2012 02/09
///

Уладзімер Целяпун, Мазыр

Суду Мазырскага раёну спатрэбіліся тры паседжаньні (14-га, 27-га і 29 жніўня) для разгляду скаргі праваабаронцы Уладзіміра Целепуна на рашэньне Мазырскага райвыканкаму, якое ўстанаўлівае парадак арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе. (далей – правапіс першакрыніцы)

Нагадаем, што не атрымаўшы магчымасці правесці масавыя мерапрыемствы ў знак салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі ў 2011-2012 гадах, У. Целяпун звярнуўся са скаргай ў суд Мазырскага раёна. Мэтай скаргі стала патрабаванне вызначэння законнасці, адмена альбо ўнясенне змяненняў у рашэнне Мазырскага райвыканкама №1202 ад 12.10.2011 г. (15.09.2011г. – дата прыняцця рашэння, гэтая дата пазначаецца ў дакументах райвыканкама і пракуратуры; 12.10.2011г. – дата рэгістрацыі рашэння як нарматыўнага прававога акта, пазначана ў рашэнні суда).

Сваім рашэннем выканкам пастаяннымі месцамі правядзення масавых мерапрыемстваў вызначыў стадыёны “Спартак” і “Палессе”. Аднак гэтыя месцы не адпавядаюць вызначэнням такіх відаў масавых мерапрыемстваў, як “пікетаванне”, “вулічнае шэсце”, “дэманстрацыя”, прыведзеным у Законе “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Таксама Уладзімір Целяпун прасіў суд даць судовую ацэнку дзеянням Гомельскага аблвыканкама, Мазырскага райвыканкама, Мазырскага РАУС, УЗ “Мазырская цэнтральная паліклініка” на адпаведнасць патрабаванням Дырэктывы №2 “Аб мерах па далейшай дэбюрактатызацыі дзяржаўнага апарата”.

Патрабаванне заключаць дамовы з названымі арганізацыямі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў на практыцы аказалася немагчымым.

– Гэта ўсё прыводзіла да адмовы грамадскім актывістам уладамі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. Так, на практыцы немагчыма рэалізаць правы і свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. За рэалізацыю гэтых правоў і свабодаў простым грамадзянам неабходна, акрамя ўжо выплачаных падаткаў (за кошт чаго і ўтрымліваюцца гэтыя дзяржаўныя структуры), аплаціць яшчэ іх паслугі пры правядзенні масавага мерапрыемства. Дзяржаўныя чыноўнікі, калі ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, ад гэтага абразлівага дадатковага падатка вызвалены законам і гэтым жа рашэннем,- адзначыў Уладзімір Целяпун.

З паказанняў сведкі, запрошанага ў суд, вынікала, што Мазырскі РАУС не можа заключаць дамовы з фізічнымі асобамі на падставе метадычных указанняў для службовага карыстання. Намеснік начальніка РАУС М.Цімашэнка не змог адказаць на пытанне прадстаўніка райвыканкама А.Гарбунова аб прычынах немагчымасці РАУС заключыць дамову з У. Целяпуном. Урэшце М.Цімашэнка сказаў, што гэта магчыма толькі пасля атрымання дазволу райвыканкама з пазначэннем даты, часу і месца правядзення масавага мерапрыемства.

– Каб падаць заяву ў райвыканкам, павінна быць прыкладзена дамова. Каб заключыць дамову з РАУС, трэба прадаставіць ім дазвол райвыканкама,- каментуе праваабаронца.
Другі сведка, намеснік галоўнага ўрача П.Галавенька, пачаў з таго, што заключэнне дамовы магчыма за дзень да даты масавага мерапрыемства, потым пад настойлівымі пытаннямі А. Гарбунова і У. Целяпуна згадзіўся спачатку, што такая магчымасць можа быць здзейснена і за тыдзень, і за 20 дзён. Але пры гэтым ён дадаў, што для гэтага ў ЦГП павінна быць адпаведная ліцэнзія.

Фелікс Галюк, намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама, здолеў прыйсці ў суд толькі 29 жніўня. З яго апытання і пачалося паседжанне суду.

– Ён некуды спяшаўся. Марнаваць час у судзе на абмеркаванне пытання забяспячэння правоў грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй краіны, у мясцовага вертыкальшчыка не было жадання. Цікавым з яго выступу было тое, што ён зачытаў тлумачэнні да рашэння №1202, з якіх вынікала, што на стадыёнах “Спартак” і “Палессе” магчыма праводзіць толькі “сходы”, “мітынгі” і “пікетаванне”. “Вулічнае шэсце”, “дэманстрацыя” дазваляліся ў любых, прыгодных месцах Мазыра, за выключэннем забароненых, – распавёў Уладзімір Целяпун.

Змест тлумачэнняў да рашэння №1202 павінен быў быць аформлены асобным рашэннем райвыканкама і даведзены публічна да ўсіх зацікаўленых арганізацыяў і грамадзян. Дзе, калі і якім чынам гэта было зроблена, праваабаронца так і не пачуў ад намасніка старшыні Мазырскага райвыканкама. З дакументаў, прадстаўленых у суд, вынікала, што рашэнне Мазырскага райвыканкама №1202 было прынятае “шляхам апытання”. Каго апытвалі, якім чынам, згодна з якім нарматыўнага-прававым дукументам – Ф. Галюк адказаць не змог.

У праваабаронцы Целяпуна, калі ён пачаў пытацца ў супрацоўнікаў райвыканкама пра Закон “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і аб яго выкарыстанні пры распрацоўцы рашэння, склалася ўражанне, што яны ўпершыню чуюць пра яго.

– Тым больш, распрацоўшчыкі праекта рашэння №1202 (калі ўвогуле такія былі!) не карысталіся ў сваёй працы адпаведным (абавязковым) прававым арыенцірам: Часовымі метадычнымі правіламі падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджанымі загадам дырэктара нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь 31 студзеня 2000 г. №3., – адзначае Уладзімір Целяпун. -Увогуле, павінен быў праведзены аналіз і вывучэнне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, міжнародных дамоваў і замежнага вопыту прававога рэгулявання ў гэтай сферы, ацаніць эфэктыўнасць заканадаўства пры распрацоўцы праекта рашэння. Суд таксама не надаў гэтым фактам належнай увагі, – заўважыў праваабаронца.

Уладзімір Целяпун нагадаў пра магчымыя палітычныя і эканамічныя наступствы дзеяння падобных рашэнняў мясцовых уладаў, па якіх немагчыма скарыстацца гарантаванымі Канстытуцыяй краіны правамі і свабодамі. Адмова ў правядзенні мірных масавых мерапрыемстваў з мэтай публічнага выказвання свайго меркавання, немагчымасць законна дабіцца абароны сваіх парушаных правоў з боку судовай сістэмы вымушае арганізатараў скарыстацца арт. 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і звяртацца ў міжнародныя структуры.

-Для грамадзян Беларусі пакуль такой магчымасцю з’яўляецца зварот у Камітэт па правах чалавека ААН. Атрымліваецца, што забараняючы і адмаўлячы ў праве правядзення мірных масавых мерапрыемстваў, мясцовыя чыноўнікі і суддзі дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да палітычных і эканамічных наступстваў для нашай краіны, – пракаментаваў Уладзімір Целяпун.

Скарга праваабаронцы засталася без задавальнення. Пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння суда Уладзімір Целяпун будзе абскарджваць яго.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>