2009 02/02
fidh

fidh

АДКРЫТЫ ЛІСТ да намесьніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальлі Пяткевіч, Міністра замежных справаў Сяргея Мартынава і Міністра юстыцыі Віктара Галаванава

FIDH выказвае занепакоенасьць адносна апошіх падзеяў, зьвязаных з прызывам ў войска палітычных і грамадзкіх актывістаў, нягледзячы на раней прынятыя заключэньні аб непрыдатнасьці іх да службы ў войску. На думку FIDH, гэтыя дзеяньні наўпрост зьвязаныя зь іх актыўнай пазыцыяй і іх перасьледам у мінулым.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад Праваабарончага цэнтра “Вясна”, сябры партыі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка, Віталь Каратыш і Алесь Каліта былі “прызваныя ў войска па ініцыятыве спэцслужбаў”. Акрамя гэтага, зьдзяйсьняліся спробы прызыву актывістаў “Маладога Фронту” Зьміцера Хведарука і Павала Кур’яновіча, моладзевых актывістаў Фёдара Чаранкова, Павала Батуева, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, актывіста Ўладзімера Сяргеева, а таксама студэнтаў, якія навучаюцца па “Праграме Каліноўскага”, і студэнтаў Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў Вільні.

FIDH выказвае асаблівую занепакоенасьць лёсам лідара незарэгістраванай арганізацыі “Моладзь БНФ” (моладзевага крыла партыі Беларускага народнага фронту) Франака Вячоркі і намесьніка старшыні салігорскай філіі моладзевага руху “Малады фронт” Івана Шылы. У абодвух выпадках, маладыя людзі былі спачатку вымушаныя скончыць навучаньне. Беларускае заканадаўства дае права закончыць навучаньне перад пачаткам абавязковай вайсковай службы. І, у абодвух выпадках, яны былі спачатку прызнаныя непрыдатнымі да службы ў войску паводле мэдычных паказаньняў, але іх справы былі перагледжаныя шляхам прадузятага мэдычнага агляду, вынікам чаго стала прызнаньне іх прыдатнымі да абавязковай службы ў войску.

16 студзеня 2009 году Франака Вячорку гвалтоўна даставілі ў вайсковы камісарыят людзі ў цывільным, якія пры затрыманьні не прадставіліся, зьбілі і адзелі на яго наручнікі. Пасьля гэтага, прызыўная камісыя прызнала яго прыдатным да службы ў войску. Яму ўручылі пастанаўленьне аб прызыве на 26 студзеня. Франак Вячорка абскардзіў гэтыя дзеяньні і яго скарга пакуль яшчэ не разгледжаная судом. 18 лютага 2008 году Франак Вячорка быў выключаны з унівэрсытэту (ён быў студэнтам-выдатнікам трэцяга курсу факультэту журналістыкі), бо ён нібыта не здаў два іспыты за месяц да гэтага. Учас гэтых іспытаў ён адбываў адміністратыўнае пакараньне ў выглядзе арышту на 15 сутак. 16 студзеня 2008 году учас судовага працэсу над іншым моладзевым актывістам яго арыштавалі па абвінавачаны ў выкарыстаньні брыдкаслоўя ў памяшканьні РУУС. 28 чэрвеня яго імя было ўнесена ў сьпіс асобаў, якім забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь. У ліпені і верасьні 2008 году Франак Вячорка быў прызнаны непрыдатным да службы ў войску у сувязі з двума хранічнымі захворваньнямі. Напрыканцы верасьня 2008 году абласная мэдычная камісыя накіравала яго ў вайсковы шпіталь №432 для новага мэдычнага агляду. Учас знаходжаньня ў шпіталі яму некалькі разоў адмаўлялі ў азнаямленьні з уласнай мэдычнай картай.

Іван Шыла быў арыштаваны каля свайго дому 12 студзеня 2009 году і дастаўлены ў вайсковы камісарыят, дзе мэдычная камісыя прызнала яго прыдатным да службы ў войску. У лістападзе 2008 году Іван Шыла быў прызнаны непрыдатным да службы ў войску. У 2007 годзе Іван Шыла быў абвінавачаны ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. У чэрвені 2008 году з прычыны яго “актыўнай грамадзянскай дзейнасьці” яго выключылі зь сярэдняй школы за дзень да выпускных іспытаў. У сваёй заяве ад 19 сьнежня 2009 году ён зноў паўтарыў свой заклік да ўладаў дазволіць паважаць яго права на атрыманьне адукацыі і даць яму магчымасьць здаць апошні іспыт і скончыць сярэднюю школу ў гэтым годзе.

FIDH лічыць, што ў абодвух выпадках было парушанае права моладзевых актывістаў на атрыманьне адукацыі. FIDH заклікае беларускія ўлады паважаць права на атрыманьне адукацыі усіх сваіх грамадзянаў, незалежна ад іх палітычнай ці грамадзкай дзейнасьці; забясьпечыць непрадузятае і незалежнае мэдычнае дасьледаваньне ўсіх асобаў, якія мусяць быць прызваныя на абавязковую службу ў войску; неадкладна спыніць усе формы перасьледу актывістаў моладзевых арганізацыяў.

З павагай,
прэзыдэнт FIDH
Сухаір Бэлхасэн

http://www.spring96.org/be/news/26946/

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>