з правам чалавека на недатыкальнасьць асабістага жыцьця.

Напрыклад, тэрарыст трымае ў закладніках 40 чалавек, яго схапілі, каб даведацца, дзе ён іх хавае.

Пытаньне: ці можна да яго ўжываць катаваньні?

З аднаго боку, ад яго залежыць жыццё 40 чалавек, з другога – у яго ёсьць неабмежаванае права на непрымяненьне катаваньняў. Дык вось з пункту гледжаньня правоў чалавека дзяржава павінна спачатку вычарпаць усе гуманныя мэтады для атрыманьня інфармацыі, а ўжо потым думаць, што рабіць далей. Катаваньні – самае апошнія, да чаго яна можа зьвярнуцца.

 

Паводле Naviny.by i рэсурсаў Вясны,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
www.prava-by.info

ФОТЫ: з архіваў BLP – апрацоўка Аляксей Лапіцкі Licviny-INFA

Цэтлікі: , , , , , ,

One thought on “ПАМЯЦІ БАРЫСА ЗВОСКАГА. СЁНЬНЯ ЯМУ СПОЎНІЛАСЯ Б 67 ГОД (фота, відэа)”

  1. AL Łapicki says:

    Гэта – сапраўды актуальнае й сёньня інтэрвію Барыса Звоскага незалежнаму СМІ Беларусі, упершыню апублікаваныя фатаграфіі з архіваў…

    Пазацыя праваабронцаў ва ўмовах адсутнасьці незалежнай праваахоўна-судовай сыстэмы ў краіне ды поўнай безадказнасьці чынавенства з “вэртыкалі ўлады”… – сёньня, як і ўчора, гучыць ясна й настойліва. Было б каму слухаць!

    Абсалютна зразумела ўжо даўно, што дзяржава павінна ахоўваць уласных грамадзянаў, іхныя правы й свабоды, ствараць дзейсныя нацыянальныя мэханізмы эфэктыўнай абароны грамадзянскага права. Урад павінен выконваць міжнародныя абавязальніцтвы па падпісаных міжнародных дамовах, у тым ліку – па факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага Пакту аб грамадзяснкіх і палітычных правах.

    Спадзяваньні на добрую палітычную волю кіраўніцтва краінаю па гэтых пытаньнях жыве кожны дзень…

    Гэтыя спадзяваньні раўназначныя спадзяваньням на прагрэс у накірунку пабудовы праўнай эўрапейскай Беларусі – роўнай і годнай сярод роўных у супольнасьці цывілізаваных гаспадарстваў Эўропы й сьвету, якія прызнаюць вартасьць грамадзянскіх правоў і свабодаў, імкнуцца палепшыць праўны стан сваіх грамадзянаў, замацаваць мір і стварыць камфортныя ўмовы для іхнай творчай самарэалізацыі – дасягнуць устойлівага разьвіцьця, грамадзянскае згоды й сапраўнага дабрабыту ў выніку.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>