2012 10/07

Аляксей Лапіцкі й Сьвятлана Лапіцкая, Жодзіна

10 ліпеня актывісты ПЦ «Вясна» разам з прадстаўнікамі іншых арганізацыяў па ўсёй Беларусі падаюць заяўкі на правядзеньне пікетаў у падтрымку зьняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага” ды іншых палітычных вязьняў.

Такім чынам яны выказваюць свае намеры рэалізаваць канстытуцыйнае права на публічны пратэст шляхам мірных сходаў грамадзянаў, пікетаваньняў, выказваньня пратэсту супраць палітычнага перасьледу іншадумцаў і праваабаронцаў, патрабаваньні вызваленьня вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які пацярпеў за арганізацыю праваабарончай дзейнасьці пазбаўленага дзяржрэгістрацыі ў Беларусі ПЦ “Вясна”.

Пікеты мяркуецца правесьці найменей у 17 гарадах Беларусі 4 жніўня. Менавіта ў гэты дзень год назад праваабаронца быў затрыманы, а затым і асуджаны на 4 з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў нібыта нясплаце падаткаў. Пасьля знаходжаньня ў Жодзінскай тутрмы №8 ён працягвае адбываць пакараньне ў Бабруйскай калёніі №2.

...

Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца ды Віктар Мезяк, Баранавічы

БАРАНАВІЧЫ

Грамадзкія актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца ды Віктар Мезяк, на падставе артыкулу 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі артыкулаў 4 і 5 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, 10 ліпеня 2012 году падалі пісьмовую заяву ў гарвыканкам на правядзеньне масавага мерапрыемства – пікету. Мэта пікету: выказваньне пратэсту супраць зьняволеньня Алеся Бяляцкага ды іншых палітычных вязьняў. Пікет плануецца правесьці 4 жніўня а 17.00 да 18.00 гадзіны ў Старым парку культуры й адпачынку па вуліцы Камсамольскай (пляцоўка з боку вуліцы Царука).

Арганізатары ўзялі на сябе забесьпячэньне грамадзкага парадку й бясьпекі ў часе пікету, а таксама захады па забесьпячэньні мэдычнага абслугоўваньня й ўпарадкаваньню тэрыторыі па заканчэньні мерапрыемства.

ВОРША

Удзельнікі пасяджэньня Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў Воршы разам з рашэньнем накіраваць прадстаўнікоў на сумеснае пасяджэньне Віцебскага аблвыканкаму й Прэзыдыюму абласнога Савету дэпутатаў, дзе будзе разглядацца пытаньне аб фарміраваньні акруговых выбарчых камісыяў, прынялі рашэньне супольна падаць заяўку на правядзеньне пікету 4 жніўня з патрабаваньнем спыненьня палітычнага перасьледу кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.

БАБРУЙСК

Сяржук Лацінскі, Бабруйск

Сяржук Лацінскі, Бабруйск

Грамадзкі актывіст з Бабруйску Сяржук Лацінскі падаў 12 ліпеня ў гарвыканкам заяўку на правядзеньне пікету ў падтрымку Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў.

– У заяве я не прасіў выдзяліць для пікета какрэтнае месца, бо часта менавіта з-за гэтага ўзьнікаюць праблемы з атрыманьнем дазволу, – кажа Сяржук Лацінскі. – Я пазначыў так: “месца, якое вызначана бабруйскім гарвыканкамам”. Мяркую, што на пікет можа прыйсьці каля сотні чалавек.

Бабруйскі актывіст адзначае, што датай правядзеньня абранае 4 жніўня бягучага году, з 15.00 да 17.00 гадзінаў. Менавіта на гэты дзень, на гадавіну арышту Алеся Бяляцкага, падаюць заяўкі на пікетаваньне і ў іншых гарадах Беларусі.

Бабруйскія арганізатары бяруць на сябе забесьпячэньне грамадзкага парадку і бясьпекі, мэдычнага абслугоўваньня, падтрыманьне парадку на тэрыторыі падчас правядзеньня пікету

ГОМЕЛЬ

А.Паплаўны й Л.Судаленка, Гомель

Анатоль Паплаўны й Леанід Судаленка, Гомель

10 ліпеня у Гомельскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзеньне 4 жніўня пікету ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Калектыўную заяву падпісалі ягоныя калегі Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны, а таксама былы старшыня гарвыканкаму Сьвятлана Гольдадэ.

“Пікет мы маем намер правесьці 4 жніўня – у гэты дзень год таму быў затрыманы Алесь Бяляцкі. Масавае мерапрыемства ў нас запланавана з мэтай зьвярнуць увагу грамадзкасьці на праблему палітычных зьняволеных, і ня толькі Алеся Бяляцкага, якога, як мы лічым, асудзілі незаконна», – заявіў Судаленка.

Ён адзначыў, што акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага – агульнарэспубліканская, праводзіцца па ініцыятыве праваабаронцаў. Заяўкі на пікеты будуць пададзеныя ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны.

24 лістапада 2011 суд Першамайскага раёну Менску прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры й прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Падставай для крымінальнага перасьледу праваабаронцы сталася наяўнасьць у яго замежных рахункаў у банках Летувы й Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі, што гэтыя грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасьці. Таксама суд не прыняў да ўвагі, што шкода, якую нібыта нанёс Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраваньняў грамадзянаў. Бяляцкі адбывае пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2, дзе працуе пакавальнікам.

ЖОДЗІНА

Сьвятлана Лапіцкая, у Жодзінскім выканкаме

Як патлумачыла Сьвятлана Лапіцкая, мэтай заяўленай акцыі зьяўляецца неабходнасьць выказваньня публічнага пратэсту супраць зьняволеньня за актыўную праваабарончую дзейнасьць вядомага ў Беларусі й па-за ейнымі межамі паваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Заяўку аб правядзеньні з 18-00 да 19-30 на пляцоўцы ля ўваходу ў Гарадзкі парк адпачынку пікетаваньня 04.08, з усімі патрабуемымі ў дадатку пісьмовымі гарантыямі аб падтрыманьні правапарадку й бясьпекі з боку арганіўзатара мерапрыемства Аляксея Лапіцкага – у Жодзінскім выканкаме зарэгістравалі адразу, належным чынам і без аніякіх залішніх пытаньняў.

Аляксей Лапіцкі, на шляху ў выканкам

Як адзначае Аляксей Лапіцкі:
– У горадзе на шляху да выканакаму ды й у самім будынку таксама мы не сустрэлі аніводнага міліцыянта. Было ўражаньне, што яны гэтым ранкам спэцыяльна кудысьці пахаваліся, ці можа проста ўрэшце ўжо заняліся выкананьнем сваіх непасрэдных абавязкаў па ахове грамадзянаў.

Варта адзначыць, што ў заяўцы мы дакладна патлумачылі, пазначылі плянуемыя меры бясьпекі й падтрыманьня правапарадку, якія мы гарантуем зьдзейсьніць у выпадку санкцыяванай мясцовымі ўладамі акцыі. Пры гэтым, адзначылі неабходнасьць сустрэчных крокаў з боку выканкаму й ГАЎС, каб апошнія маглі выканаць свае абавязкі па гарантаваным садзеяньні ў рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў і свабодаў на правядзеньне мірных сходаў з мэтаю пубічнага выказваньня сваёй пазыцыі й пратэсту.

Рэгістрацыя заяўкі, выканкам (Жодзіна)

Рэгістрацыя заяўкі, выканкам (Жодзіна)

У сваёй заяўцы жодзінцы адзначылі, што для ралізацыі патрабуемых законам мераў па падтрыманьні правапарадку ўчасе мерапрыемства выканкаму дастаткова апавесьціць кіраўніцтва Жодзінскага ГАЎС аб факце дазволу заяўленага пікетаваньня.

Гарантыі бясьпекі ня могуць быць аднабаковымі – толькі з боку заяўнікоў ці арганізатара – яны рэалізуюцца ўчасе каардынацыі намаганьняў як заяўнікоў, гэтак і дзяржустановы правааховы ў горадзе, якая павінна проста дзейнічаць у межах сваіх службовых абавязкаў і паўнамоцтваў. Заяўнікі прапанавалі прадстаўнкам улады, кіраўніцтву ГАЎС нарэшце скарыстацца досьведам калегаў зь Летувы ды ўзяць на ўзбраеньне станоўчую практыку эўрапейскіх суседзяў.

Апошнія яшчэ адносна нядаўна былі з намі на адным узроўні, а сёньня як удзельнікі Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП) безумоўна выконваюць патрабаваньні Канстытуцыі па гарантаванай ахове правоў і свабодаў кожнага ўласнага грамадзяніна – на свабоду выказваньняў, мірных сходаў, асацыяцыяў, безперашкодны распаўсюд інфармацыі, на свабодны дэмакратычны выбар…

Аляксей Лапіцкі:
– Падобныя масавыя мерапрыемствы ў Летуве, як і ва ўсім цывілізаваным сьвеце, улады ня маюць права забараняць. А праваахоўныя структуры суседняй краіны, напрыклад, адной з прыярытэтных мэтаў маюць дапамогу грамадзянам у правядзеньні падобных мерапрвыемстваў. Як патлумачыў нам пры асабістай сустрэчы, начальнік Адзьдзелу грамадзкай паліцыі па масавых мерапрыемствах і экстрэмальных сытуацыях, Саўлюс Казлаўскас (гл. відэаматэрыял тут), для правядзеньня падобнага пікету колькасьцю да 10 удзельнікаў у Вільні патрабуецца простае апавяшчэньне ўладаў, а з боку паліцыі дастаткова паліцэйскага нараду ў дасягальнай бачнасьці ад удзельнікаў акцыі, выключна для аховы ейных удзельнікаў. За падобную дзейнсьць па ахове правоў і свабодаў грамадзянаў Дзярждэпартамэнт Паліцыі ніколі не патрабуе з апошніх аніякіх аплатаў.

Як бы там ні было, а Беларусь таксама, як удзельніца МПГіПП, абавязаная прыйсьці да практыкі безумоўнага выкананьня палажэньняў гэтай міжнароднай дамовы ў галіне правоў чалавека ды пачынаць не на словах, а на практыцы даказваць сваю адданасьць агульнапрызнаным міжнародным нормам і прынцыпам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у галіне чалавечага вымярэньня.

Прыходзіцца канстытаваць банальную істыну, што канкрэтная справа ў сотню разоў карысьней за тысячу прыгожых словаў, дэкляратыўных заяваў аб клопаце пра свой народ. Беларусы досыць адукаваныя й разумныя, каб бачыць і разумець розьніцу… Акрамя таго кожны ведае, што мы – эўрапейскі народ. І нашае права “Чалавекам звацца” – у нашых агульных руках.

І сапраўды, відавочным падаецца, што даўно прыйшоў час паставіць народ беларускі й кожнага грамадзяніна Беларусі ў сфэры правоў чалавека на роўны з эўрапейцамі, годны ўзровень канстытуцыйна-міжнароднай правасуб’ектнасьці, паўнавартасных праўных гарантыяў ды рэальнай правааховы з боку дзяржавы – без надуманых ідэалягічных абмежаваньняў і дыскрымінацыі.

СВАБОДУ АЛЕСЮ БЯЛЯЦКАМУ!
СВАБОДУ БЕЛАРУСКІМ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ!

Інфармацыя пра заяўленыя пікеты працягвае дадавацца на сайце www.spring96.org тут

Алесь Вольны,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>