Пра дзяцей і пра будучыню. Сям’я Лапіцкіх з Жодзіна.
Прапануемы тут аўдыёматэрыял і фота – яскравыя сьведчаньні таго дыскрымінацыйнага стану, у якім апынулася беларускамоўная грамадзянская супольнасьць, якая сёньня выштурхнутая па-за межы праўнага канстытуцыйнага поля й такім чынам пазбаўленая элемэнтарных грамадзянскіх правоў і свабодаў.
У тым ліку – права на гарантаваную Асноўным Законам праваахову й бясплатную сярэднюю адукацыю дзяцей на роднай мове.
Карэспандэнтка Радыё Свабоды Аляксандра Дынько сустрэлася з сям’ёй Лапіцкіх у Жодзіне. У размове прынялі ўдзел Аляксей Лапіцкі, Сьвятлана Лапіцкая ды іхны малодшы сын, Янка.
Размаўлялі пра мову, пра тыя ўмовы, у якіх прыходзіцца гадавацца беларускамоўным дзецям у Беларусі, атрымліваць “гарантаваную Канстытуцыяй” сярэднюю адукацыю ў Жодзіне.
Дзіўна й фантастычна несправядліва (для любой цывілізаванай супольнасьці), нават незразумела адразу, як гэтак можа быць у сапраўднасьці …. Але тут, у Беларусі, з дэкляраваным статусам дзяржаўнай беларускай мовы й фактычна сілаю “працягнутым” праз непрызнаны сусьветнай супольнасьцю нелегітымны рэфэрэндум двухмоўем – беларуская мова аказалася пасьля гэтага, як і чакалася, “пад лавай”. А беларускамоўным беларусам, ды іхным дзецям, на кожным кроку сёньня прыходзіцца адстойваць сваё права “людзьмі звацца” ўва ўласнай краіне.
І гэта – цэнтар цывілізаванай і культурнай Эўропы!
XXI стагодзьдзе. І гэта – у часе фактычна няспыннага (пасьля атрыманьня незалежнасьці) кіраваньня краінаю з боку прадстаўнікоў постсавецкай, камсамольска-камуністычнай эліты, той намэнклятуры, што заўсёды “трубіла” з высокіх “аднапартыйных трыбунаў” пра неабходнасьць аховы й разьвіцьця нацыянальнай культуры, роднай мовы, захаваньня традыцыяў беларускага народу!?
Жыцьцё яскрава паказала й на кожным кроку паказвае – чаго ж насамрэч вартыя гэтыя партнамэнклятурныя “гульні ў любоў да народу”, бадзёрыя заявы ды й захапляючыя дух публічныя “абяцанкі” з боку “адзінаправільных правадыроў”! Тая практыка, якая доўгі час існуе ў краіне – абвяргае любы “красамоўны цынізм” ды ўсе ілжывыя аргумэнты, яна сьведчыць – зусім аб адваротным. Аніякага двухмоўя й роўнасьці ўмоваў – не існуе. Існуе практыка моўнай дыскрымінацыі, перасьледу й дэбеларусызацыі ў краіне. Пры гэтым, усе дзяржаўныя праваахоўна-судовыя структуры ў краіне – зкарумпаваныя, падпарадкаваныя вэртыкалі ўлады й служаць мэханізмам адміністрацыйна-каманднага, ідэалягічнага й паліцэйскага дыктату.
І тут, як раз, дарэчным будзе ўзгадаць і ніколі больш ужо не забывацца на біблейскае выказваньне: “Ды па справах ягоных – разпазнаеш яго.”
*
ДАДАТАК – ТУТ: Пра дзяцей і пра будучыню. Сям’я Лапіцкіх з Жодзіна (3,1 Мb, 13 хвілінаў – АЎДЫЁЗАПІС ПРАГРАМЫ РАДЫЁ СВАБОДА)
*
*
Некалькі красамоўных фотафактаў аб тым, у якіх умовах адбывалася змаганьне за адукацыю на роднай мове ў Жодзіне …

Артыкул у "Народнай Волі" , 14 кастрычніку 2004г. Янка Лапіцкі з падручнікамі перад вяртаньнем у 4 клясу Жодзінскай Гімназыі. Перамога! А далей адбыліся напады на кватэру ...
Паводле Радыё Свабода,
Падрыхтаваў Алесь Вольны,
Licviny-INFA
Фота: Аляксея Лапіцкага
Цэтлікі: адукацыя па-беларуску, грамадзянскія правы й свабоды, дыскрымінацыя па нацыянальнай і моўнай прыкмеце, палітычныя рэпрэсіі